Слова беларускае жыве

Не адна сотня экзэмпляраў паэтычнага зборніка Валянціна Емяльянава “Блізкае і дарагое” (на здымку яго вокладка) разышлася не толькі па нашым раёне да родных, блізкіх, знаёмых аўтара, але і паляцела ў розныя гарады Беларусі (Гродна, Ліду, Шчучын, Бабруйск, Мінск, Полацк) і нават краіны — Расію, Польшчу... А перад самым Новым годам прыйшоў у Воранава ліст з Астаны — сталіцы Казахстана, куды адвезла ўпамянутую вышэй кніжку вершаў наша зямлячка Тамара Іванаўна Мурашка (цяпер па мужу Батрак). Пра яе грамадскую дзейнасць, улюбёнасць у наш беларускі край і непарыўную сувязь з ім пісала ў мінулым годзе (4 жніўня) наша газета. Да ліста быў прыкладзены верш казахскага беларуса Анатоля Лісіцкага. Былы гамяльчанін выказвае цёплыя, пранікнёныя, добрыя словы пра Беларусь, у тым ліку пра наш воранаўскі край:
Мы з Вамі знаёмы толькі ўмоўна,
І нас зацікавілі Вашы вершы,
У якіх асвяцілі вы вельмі цудоўна
Сумоеннасць і глыб беларускай душы.
І раптам зазвоніць крыніца натхнення —
Зноў чуецца гоман лясоў векавых
І трэль салаўя, водар кветак вясенніх
І шолах травы, пра што пішаце Вы.
Радкі прабудзілі святыя ўспаміны —
Там сэрца часцінка ў родным краю,
А подых паветра радзімай Айчыны
Заўжды будзем помніць, як песню сваю.
Цікава пазнаць зямлі гэтай істоту,
Дзе шмат адгучала адвеку падзей.
Вядома, раён Ваш даў шмат патрыётаў
І шэраг вядомых, пачэсных людзей.
Далёка жывем мы ад мілай Радзімы,
Але ж мы і тут падтрымаем яе
Сваёй беларускай культурнай дружынай —
Ансамбль наш “Вясёлка” прыгожа пяе.
За годную творчасць, руплівасць, сумленне
Нам хочацца шчырае “дзякуй” сказаць.
Хай доўга пяшчоцяць Вас сонца прамені,
Жадаем упэўнена век працаваць!
Нас прагне жаданне пабачыцца з Вамі,
Ад добрага сэрца за плечы абняць.
І не забывайце: радкі Вашы з намі.
Мы будзем Вас помніць, любіць, шанаваць.
І Воранава Ваша — краса Беларусі —
Няхай прыгажэе, цвіце з года ў год!
Не будзе ўжо панства, ніхто не прымусіць,
Хай мірна працуе наш дбайны народ!
Як мы бачым, тыя беларусы, што жывуць далёка ад Бацькаўшчыны, ганарацца ёю, імкнуцца ўзмацняць сувязь з нашай краінай і яе народам. Анатоль Лісіцкі ў вершаванай форме выказвае ўдзячнасць і Тамары Іванаўне Батрак — кіраўніку фальклорнага ансамбля беларусаў “Вясёлка” ў Астане:
Удзячны мы Вашай зямлячцы заўзятай,
Праз яе мы і ведаем Вас.
Наш дзеяч — руплівы, актыўны наватар,
І мы ганарымся, што ёсць яна ў нас.
Дарэчы, 19 снежня, у дзень выбараў Прэзідэнта нашай краіны, на выбарчым участку пры пасольстве Рэспублікі Беларусь у Казахскай сталіцы адбыўся канцэрт з удзелам ансамбля “Вясёлка”. Прагучалі ў ім таксама і вершы А. Лісіцкага і В. Емяльянава. Беларускае слова было цудоўна ўспрынята. Нягледзячы на вялікую адлегласць, беларускія сувязі мацнеюць.
Прачытаўшы гэты пранікнёны ліст з Астаны, я не мог не сустрэцца з Валянцінам Емяльянавым і не падзяліцца прачытаным, не мог не даведацца, якія пачуцці выклікаў у яго ліст ад далёкіх землякоў — выхадцаў з Беларусі.
— Зразумела, гэта гонар для мяне. А галоўнае — там гучыць наша беларуская мова, яна не забылася, людзі, якія там жывуць, імкнуцца мацаваць сувязі з Радзімай. І гэта нам, хто жыве сёння ў Беларусі, прыносіць вялікае задавальненне, а яшчэ гэта вялікі шанс для ўсіх беларусаў ва ўсім свеце быць бліжэй адзін да аднаго...
— Дзякуючы ў тым ліку і паэзіі, якая сёння, на жаль, не ў вялікай пашане сярод людзей, асабліва моладзі. Усё больш тэлебачанне, Інтэрнэт...
— Не ведаю, але мне здаецца, што цяпер проста такі прамежак часу. Можа, мы  яго і мінем калі-небудзь, павінны мінуць... Бо не правільна тое, што мастацкія каштоўнасці не на першым плане. Мастацтва, духоўнасць павінны быць поруч з эканамічнымі, нейкімі матэрыяльнымі выгодамі. Згодзен з вамі, што сёння паэзію, ды і ўвогуле літаратуру, мала чытаюць, мала яе бяруць у кнігарнях. Трэба прапагандаваць паэзію, яна патрэбна ўсім. Ніхто не аспрэчвае  карысць Інтэрнэту, немагчыма цяпер без яго, час у нас такі, хуткаплынны, шмат падзей адбываецца... Усё бяжым, бяжым, абы паспець, няма калі і па баках азірнуцца, тым больш пастаяць, падумаць, паглядзець на воблакі, на дрэвы, якія шумяць, і паслухаць спеў птушак... Таму жадаю ўсім у наступіўшым новым годзе здароўя, добрага настрою, любіць Радзіму, свае палі, лясы, людзей, якія жывуць сярод нас, не забываць сваіх каранёў! І каб наша Беларусь мацнела і квітнела!
— Дзякуй, Валянцін Міхайлавіч, за добрыя словы. Творчасці, здароўя Вам і Вашай паплечніцы і памочніцы — жонцы Яўгеніі Дзмітрыеўне, усёй Вашай сям’і і ўсім родным!
Вікенцій Яковіч.
Добавление комментария
CAPTCHA
*