Сёння свой 65-гадовы юбілей святкуе Уладзімір Мінавіч Мазго

05 марта 24 443

мазго.jpg
  У.М. Мазго — гэта паэт шырокага творчага дыяпазону, які з поспехам працуе ў розных жанрах. Яго вершы вылучаюцца вобразнасцю, пранікнёнай удумлівасцю, паэтычным майстэрствам.

Нарадзіўся 5 сакавіка 1959 года ў г. п. Зэльва Гродзенскай вобласці ў сям’і рабочага. З 1964 па 1968 гг. разам з бацькамі жыў у Сібіры. Вярнуўшыся ў Беларусь, сям’я пасялілася на Гродзеншчыне. Вучыўся ў Зэльвенскай сярэдняй школе, пазней паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Навучальную ўстанову скончыў завочна ў 1985г. Працоўную дзейнасць пачаў карэспандэнтам газеты «Інтэграл», потым з’яўляўся выхавацелем у рабочым інтэрнаце, супрацоўнікам рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. Працяглы час працаваў у рэдакцыях выдавецтваў «Юнацтва», «Мастацкая літаратура», у рэдакцыях часопісаў «Вясёлка» і «Полымя». З 2010г. быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». Цяпер У. Мазго — намеснік рэдактара часопіса «Нёман». З 1984г. з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Крокамі творчасці паэта

Першы вершаваны твор У. Мазго надрукаваў у зэльвенскай раённай газеце «Праца» ў 1972г. У рэспубліканскім друку выступіў з вершамі праз год. З таго часу дасылаў свае вершы, нарысы ў газету «Піянер Беларусі», часопіс «Бярозка». Неаднаразова станавіўся пераможцам конкурсаў. У школьныя гады таксама друкаваўся ў газетах «Чырвоная змена», «Знамя юности», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Маладосць». Першая кніга паэзіі «Пад спеў крыніц» выйшла з друку ў 1982 г. Вядучай тэмай зборніка стала тэма юнацтва. З гадамі творчасць паэта набывала новыя грані адметнасці, тэматычнай разнастайнасці, вобразнасці, мяняўся яго погляд на ўнутраны свет лірычнага героя. Вершы зборнікаў «Вершаліна» (1987), «Марафон» (1992) прасякнуты пачуццём грамадзянскай адказнасці за ўсё жывое, любоўю да Радзімы. Уладзімір Мазго піша пра гісторыю роднага краю, праблемы сучаснага жыцця, адзінства чалавека і прыроды, каханне. Найбольш поўна і пераканаўча адлюстравана шматграннасць таленту паэта ў кнізе паэзіі «Анёл нябесны» (2007), некаторыя вершы якой прысвечаны канкрэтным людзям, асобным мясцінам. У раздзел «Вясёлы карагод» увайшлі дасціпныя жарты, шаржы, эпіграмы, пародыі. У кнізе «Адвечныя скарбы Радзімы» (2013) расказваецца пра гістарычную і духоўную спадчыну беларускага народа. Паэт раскрывае таямніцы старажытнага Бярэсця, апісвае Сынкавіцкую царкву-крэпасць, сталіцу шапавалаў — Дрыбін, Ганненскі кірмаш у Зэльве, які быў у свой час другім па памеры пасля Лейпцыгскага, згадвае Ф. Скарыну, С. Буднага, Рагнеду, Соф’ю Слуцкую. Уладзімір Мазго таксама з’яўляецца аўтарам кнігі паэзіі «Сакавіны» (2012). Яе склалі любоўная, філасофская і пейзажная лірыка, а таксама аўтабіяграфічныя мініяцюры і літаратурна-краязнаўчыя эсэ. У 2013г. выйшлі з друку выбраныя творы паэта «У нябёсах вясны».

Літаратура для маленькіх

Уладзімір Мазго напісаў шмат твораў для дзяцей. У 1989г. выйшаў першы зборнік вершаў «Калі спрачаюцца маланкі». Потым былі апублікаваны кнігі «Суседзі па сусвеце» (1994), «Смехапад» (1999), «Прыгоды марахода» (2002), «Цуда-вуда» і «Таямнічая планета» (2008), «Лепшыя сябры» і «Загадкавая азбука» (2012), «Адкрывай свой родны край» (2013), «Завітала ў госці казка» і «Слоны с Луны» (2014) і інш. Вершы, казкі, загадкі, скорагаворкі, такія як «Пеўнік-спеўнік», «Дзівак Сіваграк», «Урок для сарок», «Света з Інтэрнэта», «Каго лечыць акуліст?», «Носіць сумку кенгуру», «Ці ёсць у Слоніме сланы» і іншыя, успрымаюцца па-дзіцячаму натуральна і пераканаўча, развіваюць не толькі фантазію, але і маўленне.

Шматграннасць таленту

Асобныя творы Уладзіміра Мазго перакладзены на рускую, англійскую, таджыкскую, чувашскую і іншыя мовы. На многія вершы паэта створана шмат песень беларускімі кампазітарамі. Яны гучаць у эфіры, на рэспубліканскіх і міжнародных песенных фестывалях. Уладзімір Мазго стаў лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры і мастацтва (2005), лаўрэатам літаратурных прэмій імя В. Віткі (2005), «Залаты Купідон» (2008), выдатнікам друку Беларусі, ганаровым грамадзянінам Зэльвенскага раёна (2008).

10919042_0.jpg

978-985-11-1285-8.jpg

h1001_w1001_lhOGTvnvRI3owIn0PKUu.jpg

Бліжэй пазнаёміцца з творчасцю аўтара можна на абанеменце Воранаўскай раённай бібліятэкі.

Наш адрас: г.п. Воранава, вул.Савецкая, 29 (1 паверх), тэл. 4-68-49.

Людміла ФУРМАН,

загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу,

ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.

Добавление комментария
CAPTCHA
*