Iнтарэс да жыцця, сваёй справы, людзей…

Актуально 28 ноября 14 1381

Неад’емная якасць сучаснага кіраўніка




Як развіваць лідарскія якасці, кіраўніцкія здольнасці? Як ісці ў нагу з часам, удасканальваючы сябе як прафесіянала? Што, працуючы ў калектыве, трэба ведаць і ўлічваць у галіне псіхалогіі? Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся 25 лістапада на абласным адукацыйным форуме для тых, хто ўключаны ў перспектыўны кадравы рэзерв на Гродзеншчыне.

— Для развіцця грамадства трэба, каб у яго жыцці ўдзельнічалі ўсе пакаленні і была адладжана сістэма работы з маладзёжным рэзервам кадраў. Мы павінны знайсці такіх людзей, пастаянна актуалізаваць, папаўняць гэты кадравы рэзерв. Паколькі іх трэба падвучыць, як працаваць з людзьмі, як фарміраваць планы, будаваць праекты, як стаць прыкладам грамадзянскай пазіцыі… І мудрасць старэйшых пакаленняў павінна быць у тым, каб знаходзіць рэзерв кадраў, акуратна, неназойліва, іншы раз нават непрыкметна дапамагаць моладзі. Бо вопыт работы з людзьмі не прасцейшы, чым з глінай, каменем ці металам, — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр РАДЗЬКОЎ, які прысутнічаў на форуме.

Гаворачы аб якасцях сучаснага кіраўніка, Аляксандр Радзькоў вылучыў інтарэс да жыцця, сваёй прафесіі, людзей, палітыкі, супольнасці:

— Калі ў чалавека гэты жывы, непадробны інтарэс ёсць — з яго дакладна атрымаецца кіраўнік. І, зразумела, трэба быць сапраўдным прафесіяналам у сваёй справе. Тады людзі табе даверацца і адгукнуцца на твае праекты.

— Арганізатарская работа — гэта асаблівы талент, дараваны не многім. Ёсць кіраўнікі, так бы мовіць, ад Бога, і мы іх ведаем па прозвішчах. Але тэмп часу не дазваляе чакаць, калі раптам з’явіцца лідар-самародак. Значыць, іх трэба выхоўваць і вучыць. Неабходна стройная сістэма падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі спецыялістаў, і ў нашай вобласці пэўная практыка ёсць, — адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ.

Абласны выканаўчы камітэт некалькі гадоў таму прыняў праграму «Кадры». На аснове сучасных сацыялагічных тэхналогій паспрабавалі зрабіць навуковы прагноз, колькі і якіх спецыялістаў спатрэбіцца ў будучыні, і вырашыць пытанне іх падрыхтоўкі. Асаблівая ўвага надаецца вышэйшым і сярэднім спецыяльным навучальным установам, размешчаным на Гродзеншчыне. Там адбываецца падрыхтоўка кадраў па шэрагу спецыяльнасцяў, у якіх мае патрэбу вобласць. У прыватнасці, значна пашырыў спектр спецыяльнасцяў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт — да ўжо традыцыйных дадалася падрыхтоўка аграномаў-агароднінаводаў, ветурачоў, а таксама спецыялістаў па тэхналогіі перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, якія запатрабаваны на рынку працы.

Як вядома, на нядаўняй нарадзе кіраўнік дзяржавы асаблівую ўвагу звярнуў менавіта на кадравыя праблемы ў гродзенскім рэгіёне. Ён указаў на высокую змяняльнасць кіраўнікоў у асобных галінах, недастатковы ўзровень выканаўчай дысцыпліны, адзначыў, што ацэнка прафесійных і асобасных якасцяў кандыдатаў на вышэйшыя пасады іншы раз даецца павярхоўна. «Мы сур’ёзна аналізуем выказаныя заўвагі і зробім адпаведныя высновы», — зазначыў Уладзімір Краўцоў.

Па матэрыялах «Звязды».

Добавление комментария
CAPTCHA
*