Наладжваюцца масты сяброўства

Актуально 18 июля 14 1423
Праграма Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства “Латвія - Літва - Беларусь” працягвае лепшыя традыцыі трансгранічнага супрацоўніцтва паміж трыма краінамі ўжо многа год. За гэты час быў рэалізаваны не адзін праект, адбылося шмат сяброўскіх сустрэч і рабочых нарад паміж прадстаўнікамі трох краін. Гэтае супрацоўніцтва выгаднае для краін-удзельніц не толькі ў фінансавым плане, але і ў матэрыяльна-духоўным, інтэлектуальным. Яно, між іншым, наладжвае масты сяброўства.
Сёння трансгранічнае супрацоўніцтва — гэта перспектыўны, сучасны падыход да працы ў розных галінах жыццядзейнасці, а асабліва ў культуры. Так лічаць супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гро-дзенскага аблвыканкама, таму і надаюць яму вялікую ўвагу. Нават вырашылі прысвяціць гэтай тэме абласны семінар для дырэктараў раённых метадычных цэнтраў народнай творчасці і Дамоў культуры. Месцам правядзення быў абраны Воранаўскі раён. Калі вы, паважаныя чытачы, памятаеце, то ў мінулым годзе ў нас паспяхова быў рэалізаваны сумесны праект з адміністрацыяй Алітускага раёна Літоўскай Рэспублікі “Скрыжаванні кахання і мастацтва”, у якім прынялі ўдзел мастакі, паэты і самадзейныя акцёры дзвюх краін. Прайшоў ён на належным узроўні, таму каму як ні арганізатарам з беларускага боку (аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама) было расказаць аб падыходах да эфектыўнай арганізацыі  і падрыхтоўкі праекта, а таксама аб пытаннях і пра-блемах, якія могуць узнікнуць.


Семінар распачаўся з прагляду выставы карцін удзельнікаў пленэра, які праходзіў у рамках узгаданага праекта, фотавыставы. Прывітальныя словы гасцям адрасаваў старшыня райвыканкама М.А. Розум. Выступілі перад прысутнымі І.Дз. Дземянчук — дырэктар ДУК “Гродзенскі АМЦНТ” і А.В. Клімовіч — начальнік упраўлення мастацтва, культурна-асветных устаноў, народнай творчасці і навучальных устаноў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама. Аб трансгранічным супрацоўніцтве ва ўстановах культуры вобласці рассказала Г.А. Багдзевіч — начальнік планава-эканамічнага аддзела ўпраўлення. Галіна Альфонсаўна больш падрабязна пазнаёміла прысутных з парадкам падрыхтоўкі дакументаў праектаў. А вось А.М. Ястрэмская падзялілася сваёй практыкай удзелу ў праекце трансгранічнага супрацоўніцтва. Алена Мар’янаўна растлумачыла, якія могуць быць памылкі і як іх пазбегнуць. Затым расказала, як крок за крокам праходзіў праект, хто ў ім удзельнічаў і што з гэтага атрымалася. Яскравым пацверджаннем яе слоў стаў прадэманстраваны фільм, зняты падчас правядзення мерапрыемстваў праекта “Скрыжаванні кахання і мастацтва”.

Праграма двухдзённага семінара была вельмі насычанай. Госці наведалі аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны “Сядзібны дом, пачатак ХХ стагоддзя” ў аг. Больцінікі. Разам з Адамам Міцкевічам і Марыляй Верашчакай прайшліся па гайку, прыселі на камень кахання, а таксама паслухалі вершы паэта. Усё гэта стала магчымым дзякуючы ўрыўкам тэатралізаванага прадстаўлення, падрыхтаванага супрацоўнікамі Больцініцкага СДК. Пабывалі ў касцёле Святога Георгія в. Асава, дзе былі зачараваны гукамі старадаўняга аргана. Хлебасольнай была сустрэча і ў Пагародна. Супрацоўнікі сельскага цэнтра вольнага часу і народнай творчасці паказалі ўдзельнікам семінара, як яны выяўляюць і зберагаюць этнакультурныя і эстэтычныя каштоўнасці свайго рэгіёна і як іх папулярызуюць. Жывым носьбітам традыцый тут з’яўляецца фальклорны калектыў “Спадчына”, мастацкі кіраўнік якога — таленавітая і самаадданая С. Салмановіч. Удзельніцам гэтага калектыву ўжо даўно за…, але, нягледзячы на гады, яны ткуць, спяваюць і байкі баюць. Аб стварэнні ўмоў для захавання этнакультурных традыцый літоўцаў і сумесным супрацоўніцтве ўстаноў культуры і адукцыі ў Воранаўскім раёне расказаў падчас экскурсіі па Пяляскай сярэдняй школе з навучаннем на літоўскай мове яе дырэктар І.С. Мацюлевіч. Стан дзейнасці ўстаноў культуры ў аграгарадках госці змаглі ацаніць падчас наведвання Больцішскага СДК, дзе іх гасцінна сустракалі з песнямі мясцовыя жыхаркі. А свой музычны падарунак адрасавалі аматарскія калектывы і выканаўцы клубных устаноў раёна. Пабывалі госці і ў аграсядзібе “Ё-маё”.



Але на гэтым знаходжанне на воранаўскай зямлі не скончылася. На другі дзень удзельнікаў семінара сабраў гарадскі цэнтр культуры і вольнага часу. Тут прайшоў круглы стол, на якім падвялі вынікі работы, абмяняліся вопытам і вырашылі паўсядзённыя праблемы і пытанні. Семінар, па словах удзельнікаў, прайшоў на высокім узроўні і вельмі плённа.

На семінары пабывала Наталля ІВУЦЬ.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*