Па-беларуску i думаецца лёгка

Актуально 20 февраля 16 1925

21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы


Калі з вуснаў суразмоўцы льецца беларуская літаратурная сакавітая мова, люба ды хораша слухаць яго. Сапраўдным знатаком і носьбітам роднай мовы з’яўляецца мой даўні знаёмы, былы калега па настаўніцкаму цэху Генрых Феліксавіч Даржынкевіч.

— Размаўляць па-беларуску — гэта Ваш жыццёвы прынцып? — спыталася ў яго пры сустрэчы.

— Лічу, што кожны жыхар Беларусі павінен, хоць на бытавым узроўні, гаварыць на роднай мове. Асабіста я магу вольна дамовіцца з рускім, палякам, украінцам на іх мовах. Дарэчы, апошннюю вывучыў у арміі, калі служыў са шматлікімі ўкраінцамі ў горадзе Гатчына Ленінградскай ваеннай акругі.

Генрых Феліксавіч сціпла прамаўчаў пра англіскую мову, якой сёння навучае вучняў Канвелішскага навучальна-педагагічнага комплексу. Напэўна, таму што ў пачатку свайго выбару прафесійнай дзейнасці ён бачыў сябе толькі настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Гэта ўжо праз шмат год пасля атрыманага запаветнага дыплома ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы ён скончыў 4-гадовыя курсы англійскай мовы пры Кіеўскім інстытуце замежнай мовы.

— У нашым доме заўсёды гучала беларуская мова: на ёй не толькі гаварылі, але і спявалі песні, — узгадвае Г. Даржынкевіч. — Мае бабулі расказвалі цікавыя легенды, паданні, чароўныя казкі пра Бабу-Ягу ды, чамусьці, ведзьму Рагіну. Я і сёння памятаю гэтыя дзівосныя небыліцы. Што буду менавіта настаўнікам роднай мовы і літаратуры, цвёрда вырашыў у 5 класе Воранаўскай школы. Наша настаўніца Аляксандра Аляксандраўна Паліціка падчас урокаў беларускай мовы і літаратуры магла да месца згадаць жыццёвыя гісторыі. Асабліва цікавымі нам былі аповеды з ваеннага часу. І мне вельмі хацелася вырасці і так жа прыгожа, як яна, расказваць падобныя гісторыі толькі ўжо сваім вучням. Удзячны лёсу, што змог спраўдзіць сваю мару. У сям’і нас было чацвёра, грошай на вучобу ў бацькоў не было, таму працаваў і вучыўся завочна. Настаўніцтва — мая стыхія.

Відавочна, што сапраў-днымі беларусамі, такімі, як Генрых Феліксавіч, нараджаюцца. А любоў да роднай мовы вытрымае гады, калі прывіта менавіта з калыскі.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

На здымку: Г. Даржынкевіч са сваімі вучаніцамі.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*