Сэлфіць, стрыміць, фоткаць, або ЦікТок-урок

30 октября 23 267

экскурсия.jpg
  Асеннія канікулы вучняў 7 “А” класа з Радунскай сярэдняй школы распачаліся ўрокам, які прайшоў 29 кастрычніка ў рамках экскурсіі ў Гродна. Падчас яе дзеці наведалі адзіную ў Беларусі аптэку-музей, дзе ўбачылі лекавыя сродкі, аптэчны посуд і абсталяванне ХVІІІ-першай паловы ХХ ст. Даведаліся пра самы старажытны і дзеючы гадзіннік у Еўропе, які размешчаны на вежы Катэдральнага касцёла. Кульмінацыяй падарожжа стаў “ЦікТок урок”. Менавіта пад такой назвай адбылося тэатральна-музычнае прадстаўленне ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры. У аснове сюжэта — педагагічны савет, на якім настаўнікі вырашаюць актуальную праблему: як зацікавіць сучаснага школьніка сваім прадметам? На дапамогу педкалектыву прыходзяць вядомыя дзецям блогеры і стрымеры. Настаўнікі прапануюць веды і вопыт, а ціктокеры неардынарна прэзентуюць інфармацыю. Асноўная думка прадстаўлення заключалася ў тым, што змагацца з новым не варта, важна выкарыстаць гэта новае на карысць свайго прадмета: крэатыўна падаваць інфармацыю, дэманстраваць сувязь прадметных ведаў з жыццём, вучыць падлеткаў крытычна мысліць і аналізаваць.

“Гэта было нерэальна!” З такім словамі дзеці пакідалі вялікую залу тэатра, якая была перапоўнена гледачамі. Напэўна, калі настаўнік пасля свайго ўрока атрымае такую зваротную сувязь — гэта будзе самая высокая ацэнка яго педагагічнага майстэрства.

Наведванне чароўнага асенняга Гродна скончылася сумеснымі сэлфі, цікавымі сторыс у інстаграме, добрым настроем і прыемнымі ўспамінамі.

Алена ЧАРНАВУС,

класны кіраўнік 7 “А” класа Радунскай СШ.

Добавление комментария
CAPTCHA
*