Цэнтры культуры: повязь мінулага і сучаснага

Знай наших! 29 января 22 747

1C9A8392.JPG

Па выніках абласнога агляду-конкурсу аматарскіх аб’яднанняў “Свет захапленняў” у ліку лепшых адразу тры ўстановы культуры Воранаўскага раёна — Нацкі, Больцішскі і Тракельскі цэнтры культуры.

— Увогуле, на Воранаўшчыне дзейнічаюць трыццаць аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах, васямнаццаць з іх наведваюць дзеці, — расказала дырэктар Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Камінская. — Іх сумесныя сустрэчы, якія ладзяцца штомесяц, збіраюць людзей з аднолькавымі меркаваннямі, поглядамі, ідэямі. Пэўна, таму ўсе аб’яднанні цікавыя і запатрабаваныя. Сярод іх абавязкова адзначу дзіцячае аб’яднанне Пагародзенскага цэнтра культуры, для людзей сталага ўзросту — Пераганцаўскага, вакальнае — Радунскага цэнтра, аб’яднанне “Памяць”, што дзейнічае пры РЦКіНТ. Практычна штогод мы ўдзельнічаем у абласным аглядзе-конкурсе “Свет захапленняў”, амаль заўжды атрымоўваем высокую адзнаку журы.

1C9A8391.JPG

1C9A8396.JPG

У гэтым годзе творчы конкурс праходзіў анлайн, было прадстаўлена ля сотні матэрыялаў. Безумоўна, радуе, што сярод такой вялікай колькасці ўдзельнікаў перамогу святкавалі два цэнтры культуры раёна, а адзін заняў другое месца. Кіруюць гэтымі аб’яднаннямі сапраўдныя энтузіясты, апантаныя сваёй справай людзі — рэжысёр Нацкага культурна-краязнаўчага цэнтра Данута Крэнь, загадчыцы ўстаноў культуры з Больцішак і Тракеляў Ганна Нядзелька і Лілія Бярцэвіч.

Нялёгкая справа ў сучасных культработнікаў. Сёння складана зацікавіць моладзь і дзяцей. А гэтыя тры таленавітыя жанчыны ўмеюць так арганізаваць іх вольны час, што для падлеткаў вясковыя цэнтры культуры зноў сталі месцам прыцягнення. Культработнікі вышукваюць новыя формы работы, а вялікі вопыт працы дапамагае творчыя сустрэчы пераўтвараць у сапраўдныя святы. Прытым іх маладыя аднавяскоўцы дакранаюцца да культурнай спадчыны нашага народа, яго гісторыі, пераймаюць абрады, традыцыі і чэрпаюць мудрасць продкаў. Лепшага сродку патрыятычнага выхавання моладзі, аб якім апошнім часам ідзе гаворка на розных узроўнях, і не прыдумаеш.

1C9A8539.JPG

Данута Зыгмундаўна і Ганна Станіславаўна змаглі падабраць цікавыя і нетрывіяльныя матэрыялы, з’яднаць маладосць і вопыт, забяспечыць пераемнасць пакаленняў. На сумесныя сустрэчы да іх прыходзяць удзельнікі і дзіцячых, і дарослых аб’яднанняў. У Нацкім цэнтры маладое пакаленне звяртаецца да фальклорнай, абрадавай спадчыны, знаёміцца са знакамітымі людзьмі — выхадцамі з нацкай зямлі, з гісторыяй свайго краю, малой радзімы, падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. А больцішскія падлеткі на лепшых прыкладах аднавяскоўцаў і сваякоў вучацца наладжваць быт, фарміруюць паняцце сапраўднай сям’і — дружнай, моцнай, адказнай.

Лілія Бярцэвіч “падкупіла” дзяцей ведамі пра лекавыя расліны. Удзельнікі аб’яднання іх ужо ведаюць нямала. Самі збіраюць травы, ягады, лісты, засушваюць іх. Нават могуць даць слушную параду, якія зёлкі неабходна прымаць пры ангіне, грыпе, а якія можна заварваць замест чаю. І за духмяным травяным напоем яны з задавальненнем сустракаюцца зноў і зноў...

Як бачым, у нашых цэнтрах культуры працуюць творчыя, адданыя сваёй працы людзі, якія не на словах, а на справе займаюцца патрыятычным выхаваннем маладых беларусаў. Яны імкнуцца перадаць дзецям багатую спадчыну, што дасталася нам ад продкаў. Каб тыя захавалі яе ўжо для сваіх дзяцей.

1C9A8541.JPG

1C9A8680.JPG

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

Добавление комментария
CAPTCHA
*