Словам шчырасцi i дабра

Страницы истории 30 апреля 15 2597
6 мая пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, Уладзімір Ліпскі адзначае свой юбілей — 75-годдзе. Усё сваё свядомае жыццё ён прысвяціў дзецям: 37 гадоў узначальвае часопіс “Вясёлка”, а год назад стварыў для дашкольнікаў часопіс, чытанку-маляванку “Буся”. Гэтыя выданні 15-тысячным тыражом прыхо-дзяць у кожны раён.

Уладзімір Ліпскі вядомы не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Яго мастацка-дакументальныя аповесці, эсэ, нарысы і апавяданні, кнігі для дзяцей  перакладзены на рускую, украінскую, літоўскую, нямецкую мовы. Творчасць гэтага мастака слова ўключана ў вучэбныя праграмы школ, педагагічных вучылішчаў і каледжаў, вывучаецца на філалагічных факультэтах ВНУ. Як старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў ён клапоціцца пра лёс дзяцей-сірот, чарнобыльцаў. Яго кнігі “Падкідыш”, “Бацькі і дзеці”, “Мама. Малітва сына”, “Бацька. Лісты на неба” ўздымаюць глыбокія пытанні сямейнага выхавання, духоўнасці, вучаць уважліва і чула ставіцца да маленькіх сэрцаў, што прагнуць дабрыні і спагады. Нездарма пісьменнік Анатоль Кудравец пра кнігу Уладзіміра Ліпскага “Мама. Малітва сына” напісаў, што “адкрытасць, шчырасць пераводзяць кнігу-споведзь з абсягаў вельмі асабістых у абсягі грамадска-значныя, грамадска-неабходныя”.  “Яна вяртае нас у вечнае — туды, дзе праўда, чысціня, радасць”, — упэўнена і народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч.

Такія кнігі юбіляра, як “Я. Праўдзівы аповед пра твой і мой радавод”, “Янкаў вянок” (дзецям пра Янку Купалу), “Жыві сёння”, “Сонца над галавой”, “Вясёлка над Нёманам”, “Я тут жыву”, выводзяць аўтара на абсяг лепшых узораў сучаснай беларускай літаратуры.

Уладзімір Ліпскі — выдатны пісьменнік-дакументаліст. “Біяграфічны жанр ён засвойваў, працуючы над кнігамі “Крутыя вёрсты” (пра Героя Савецкага Саюза Зінаіду Тусналобаву-Марчанка), “Урокі Купрэвіча” (пра славутага беларускага акадэміка), “Невядомы” (пра Ігната Грынявіцкага), “Мужык” (пра Аляксея Скакуна)”, — адзначыў у сваёй рэцэнзіі пісьменнік, дырэктар выдавецкага дома “Звязда” Алесь Карлюкевіч.

Шмат казак напісаў Уладзімір Ліпскі для дзяцей “вясёлкаўскага” ўзросту. З яго рознымі па жанру творамі можна пазнаёміцца ў папулярных кнігах “Каралева белых прынцэс”, “Прыгоды Нуліка”, “Наша Маша”, “Вясёлая азбука”, “Антонік-Понік”, “Гостинец”, “Золотой домик”.

Пра Уладзіміра Ліпскага, яго стаўленне да дзяцей і дзіцячай літаратуры вельмі вобразна напісаў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін:

Скачыце, зайчыкі і ліскі,

З настроем будзьце, таты, мамы.

Няхай жыве Уладзімір Ліпскі —

Сярод дзяцей дарослы самы!

Уладзімір Ліпскі імкнецца сваёй творчасцю і грамадскай дзейнасцю сцвярджаць дабро, вучыць любіць сваю Радзіму і кожнага чалавека ў ёй, адчуваць радасць ад жыцця і літаратуры. Відаць, таму ён і стаў заснавальнікам найбуйнейшага ў Беларусі свята народнага гумару ў Аўцюках. Народны артыст Беларусі Генадзь Аўсяннікаў адзначыў: “Можна з радасцю засведчыць, што на Палессі нарадзілася новая, адмысловая традыцыя”.

Кандыдат філалагічных навук, літаратуразнавец Маргарыта Яфімава склала кнігу “Уладзімір Ліпскі: Не выжываю, а жыву!”. Супрацоўнік навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі” Ірына Буторына напісала пра яго кнігу “Свой у краіне дзяцінства”. А Гомельскае тэлебачанне ў серыі “Постаці” стварыла фільм пра свайго знакамітага земляка. Па вызначэнні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, імя Уладзіміра Ліпскага ўключана ў раздзел “Персаналіі”, у лік пісьменнікаў, творчасць якіх складае гісторыю беларускай літаратуры ХХ стагоддзя.

Вядомы беларускі мастак, аўтар славутага цыкла “Мадонны” Аляксей Кузьміч пісаў: “Талент Уладзіміра Ліпскага шматгранны. Яго сонечнай энергіі хапае на ўсё. Скажу больш: ягонае жыццё напоўнена залатым і радасным святлом. Уладзімір Ліпскі тонка разумее прыгажосць, адчувае гармонію і бязмежна любіць жыццё. Няхай жа і далей яго талент адухаўляе людзей, увесь свет”.

Сапраўды, няхай гэта будзе пажаданнем юбіляру — выдатнаму пісьменніку Уладзіміру Сцяпанавічу Ліпскаму. Няхай яго слова шчырасці і дабра жыве ў сэрцах дзяцей і дарослых!

Ад імя рэдкалегіі і рэдакцыі часопісаў

“Вясёлка” і “Буся” —

Маргарыта Прохар,

Раіса Баравікова.

Свае публікацыі, віншаванні, пажаданні, пытанні дасылайце на адрас юбіляра: 220073, Мінск, вул. Кальварыйская, 25, “Вясёлка”.

Тэл.: 8 (017) 200-92-61, 200-91-90, 200-81-92, 204-62-83.

Сайт “Вясёлкі”: www.veselka.by.

E-mail: vyaselka2011@yandex.by.

Асабісты сайт пісьменніка: www.lipskivs.by.
Добавление комментария
CAPTCHA
*