Зоркавае свята вёскi ў Канвелiшках

С праздником 12 июля 16 2135


Нашы любыя вёсачкі… Тут мы ў дзяцінстве бегалі па траве басанож, тут пры клапатлівых бабулях і дзядулях праходзіла наша маленства, сюды, калі мы сталі дарослымі, імкнецца душа, на якую б жыццёвую дарогу не вывеў нас шлях. Напэўна, таму з задавальненнем было прынята запрашэнне на свята вёскі ў Канвелішкі. Спадзяванні на душэўнасць, шчодрасць сэрцаў вяскоўцаў, асаблівую цеплыню, з якой яны сустракаюць гасцей, апраўдаліся.

Яшчэ здалёку была чуваць вясёлая музыка, якую ладзілі работнікі Канвелішскага цэнтра культуры і вольнага часу. Пад яе гукі дзецям добра забаўлялася: яны і на батутах скакалі, і ў латарэі гулялі, і ўпрыгожвалі сябе цікавымі і яркімі аквагрымамі.

Вядомай і блізкай многім песняй “Вёсачка мая, мая чараўніца” распачаў канцэртную праграму аднавясковец, а зараз студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Дзмітрый Пільжыс. А была яна незвычайнай — зоркавай. Вядомым і душэўным людзям мясцовасці, юбілярам прысвойвалася спецыяльнае ганаровае званне, напрыклад, “Усяму галава”, “Малады жыхар”, “Праца і сіла”, “Натхненне” і інш., і ўручалася спецыяльная зорка. Іх атрымалі гаспадыня Канвелішак — старшыня сельскага Савета Ірына Пільжыс, памочнік урача Данута Зубель, якая больш за 30 год з’яўляецца надзейным лекарам для сваіх аднавяскоўцаў. Яны ад усяго сэрца павіншавалі землякоў з агульным святам і пажадалі росквіту роднай вёсачцы, а ў кожнай сям’і — дабрабыту, любові і цеплыні. Ушаноўваліся таксама самы сталы жыхар Канвелішак — Стэфанія Казіміраўна Корсак, якая ў свой час працавала на паляводстве ў мясцовай гаспадарцы, наймалодшы — месячная Ксенія Сініцкая, таленты — актыўная ўдзельніца розных музычных конкурсаў Дзіяна Нядведская. Не забыліся і пра імяніннікаў, якіх дзень нараджэння выпаў акурат на свята вёскі, — падлеткаў Вадзіма Огара і Рамана Наздрын-Платніцкага, а таксама “залатога” юбіляра — Юрыя Яблон-скага.



Самым жаданым падарункам сталі вядомыя і любімыя песні. Для вяскоўцаў, працаўнікоў СВК “Світанак-Агра” шчыра і пранікнёна іх выканалі Эдуард Бутрым, Валерый Адамчык, Іосіф Кодзіс, Дзіяна Нядведская. Хутка гарэзлівыя мелодыі сабралі танцораў. Здавалася, разам з адпачываючымі радуецца і прырода — пахмурны настрой змяніла на сонечную ўсмешку. Пераняўшы гэты настрой, вяскоўцы яшчэ доўга весяліліся. Тым больш, што права весці святочную дыскатэку выпала вядомым на ўсю ваколіцу “Канвелішскім штукарам”. Хораша, з запалам пад адкрытым небам працягвался свята любай вёскі.



Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*