Жыццё пражыць — не поле перайсцi

С праздником 07 октября 11 2649
Антон Вінцэнтавіч Будрэвіч нарадзіўся і пражыў усё жыццё ў вёсцы, назва якой, магчыма, пайшла ад яго радаводу, Будрэвічы. Амаль чвэрць стагоддзя — 23 гады — ён аддаў служэнню людзям — працаваў паштальёнам. Думаю, што многія помняць яго з вялікай сумкай цераз плячо і  ў шапцы з бліскучым казырком. Напярэдадні свята — Сусветнага дня пошты — пашанцавала сустрэцца з Антонам Вінцэнтавічам, і ён з задавальненнем падзяліўся ўспамінамі.
— Я нарадзіўся ў 1930 годзе. У нашай сям’і было шасцёра дзяцей. Асабліва цяжка было бацькам у пасляваенныя гады. Тады ж усіх прымушалі ісці працаваць у калгас, а тата з мамай не пайшлі… За гэта нам ні сотак, ні сенажаці, каб кароўку пасці, не давалі. Нават на выгане каля хаты не дазволілі. Вось так было… Браты падаліся хто куды: хто рабочым, хто ў лясніцтва, а адзін дык і наогул паехаў у Расію…
Антон Вінцэнтавіч застаўся, як кажуць, пры бацьках ды гаспадарцы. Закончыў толькі 4 класы Жырмунскай школы, а далей адукацыю атрымліваць не было калі — на кавалак хлеба трэба было зарабляць. Працаваў на чыгуначнай станцыі.
— Кожны дзень я хадзіў з хаты пяшком у Бастуны, — успамінае субяседнік. — І ведаеце колькі я зарабляў? Восем рублёў!..
Працаваў таксама на кар’еры, на падстанцыі ў Воранаве, у Жырмунскім лясніцтве. А ў 1959 годзе Антону Вінцэнтавічу знаёмая падказала, што можна ўладкавацца на працу ў Жырмунскае паштовае аддзяленне.
— Калі толькі пачаў працаваць, то цяжка было, — успамінае мужчына. — Усюды пехатой трэба было дабірацца. Хадзіў у вёскі ў асноўным праз поле. Асабліва складана было зімой і ў час бездарожжа. Раней зімы былі не такія як цяпер. Я браў палку ды ішоў па гурбах, яшчэ і вясковых дзяцей за сабой цягнуў у школу.
Насіў мой герой не толькі газеты і часопісы, але і канверты ды паштоўкі прадаваў. Тады, асабліва напярэдадні святаў, іх куплялі аж па 20 штук, каб павіншаваць сваякоў, далёкіх і блізкіх.
— Як прынясу іх, як рассцялю перад жанчынамі, то могуць і паўгадзіны пратрымаць у адной хаце. І так у кожны дом: вароты адчыні, а іншы раз і ад сабак абараніся. Бывала, і ўцякаць даводзілася, — смяецца Антон Вінцэнтавіч. — А людзі хацелі, каб не ў ганак газетку паклаў, а ў хату занёс ды на печ у рукі падаў. Газеты ў той час выпісвалі розныя, больш “Праўду” — яна, так сказаць, цэнтральная была, вялікая, з укладкамі. Потым “Звязда”,  “Савецкая Беларусія”, “Знамя юнасці”. Прывезеную пошту было як удваіх падняць. А я па дзве сумкі за дзень разносіў карэспандэнцыі, больш за 400 экзэмпляраў. У той час адна сям’я выпісвала па некалькі газет і часопісаў. Цяпер такога, мабыць, і няма…
Лягчэй стала працаваць, калі паштальёну купілі веласіпед, а ў час падмены водпускаў яму давалі мапед, бо разносіць пошту трэба было па ўсяму Жырмунскаму сельсавету.
— Я ж два мапеды з’ездзіў, — успамінае мужчына. — А вось веласіпед у мяне не забралі, нават калі пайшоў на пенсію.
Пабываў Антон Вінцэнтавіч у многіх гарадах і здраўніцах Беларусі і былога Саюза, сведкамі чаго з’яўляюцца фотаздымкі, акуратна ўклееныя ў альбом, які ў мінулым годзе ў падарунак на 80-годдзе паштальёна аформілі вучні краязнаўчага музея Жырмунскай сярэдняй школы.
За 23 гады, аддадзеныя пошце і служэнню людзям, мой герой удастоены званняў “Ударнік камуністычнай працы” і “Лепшы па прафесіі”, неаднаразова быў узнагароджаны Ганаровымі граматамі, заносіўся на дошку Гонару, пісала пра паштальёна і наша раёнка (у той час — “Ленінскае знамя” — заўв. аўт.). Імя Антона Вінцэнтавіча занесена ў Кнігу народнай славы Воранаўскага раённага вузла сувязі.
Лёс склаўся так, што ў Антона Вінцэнтавіча няма сваёй сям’і. Цяпер ён жыве ў аддзяленні для грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў у в. Бастуны. Канешне, здароўе ўжо не тое, але час ад часу мужчына наведвае хату ў Будрэвічах, ды і ў Ліду ці Воранава сам дабіраецца. Не забываюць былога паштальёна  яго знаёмыя, сябры і кіраўніцтва раённага вузла сувязі. Хочацца ад ўсяго сэрца павіншаваць Антона Вінцэнтавіча з прафесійным святам — Сусветным днём пошты — і пажадаць моцнага-моцнага здароўя на доўгія гады і добрых, чулых людзей на жыццёвым шляху.
Наталля ІВАНЧ.
Фота аўтара і з архіва Антона Будрэвіча.

Добавление комментария
CAPTCHA
*