На радасць людзям тут “Суседачкі” спяваюць

Знай наших! 11 октября 13 1441

Калі настаўнікі музычнага філіяла працуюць з дзецьмі, то на творчую долю работнікаў Забалацкага сельскага Дома культуры выпала самая разнастайная дзейнасць з усімі катэгорыямі насельніцтва. І трэба сказаць, што дырэктар Валянціна Русялевіч, мастацкі кіраўнік Леанід Кукліс і акампаніятар Юрый Ганевіч годна спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Без іх, а таксама амаль 70 аматараў мастацкай творчасці, не абыходзіцца ні адно свята як у самой Забалаці, так і ў навакольных вёсках. З задавальненнем прывячаюць забалацкіх артыстаў і на раённых мерапрыемствах. Развіць свой творчы патэнцыял дзеці могуць у гуртках мастацкага чытання і сольных эстрадных спеваў “Шлях зорак”. Для дарослых працуюць вакальная група “Рабінушка”, фальклорны гурт “Суседачкі”, спраўна функцыянуюць клуб па інтарэсах “Гаспадынька”, канцэртная брыгада “Пяюць беларусы”. Многа жадаючых у гуртках дэкламатараў і салістаў. Асабліва запамінальнымі ў гэтым годзе выдаліся такія мерапрыемствы, як “Масленіца”, “Велікодныя забавы”,“Купалле”, свята вёскі Дварчаны, канцэрты падчас жніва, для пажылых людзей. Акрамя творчых здольнасцей, работнікам клуба ўласцівы і гаспадарскі падыход да сваёй справы. У прыватнасці, яны асабістымі сіламі ўзяліся за рамонт памяшкання клуба, і першачарговая задача —  падшыць сайдынгам столь, потым — прывесці ў належны стан ганак. Нягледзячы на розныя праблемы, паспяхова спраўляюцца работнікі ўстановы культуры і з выкананнем платных паслуг.

Свой уклад у арганізацыю цікавага культурнага жыцця ў Забалаці ўносіць і інтэграваная біблятэка аграгарадка  начале з Нінай Чурсінавай. Да кнігі і ўвогуле да культуры чытання тут далучаецца каля 300 дзяцей і 400 дарослых.

Са святам вас, захавальнікі, прапагандысты і носьбіты культуры!

Вікенцій ЯКОВІЧ.

На здымках: канцэртная брыгада на жніве;

спяваюць “Суседачкі”.

Фота Яўгена Комара і з архіва Забалацкага СДК.

Добавление комментария
CAPTCHA
*