Ксёндз Вадзім Сурвіла : «Свята, што аб’ядноўвае сэрцы”
Духмяны водар кулічоў, россып фарбаваных яек, святочнае вітанне валачобнікаў: “Хрыстос уваскрэс!..” Усе гэтыя атрыбуты ствараюць непаўторную атмасферу Вялікадня. Да таго ж за адным сталом сустракаецца некалькі пакаленняў сям’і, каб разам перажыць радасныя моманты. Шчасцем, весялосцю і гучным дзіцячым смехам напаўняюцца дамы беларусаў.
І на пазітыве, натоўпам спяшаюцца яны ў святыні, каб дружнай хрысціянскай сям’ёй перажыць велікодную нядзелю, узнесці малітвы да ўваскрослага Хрыста за свой край, за родзічаў, за іх здароўе. Упершыню са сваімі новымі прыхаджанамі ў Тракелях сустрэне Вялікдзень ксёндз Вадзім Сурвіла. Святар месяц служыць у санктуарыі Каралевы нашых сем’яў. Напярэдадні свята журналісты раённага выдання пазнаёмілся з настаяцелем святыні.
— Ксёндз Вадзім, адкуль вашы карані, калі вы адчулі дар паклікання?
— Мая родная вёсачка Гавуці ў Смаргонскім раёне невялікая. Дзяцінства было, як у звычайнага хлапчука: дапамагаў бацькам па гаспадарцы — яны трымалі дзве каровы, летам хадзіў у ягады.
Да касцёла ад нас было восем кіламетраў. Ды ў 1994 годзе ў вёску пачалі прыязджаць ксяндзы — айцы кармеліты. Мяне, тады васьмігадовага хлопчыка, настолькі ўразілі сустрэчы з імі, што адчуў жаданне прысвяціць сваё жыццё Богу. А арганізаваныя імі рэкалекцыі ў Нарачы паставілі канчатковую кропку ў выбары шляху. Скажу па праўдзе, былі людзі, якія імкнуліся паўплываць на маё рашэнне, але не змаглі збіць мой настрой.
Спачатку ў Гродзенскай семінарыі вучыцца было складана — далёка ад дому, неабходна наладжваць новыя сувязі, строга прытрымлівацца распарадку дня. Цяпер упэўнены, што следаванне пэўнаму парадку дысцыплінуе чалавека, прывучае быць адказным за свае рашэнні.
І вось у гэтым годзе адзначыў невялікі юбілей — пятнаццаць год святарства. Служыў у Гродне, Лідзе. У 2016 годзе здзейсніў сваю мару пабываць у іншай часцы Беларусі, каб далучыцца да яе культуры і здабыткаў, — пераехаў у Магілёў. Затым вярнуўся на малую радзіму — Смаргоншчыну — і да нядаўняга часу служыў Богу і людзям у Войстаме.
— Як вас сустрэлі на Воранаўшчыне?
— Прызнаюся, калі атрымаў ад біскупа Уладзіміра распараджэнне прыняць санктуарый, напачатку вельмі хваляваўся. Разумею, што на мяне ўскладзена вялізная адказнасць, паколькі тут, у Тракелях, стагоддзямі намоленае месца. Спадзяюся, што з Божым бласлаўленнем усё атрымаецца. Тым больш што фундамент закладзены. Ды яшчэ які! Застаецца прыкладаць намаганні, каб яго развіваць і надалей.
Прыемна, што прыхаджане сустрэлі адкрыта. Адразу адчуў, што на Воранаўшчыне жывуць гасцінныя і прыветлівыя людзі. Яны адклікаюцца на просьбы і прапановы, з імі можна параіцца ў розных справах.
Пра прыгажосць наваколля і казаць няма чаго. Ля касцёла ў Тракелях сапраўды можна адпачыць душой. Менавіта за гэтым сюды і прыязджаюць людзі. Было б добра, каб яны не толькі любаваліся навакольнай прыгажосцю, але і заглядалі да нашай нябеснай заступніцы, узносілі да яе свае малітвы.
Планую запрасіць вернікаў на новыя набажэнствы да Марыі, бо гэта яе месца. А як вядома, хто просіць, той атрымоўвае.
— Маці Божая Тракельская лічыцца ахоўніцай сем’яў. Што трэба рабіць, каб не паддацца модным заходнім тэндэнцыям і захаваць традыцыйныя моцныя сем’і з дзіцячым шмагалоссем?
— Трэба ўсведамляць, што сям’я — гэта перш за ўсё праца. На жаль, у сучасным свеце людзі часцей імкнуцца пры мінімальных намаганнях атрымаць максімум здабыткаў. Многія дзейнічаюць на эмоцыях, пакідаючы па-за ўвагай духоўнае, апускаючы рукі пры цяжкасцях. А ў першую чаргу неабходна маліцца адзін за аднаго. Тым больш разам. Лічу, што вечарам можна на пяць хвілін адкласці справы, гаджэты і сумесна звярнуцца да Бога, бо менавіта такая вечаровая малітва аб’ядноўвае. Варта планаваць і сумесны сямейны адпачынак, на які, канешне ж, запрашаю ў Тракелі. Вось усё гэта і дапамагае ў суджанстве не стаць чужымі адзін аднаму.
— Святар не адарваны ад грамадства, заўжды навідавоку ў людзей. Ён — настаўнік, дарадца, духоўнік. На ваш погляд, што ў першую чаргу ён павінен прывіваць сваім вернікам?
— Самае галоўнае — памятаць, што кожны павінен будаваць валадарства Божае на зямлі, адказна і сумленна падыходзіць да сваіх абавязкаў і прытрымлівацца Божых запаведзяў. Чалавек, які выконвае хрысціянскія прынцыпы, зможа жыць у гармоніі з сабою, акаляючым светам. Дый калі глядзець з этычнага боку, то запаведзі (не бярэм тыя, што датычаць Божых спраў) поўнасцю пераклікаюцца з маральнымі нормамі дзяржавы, законам — тыя ж не ўкрадзі, не забі, паважай бацькоў...
Таксама важна не губляць чалавечнасць, жыць сумленна, любіць адзін аднаго, да чаго і заклікаў Ісус Хрыстос. А яшчэ варта быць адказнымі за лёс землякоў, сваёй зямлі, будаваць жыццё на фундаменце дабрыні і прабачэння.
— Ксёндз Вадзім, мы ўсе з нецярпеннем чакалі Вялікдзень — час дарбыні і пакаяння, аб якіх вы толькі што гаварылі. Чаму Пасха з’яўляецца святам святаў для хрысціян?
— Вялікдзень увасабляе ахвярную і бескарысную любоў Бога, перамогу над злом. Ён вызваліў нас ад граху, падараваў вечнае жыццё, бо да ўваскрасення Хрыста неба было зачынена для чалавека. Тут узгадваецца кніга Уільяма Пола Янга “Хаціна”. Калі бацька атрымаў пытанне, хто з яго дзяцей можа загінуць: дачка ці сын, то не задумваючыся адказаў: “Лепш я”. Вось і ўявіце, наколькі Усявышні любіць чалавека, што за наша ўратаванне ахвяраваў жыццё адзінага Сына?!
Таму важна не толькі асвяціць стравы і сесць сям’ёю за прыгожа сервіраваны стол, а звярнуць увагу на духоўныя рэчы. Паабяцаць жыць у згодзе і любові з суседзямі, знаёмымі, знайсці сілы прабачаць іншым, можа, нават памірыцца з даўнім непрыяцелем і, канешне ж, сваімі ўчынкамі штодзённа мацаваць дарогу да вечнасці.
— Сёлета Вялікдзень разам адзначаюць католікі і праваслаўныя…
— Гэта цудоўна, бо мы павінны шукаць тое, што нас, беларусаў, аб’ядноўвае, бо да гэтага і заклікаў нас Хрыстос. І няхай у кожным хрысціянскім доме ўваскрэсне Ісус.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.