Воранава запрашае на IV абласны адкрыты фестываль гульнi “Карнавал весялосцi”!

Актуально 07 сентября 12 1319

Свята адбудзецца 15 верасня 2012 года ў г.п. Воранава.


Ужо стала добрай традыцыяй на воранаўскай зямлі раз у два гады праводзіць гэтае свята. Мерапрыемства выклікае ў душах людзей самыя добрыя і шчырыя пачуцці. І ўсё гэта — цераз гульню! Гарэзлівую, поўную непасрэднасці, шчырасці і цёплага гумару. Асноўная мэта свята — адраджэнне нацыянальных культурных традыцый, стварэнне, з улікам нашага часу, уласных вясёлых, яркіх і індывідуальных гульнёвых праграм. На кожным фестывалі адкрываюцца новыя зоркі сярод майстроў добрага настрою, новыя імёны і калектывы.

Распачнецца свята ў  10.00 на вуліцы Юбілейнай гарадскога пасёлка з карнавальнага шэсця раставых лялек, карнавальных масак і ўдзельнікаў конкурсу культарганізатараў вобласці. Жадаючыя змогуць заказаць свой партрэт у шаржыстаў, якія прадэманструюць свой талент.

Займальна і весела госці фестывалю адпачнуць на разнастайных пляцоўках, якія размесцяцца ў цэнтральнай частцы Воранава. Цікава будзе ў гарадскім парку, дзе можна будзе сустрэцца з казачнымі персанажамі. Даспадобы прыйдуцца конкурсы на лепшую малую скульптурную форму “Лялечны вернісаж” і лепшае сельскагаспадарчае падвор’е ў стылі беларускіх баек і казак, дзе будзе прадстаўлена нацыянальная кухня.

Жыхарам і гасцям Воранава будзе прадстаўлена канцэртная праграма з удзелам зоркі беларускай эстрады і тэлевядучай Вольгі Плотнікавай, выканаўцы шансона Сяргея Славянскага і калектыву “Эйшышчане” з суседняй Літоўскай Рэспублікі. На летняй эстрадзе ў гарадскім парку аматары фальклора дакрануцца да творчасці народных аматарскіх калектываў са Слоніма, Шчучына, Ваўкавыска і Радуні. А тых, хто любіць беларускі гумар, запрашаем на конкурс размаўляльнага жанру “Весяліцца — не журыцца”. Дарэчы, на свята пазмагацца з мясцовымі жартаўнікамі прыедуць каманды з Брэсцкай вобласці і Мінска.

Свае работы на фестывалі прадставяць Дамы рамёстваў Гродзенскай вобласці, а таксама ўмельцы народнай творчасці і мастакі.

Запланаваны конкурс-выстава кветкавых пано і кампазіцый з прыроднага матэрыялу. А яшчэ на свяце вас чакаюць спартыўныя спаборніцтвы па міні-футболу сярод аматарскіх каманд і суперкубак раёна сярод лепшых жаночых каманд па футболу.

Таксама для адпачываючых будзе арганізаваны шырокі гандль прамысловымі і харчовымі таварамі, а для дзяцей — атракцыёны.

Завяршальным акордам свята стане феерверк. А тых, хто не стоміцца за дзень, запрашаем на дыскатэку “Святочныя рытмы” ў раённы Дом культуры.

Чакаем у госці!
Не пашкадуеце!

Добавление комментария
CAPTCHA
*