Ад рэчы — да лёсу: як філасофія жывога краязнаўства дапамагае Фаіне Войшніс адкрываць тайны Забалацкай зямлі

10 марта 26 508

“Мая мэта — перадаць дзецям пачуццё адказнасці за нашу спадчыну”, — адзначае кіраўнік па ваенна­патрыятычным выхаванні загадчыца этнаграфічнага музея “Спадчына” Забалацкай сярэдняй школы імя Я.Н.Карпянкова Воранаўскага раёна Фаіна Войшніс. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Шлях да “Спадчыны”

— Фаіна Стэфанаўна, па адукацыі вы настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Адкуль такая вялікая ціка­васць да гісторыі?

— Усё з дзяцінства. Выбачайце за шаблонную фразу, але гэта так. У мяне была цудоўная бабуля, якая пражыла 96 гадоў. Каля печы, за працай, яна бесперапынна расплятала ніткі часу, расказваючы пра даваеннае жыццё, пра першыя машыны, пра жахі вайны… Той свет, што існаваў ва ўспамінах, здаваўся таямнічым і важным. Яе словы нібыта малявалі жывыя карціны. На жаль, у тыя часы мала хто думаў пра сістэматычны збор інфармацыі, не было і такіх тэхнічных магчымасцей, як зараз. Таму шмат чаго страцілася, засталося толькі ў памяці. І паступова ўзнікла падсвядомае жаданне — зберагчы гэтую спадчыну і перадаць нашчадкам.

— І лёс прадаставіў вам такую магчымасць?

— Так. Я скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, прыехала ў 1982 го­дзе працаваць у Забалацкую школу. Праз некаторы час тут стварылі музей, а потым прапанавалі мне яго ўзначаліць. Падхапіла гэтую справу з задавальненнем і вялікай адказнасцю. Бо для мяне гэта быў шанс. Шанс зрабіць тое, чаго не хапіла ў дзяцінстве: не толькі слухаць, але і захоўваць. Мая малая ра­дзіма — вёска Пяроўцы, за 5 кіламетраў адсюль. І я пачала збіраць рэчы з бацькоўскай хаты, па суседзях, у сваякоў. Без перабольшання, каля трох чвэрцяў экспанатаў у музеі “Спадчына” сабраны мной альбо маімі вучнямі. І гэта не проста лічба. Гэта рэчы, з якімі звязана вельмі шмат: ручнікі, вышытыя маёй маці, саматканыя посцілкі. Вельмі задаволена, што атрымалася знайсці сапраўдны ткацкі станок. Спецыяльна падбіралі такога памеру, каб памясціўся ў пакоі. Зазначу, што на ім можна працаваць. Дзеці першыя азы ткац­тва асвойвалі.

Фаіна Войшніс з’яўляецца старшынёй ветэранскай арганізацыі Забалацкага сельсавета. Уваходзіць у склад абласнога метадычнага аб’яднання кіраўнікоў пошукава-даследчай дзейнасці. Член журы навукова-практычнай канферэнцыі “Купалаўская вышыня”.

— Як паўплываў на краязнаўчую дзейнасць той факт, што ваша ўстанова адукацыі ў 2004 годзе атрымала статус этнашколы?

— Такі статус у раёне мела толькі наша школа, і кожнае дзіця вучылася беларускім народным танцам, песням, гульням, а таксама ігры на музычных інструментах. Гэтая дзейнасць набыла сістэмны характар, а музей стаў яе каардынатарам. Мы вызначылі напрамкі работы: даследаванне гісторыі вуліц аграгарадка, пошук славутых землякоў, ваенна-патрыятычнае выхаванне. На кожным паверсе ўстановы з’явіліся выставы народных рамёстваў. Арганізоўвалі не толькі святы, але і паездкі, сустрэчы. У 2007 годзе была створана секцыя навуковага таварыства гісторыка-краязнаўчага кірунку, дзякуючы якой зроблена нямала адкрыццяў.

— Вам удалося адрадзіць шматлікія мясцовыя народныя святы. Што гэтаму спрыяла?

— У нас дзейнічаў гурток “Спадчына”. Мы не проста збіралі інфармацыю пра Каляды ці Грамніцы, а адраджалі іх! Было такое вялікае свята — “У гасцях у Яся і Яніны”. Кожны клас рыхтаваў пастаноўку аднаго з абрадаў: “Вяселле”, “Хрэсьбіны”, “Каляды”. Сцэнарыі пісалі самі, шылі касцюмы. І ўсё абавязкова на мясцовым матэрыяле, з тымі песнямі і звычаямі, пра якія пачулі ад сваіх бабуль. Дзеці былі неверагодна зацікаўлены! І ведаеце, што самае галоўнае? Праз 20—30 гадоў, на сустрэчах выпускнікоў, яны ўспамінаюць менавіта тыя пастаноўкі. Гэта і ёсць сапраўдная жывая спадчына, якая застаецца ў сэрцы.

Ад рэчы — да лёсу

— Для вас экспанаты — важныя сведкі падзей. Многія з іх становяцца асновай для захапляльных даследаванняў. У чым перавага такога падыходу?

 Наш галоўны прынцып просты і зразумелы кожнаму дзіцяці: “Ад рэчы — да лёсу”. Для нас прадмет — гэта зашыфраванае пасланне з мінулага. Вось прыклад, які я люблю расказ­ваць. Прынесла вучаніца ў школу звычайную лыжку: “Прадзед прывёз з вайны”. Пачалі высвятляць, дзе змагаўся ўладальнік, даведаліся падрабязнасці лёсу былога франтавіка. Аказалася, што ў Івана Лагуты былі тры браты, і ўсе яны ваявалі. Вырашылі адшукаць іх. Звярталіся да рассакрэчаных архіваў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, сямейных архіваў. Гэта была карпатлівая праца, у выніку якой мы даведаліся, дзе яны загінулі, дзе пахаваны. Наша даследчая работа “Дарогамі ваенных гадоў” заняла 3-е месца на рэспубліканскім конкурсе. Але галоўная ўзнагарода была іншая: калі мы расказалі родным усе падрабязнасці, яны плакалі. Менавіта ў такія хвіліны разумееш сапраўдную каштоў­насць сваёй дзейнасці.

Тая ж самая вучаніца прынесла ў музей і паддужны званочак. На ім надпіс: “Купи, денег не жалей, со мной ездить веселей. 1887”. І мы пачалі даследаванне. Аказалася, гэта спадчына пра­дзеда дзяўчыны Юзэфа Вянцкевіча, заможнага хутараніна з Лелянцаў. Ён купіў гэты званочак на кірмашы ў Вільні. І калі ехаў на кані ў царкву ці ў госці, уся ваколіца па гэтым звоне ведала: едзе гаспадар Вянцкевіч! Гісторыя аднаго прадмета расказала нам пра эканоміку, побыт, гандлёвыя шляхі нашай мясцовасці. Мы пра гэты званочак пісалі работу і зноў былі сярод прызёраў, нават дыплом Міністэрства адукацыі ІІ ступені атрымалі. А цяпер гэты экспанат — неад’емны атрыбут урачыстых лінеек.

Самыя каштоўныя для мяне экспанаты — маміны ручнікі і дываны, што яна ткала. Калі гляджу на іх, бачу рукі маёй матулі, адчуваю цяпло нашай хаты, водар хлеба. І я хачу, каб дзеці таксама ўбачылі гэтую моцную сувязь з мінулым. Каб яны маглі сказаць: “Гэта мая зямля, мае продкі. Іх гісторыя — мая гісторыя”.

На шляху да новых адкрыццяў

— Вы даследуеце гісторыю храмаў і калгасаў, цікавіцеся лёсамі простых людзей. Няўжо краязнаўства такі бясконцы лабірынт?

— Мы стараемся бачыць гісторыю поўнай. Напрыклад, у 2007 годзе разам з дзецьмі пісалі летапіс калгаса імя Леніна. Збіралі ўспаміны старажылаў. Вучні з такой радасцю прыносілі ў школу дакументы са сваіх хатніх архіваў! Старыя пашпарты, пасведчанні, фота — для іх гэта быў сапраўдны пошук скарбаў. Я ж мясцовая, мне ўсе людзі тут вельмі доб­ра знаёмыя. Таму ніякіх праблем у зборы інфармацыі няма. Часам гутаркі прыводзяць да нечаканых адкрыццяў. Як, напрыклад, з гісторыяй Івана Буцько, камуніста, грамадска-палітычнага дзеяча, які прымаў актыўны ўдзел у рэвалюцыйнай рабоце на тэрыторыі нашага і Шчучынскага раёнаў. Мы знайшлі яго ўнука ў Гродне, і ён паведаміў шмат новых фактаў пра свайго дзеда: як ён аказаўся ў турме ў 1934 го­дзе, як там катавалі зняволеных.

Каб падрыхтаваць матэрыял пра мясцовы касцёл, хадзілі ў архіў. Нам выдалі інвентарныя кнігі пачатку XIX стагоддзя! Там званы, посуд, абразы, тканіны — усё ўлічана. А нядаўна мы разам з настаўніцай гісторыі Ліліяй Мар’янскай выдалі зборнік “Тайны Заболотской земли”. Гэты зборнік стаў лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу ў 2025 годзе.

“Няхай жыве ў пластах гадоў той даўняй славы адгалосак!” — зборнік, які быў выдадзены ў 2019 годзе пад кіраўніцтвам Фаіны Войшніс. Тут сабраны апісанні абрадаў, экскурсіі па музеі (“Беларуская хатка”, “Матулін ручнік”), даследчыя работы вучняў. Зборнік атрымаў 1-е месца на рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і быў адзначаны дыпломам Міністэрства адукацыі.

— Як заахвочваеце навучэнцаў займацца даследчай дзейнасцю?

— Дзяцей заўсёды цікавяць таямніцы. І калі ты не проста паказваеш стары ла­паць, а расказваеш, хто яго зрабіў, як гэты чалавек жыў, чаму сям’я захавала абутак, — зусім іншая гісторыя. Яны ба­чаць у гэтым дэтэктыў. Другі важны момант — мы працуем на вынік: шукаем, збіраем, аналізуем, пішам работу і адпраўляемся з ёю на канферэнцыю. І калі вучні за даследаванне атрымліваюць 1-е месца ў вобласці, у рэспубліцы, а часам і на міжнародным узроўні — гэта незабыўнае пачуццё. Гэта іх асабістая перамога.

— Вы на пенсіі з 2011 года, але школу не пакінулі. Што вас трымае?

— Мне самой вельмі цікава праца­ваць! Я не магу спыніцца. Музей у 2021 годзе быў прызнаны лепшым у рэспубліцы. Гэта вялікая адказнасць і стымул рухацца далей. Зрабілі для яго добры сайт, які таксама атрымліваў узнагароды на конкурсах. Работа кіпіць, не спыняецца. Зараз інфармацыі шмат, трэба толькі ўмець яе шукаць і сістэматызаваць.

— Не ўсе яшчэ таямніцы Забалацкай зямлі адкрылі?

— Далёка не ўсе! У кожнай вёсцы, у кожным двары яшчэ захоўваюцца нейкія рэчы ці фатаграфіі, жывуць успаміны. Мы толькі пачалі працаваць, напрыклад, з тэмай генацыду беларускага народа ў гады вайны. Напісалі работу пра партызанскую сям’ю Родзікаў. Я кажу вучням: “Наша спадчына — не музейны пыл. Гэта жывая вада, якую трэба знайсці, наталіцца ёю, а потым несці далей”. І калі ёсць тыя, хто гэта робіць, будуць і новыя адкрыцці. І гэта галоўнае.

 Марына ЖДАНАВА
Фота аўтара

https://nastgaz.by/

Добавление комментария
CAPTCHA
*