Школа новых магчымасцей Юліі Андруконіс

Менавіта гэта мэта Юліі Андруконіс стала штуршком для ўдзелу ў праграме «Настаўнік для Беларусі». Прагрэсіўная настаўніцкая супольнасць шчыра верыць у тое, што кожнае дзіця — унікальнае, а школа — гэта месца магчымасцей для дзяцей.
— Мой тата з Воранаўскага раёна, многа год назад мама-настаўніца прыехала сюды на адпрацоўку. Так яны пазнаёміліся. З цягам часу сям’я пераехала на Свіслаччыну, — расказвае пра сваіх родных Юлія Уладзіславаўна. — А ў мяне адваротная сітуацыя. У 2007 годзе скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы, прыехала на адпрацоўку ў Доцішскую сярэднюю школу, выйшла замуж і засталася на Воранаўшчыне.
Нядаўна ў мяне ўзнікла жаданне выйсці з зоны прафесійнага камфорту, пракачаць сябе, — гаворыць пра ўнутраныя матывы ўдзелу ў праграме субяседніца. — Я педагог вышэйшай катэгорыі, дастаткова актыўная, заўсёды цікаўлюся навінкамі. А праграму знайшла ў сацыяльных сетках. Паразмаўляла з адміністрацыяй — і на старт.
“Настаўнікамі для Беларусі” могуць стаць як новаспечаныя выпускнікі педагагічных спецыяльнасцей, так і вопытныя педагогі. Ю.У. Андруконіс трапіла ў шосты набор праграмы.

— У лютым быў праведзены анлайн-марафон па праграме. Мне вельмі спадабаўся падыход і вырашыла глыбей пазнаёміцца ўжо для ўдзелу. Прызнаюся, доўга разважала: ці здолею? Разумела: дзе знаходжуся я, настаўнік звычайнай сельская школы, і на якой прыступцы стаіць праграма рэспубліканскага ўзроўню. Але ж усё гэта накіравана на падтрымку сельскіх настаўнікаў. Місія праграмы — праз развіццё педагога даць кожнаму школьніку магчымасць раскрыць свой патэнцыял. Пагэтаму галоўны крытэрый пры адборы ўдзельнікаў — бязмерная любоў да дзіцяці, гатоўнасць да змен. А гэты козыр у мяне ёсць, — з іскрынкай у вачах прыкмячае субяседніца. — Некаторыя лічаць, што ў мяне эпідэмія самаразвіцця, а пра ўзаемацёплыя адносіны з навучэнцамі і гаворкі няма.
Ад майго ўдзелу ў праграме для школы таксама ёсць плюсы. Па-першае, установа становіцца партнёрам, гэта добра і для мяне — не трэба змяняць места жыхарства і працы. Па-другое, настаўнік, які зможа заматываваць калег, стаць прыкладам у нейкім сэнсе, прынясе толькі станоўчае ў адукацыйны працэс, дадасць балы статусу школы.
Як зазначыла Юлія, вялікая база ведаў і ўпэўненасць у сваіх сілах фарміруецца падчас «Летняга інтэнсіву».
— Гэта першы этап двухгадовай адукацыйнай праграмы, у рамках якой кожны зможа прапанаваць асабістыя і прафесійныя навыкі. У гэтым дапамагаюць эксперты з галін навукі і адукацыі, мастацтва, бізнесу, менеджменту і ўсёй супольнасці «Настаўнік для Беларусі». На працягу трох тыдняў мы навучаліся сучасным падыходам у педагогіцы і выкладанні, загартоўвалі свае лідарскія якасці, атрымлівалі веды ў галіне праектнага менеджменту, тайм-менеджменту і многе другое.
Юлія Уладзіславаўна, як і многія педагогі, сёння займаецца не толькі выкладаннем прадмета, у дадатак і алімпіядная дзейнасць, і навукова-даследчая, і ўдзел у разнастайных творчых конкурсах… Найбольш выніковым накірункам для сябе лічыць навукова-практычную дзейнасць:
— Пакуль што максімальны наш з вучнямі ўзровень — абласны, але ёсць намер палепшыць вынікі. Бо зараз у нас ёсць падтрымка і супрацоўніцтва з рэспубліканскімі метадыстамі. Дарэчы, наступная сустрэча ў межах праграмы запланавана па гэтай тэме.
Кожны ўдзельнік праграмы “Настаўнік для Беларусі” атрымлівае метадычную дапамогу, адзін раз у месяц адбываюцца анлайн- ці афлайнсустрэчы з метадыстам, суправаджэнне куратара: коўча, псіхолага і сябра ў адной асобе. Педагог рэгулярна павінен здымаць свой урок на відэа і адпраўляць для аналіза.
— Што западае ў выкладанні? Дзе моцныя бакі? Як адкарэкціраваць прабелы? Разумееце, размова ідзе не пра крытыку, а пра дапамогу, — падкрэслівае настаўнік.
Зараз Юлія Уладзіславаўна прадумвае праект, які будзе рэалізаваны на працягу двух гадоў.
— Ён павінен мець эфект “доўгага хваста”, — удакладняе сваё разуменне накірунку Юлія. — Дапаможа не толькі раскрыць праблему ў пэўным асяроддзі, але і вызначыць крокі да выхаду з яе. Ён можа быць як прадметны, так і надпрадметны. Калі ўдасца зацікавіць арганізатараў і куратараў, ёсць магчымасць атрымаць фінансаванне ад фонду “Новая школа”. Дарэчы, у сваёй рэалізацыі мы маем матэрыяльна-тэхнічную дапамогу — нам выдзелены штомесячная стыпендыя ад ААТ «Сбер Банк» і ноўтбук для працы. Пры пераездзе ёсць даплаты на арэнду жылля.
На пытанне, як адносіцца да такой дзейнасці сям’я, Юлія Уладзіславаўна адказала:
— Маю авантуру падтрымалі (усміхаецца). Муж, дзякуй яму, разумее мяне і нават ганарыцца. Ён узяў на некаторы час на сябе хатнія справы, дзеці таксама падтрымліваюць і часткова ўдзельнічаюць у праекце. У нас паразуменне. Дарэчы, сын і дачка ходзяць у другую школу — гэта для мяне прынцыпова. Дачушка паказвае добрыя вынікі ў філалагічным накірунку, сын — у спорце. Усё ў нас добра.



Галіна ШЛЕМПА.
Фото з архіва Ю. Андруконіс.
