Паэтычны букет Уладзiмiра Руля

Знай наших! 29 октября 13 2277

26 кастрычніка ў зале Воранаўскай дзіцячай школы мастацтва сабраліся аматары літаратурнага слова на творчы вечар паэта, празаіка, краязнаўцы, нашага земляка з Начы Уладзіміра Руля. Павіншаваць пісьменніка з 60-годдзем прыехалі і калегі па паэтычнаму цэху — старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Людміла Кебіч, намеснік старшыні Браніслаў Ермашкевіч, бард Анатоль Апанасевіч. Госці свята дакрануліся да таямніц паэтычных радкоў юбіляра.

Мне ў жыцці гэтым многае трэба:

Моцны поціск сяброўскай рукі,

Луста цёплага жытняга хлеба,

Спеў птушыны ля нашай ракі…

Гэтымі пранікнёнымі радкамі-споведдзю Уладзіміра Руля адкрыла творчы вечар Ірына Камінская і распавяла гледачам пра асноўныя моманты жыццёвага і творчага шляху пісьменніка-юбіляра. З вершамі, прысвечанымі нашым славутым землякам: Хафіцу Хаіму, Нарбутам, Францішку Багушэвічу і Сяргею Абламейку, пазнаёмілі дзяўчынкі і хлопчыкі з Радунскай гімназіі, Нацкай, Доцішскай і Воранаўскай школ. Вершаваную казку для дзяцей “Як Зай пахваліўся сабой” прадставілі вучні Забалацкага навучальна-педагагічнага комплексу.


Цёплыя і ад душы пажаданні творчага плёну і натхнення Уладзіміру Валяр’янавічу адрасавалі даўнія сябры, жонка Ніна Іосіфаўна. Калегі па пяру падаравалі яму свае вершы-віншаванні. Людміла Кебіч па даручэнні старшыні “Саюза пісьменнікаў Беларусі” Мікалая Чаргінца ўручыла паэту Грамату за шматгадовую літаратурна-творчую і грамадска-культурную дзейнасць.

— Творчасць мяне сапраўды захапіла, ёю жыву. Зараз працую над паэмай “Гісторыя Радуні ў вершы”. Што датычыць планаў, мяркую выдаць дзесяць кніг, прыкладаю намаганні, каб мае творы былі перакладзены на польскую, літоўскую, англійскую мовы і іўрыт, — падзяліўся творчымі задумкамі юбіляр і паабяцаў падараваць свой зборнік вершаў “На зорных шалях вечнасці” вучням — выканаўцам яго твораў.


Затым паліліся песні, напісаныя нашымі таленавітымі музыкантамі на словы Уладзіміра Руля. У выкананні Леаніда Кукліса, Святланы Комар, Аляксандра Мацюка, гурта “ЭЙРЭНЭ”, Вячаслава Мацкевіча, Аляксандра Кукіна, Мікалая Шманка, Марыны Сцефановіч і Аляксея Мызянкова лірычныя творы, пра каханне, бацькоўскі дом, і патрыятычныя, пра Айчыну, подзвіг воінаў, на беларускай і рускай мовах краналі сэрцы гледачоў і пранікалі ў душу.

Мерапрыемства стала сапраўдным святам творчасці і адметнай падзеяй у культурным жыцці раёна. Здароўя Вам, Уладзімір Валяр’янавіч, новых вершаў і творчых задум!

Марына КАНДРАТОВІЧ.

На здымках: Л. Кебіч уручае Грамату Ул. Рулю; выступаюць вучні Забалацкага НПК; спяваюць А. Кукін, М. Шманок і В. Мацкевіч.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*