Ззяла Купалле ясненька

С праздником 10 июля 12 3282

Святочны вечар на Івана Купалу, які воранаўцы і іх госці адзначалі ў мінулую суботу, выдаўся па-летняму гарачым і гожым. Напэўна, таму на бераг возера спяшаліся і дарослыя, і дзеці, каб паглядзець на тэатралізаванае прадстаўленне, пацікавіцца, што могуць прапанаваць гандлёвыя рады, дый проста адпачыць і добра правесці час. Ва ўсіх быў прыўзняты настрой. А асабліва даспадобы святочнае дзейства прыйшлося дзецям, якія літаральна “атакавалі” батуты. Радасны дзіцячы смех напаўняў наваколле і яшчэ больш падымаў настрой у дарослых. Каля ўпрыгожанай кветкамі і галінкамі дрэў сцэны не было дзе ўпасці яблыку. Вось загучала знаёмая ўсім мелодыя “Ой, рана на Івана...” — і мерапрыемства пачалося.

Сустракаць купальскую ночку і весяліцца ад душы разам з адпачываючымі прыйшлі гаспадары свята — Купала і Купалінка. Да іх далучыліся прыгожыя і жыццялюбівыя Купалінкі. Дзяўчаты, загадаўшы на лёс, пускалі на ваду вянкі... Але лірычны і радасны настрой “сапсавала” нячыстая сіла. Кікімары, Вадзянік і Баба-яга спачатку аблівалі прысутных вадой, свавольнічалі. Аднак пасля далучыліся да святкуючых і нават правялі конкурсы сярод дарослых. Калі ж на небе заззяў месячык і заблішчалі зоркі, ясна запалала купальскае вогнішча, ля якога адпачываючыя сабраліся ў карагод. І хоць час быў позні, ісці дадому не хацелася. Тым больш што лірычная, вясёлая і рытмічная музыка клікала на дыскатэку і дзяцей, і моладзь, і старэйшае пакаленне.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега Бельскага.



Добавление комментария
CAPTCHA
*