Сузор’е беларускіх і польскіх талентаў

Актуально 23 октября 13 1273

Як ніколі раней, усцешыўся канцэртам, што наладзілі 19 кастрычніка ў Радуні мясцовыя артысты-аматары і фальклорны ансамбль “Смардзевяне” з мястэчка Смардзевіцы гміны Тамашоў Мазавецкі Рэспублікі Польшча. Вось ужо тры гады самае цеснае сяброўства звязвае гэты польскі ансабль з  ансамблем “Радунскія словікі” з гімназіі, удзельнікі якога штогод бываюць там з канцэртамі, прымаюць удзел у розных міжнародных фестывалях або проста гасцююць у сем’ях. Людзі там надзвычай шчырыя і добрыя, шмат імі зроблена падарункаў як для Радунскай гімназіі (дамашні кінатэатр), так і юных радунскіх танцораў-“словікаў” (сцэнічныя касцюмы). У сваю чаргу, і польскія дзеці — чаканыя госці ў радунцаў. Ансамбль “Смардзевяне”, дарэчы, існуе пры пажарнай службе ўжо амаль 50 год. Гэта быў яго першы творчы візіт у Радунь, які надоўга запомніцца гледачам. Бо ўжо з першымі акордамі прывітальнай песні стала зразумела, што на сцэне самабытны, высокапрафесійны калектыў, з багатым песенным народным рэпертуарам. Усім удзельнікам ансамбля ўласцівы прыгожыя галасы і строі, пачуццё гумару, уменне натуральна трымаць сябе на сцэне. Бадзёрыя, усмешлівыя, рухавыя, жартаўлівыя, улюбёныя ў мастацтва, польскія артысты паказалі, як трэба зберагаць і паважаць народную культуру. Не дзіўна, што за такое майстэрства і адданасць сцэне гледачы кожную выкананую імі песню суправаджалі шквальнымі апладысментамі і падзячнымі “брава!”.

Парадаваліся душа і сэрца і за нашых слаўных “Радунскіх словікаў”. Першы танец “Овчарэчэк” як раз быў пастаўлены па польскіх матывах і выкананы ў касцюмах, якія падарылі юным танцорам у Смардзевіцах. Потым былі беларуская полька дробна, радунская полька... А калі зайграла і заспявала музычная капэла ансамбля, то ўтрымацца не было ўжо моцы, і многія ў зале пусціліся ў скокі.


— Вялікае дзякуй за запрашэнне, вельмі цудоўны адбыўся вечар, — не хавала сваіх пачуццяў Консул Рэспублікі Польшча ў Гродне пані Тэрэса Хрушч. — Канцэрт — сапраўдны вулкан энергіі, я ў захапленіі ад касцюмаў, харэаграфіі, галасоў. Кожная сустрэча з творчымі калектывамі — гэта свята, можаце заўсёды разлічваць на цеснае супрацоўніцтва з нашым Консульствам.


Сардэчна падзякавалі артыстам за канцэрт і ўручылі ім памятныя сувеніры начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Ганевіч, выконваючы абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Лілія Каланас, пробашч Радунскай парафіі, ксёндз Вітольд Лазавецкі.

А завяршаючым акордам гэтага прыгожага свята была папулярная ў беларусаў і палякаў народная песня “Гэй, саколы”, якую праспявалі артысты і ўсе гледачы. Спявалі і верылі, што наступная сустрэча з польскімі сябрамі будзе такой жа цёплай і шчырай!

Вікенцій ПАДГАЙСКІ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*