Марыя Казлоўская з Доцішак родам з дзяцінства — ваеннага: нарадзілася 22 чэрвеня 1941 года

Люди и судьбы 28 июня 21 27013

9xCmChOtDPc.jpg

22 чэрвеня 1941года — адна з самых сумных дат у гісторыі краіны — Дзень памяці і смутку — дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Мы смуткуем па ўсіх, хто цаной свайго жыцця выканаў святы абавязак, абараняючы ў тыя цяжкія гады нашу Бацькаўшчыну. Але… Той дзень стаў і днем нараджэння для Марыі Вікенцьеўны Казлоўскай, якая адзначае юбілейную дату — сваё 80-годдзе. Пэўна, так было наканавана лёсам.

IMG-60728ac85127be84d36ff3c9ad5edc85-V.jpg

Нарадзілася Марыя Вікенцьеўна ў в.Доцішкі ў шматдзетнай сям’і. Яна была чацвёртая. Ужо гадаваліся дзве сястры і брат (усіх было шасцёра). Пасляваеннае дзяцінства радасці не прынесла. Жыць было цяжка, дапамагалі бацькам па гаспадарцы, гадавалі малодшых дзяцей. Прыкладна ў трынаццацігадовым узросце дзяўчынка дапамагала сваёй матулі Мар’яне Адольфаўне даіць каровы на ферме. Спачатку працавалі разам, а калі маці перайшла карміць цялят, Марыя самастойна даіла 13 кароў. Уставаць трэба рана, даіць уручную,вымыць вёдры,бітоны. Прыбегшы дадому, клалася на дзве гадзінкі адпачыць, а затым зноў праца. Удзень Марыя Вікенцьеўна хадзіла з татам Вікенціем Вікенцьевічам ” на торф” — недалёка ад дому знаходзіўся торфабрыкетны завод.

У 7 гадоў пайшла ў першы клас Доцішскай школы. Закончыла сем класаў, а сярэднюю адукацыю атрымала ў Эйшышках. Вялікае жаданне вучыцца прывяло ў 11 клас на базе 15 школы г. Гродна, які ў той час прыраўноўваўся да педвучылішча, каб прысвяціць сябе педагагічнай дзейнасці.

Працоўны стаж пачала ў мясцовай гаспадарцы: прапанавалі весці бухгалтэрыю і ўлік. А першыя крокі ў якасці педагога зрабіла ў школах Радунскага раёна. Папрацаваўшы некаторы час у в. Горанцы (зараз Лідскі раён), па накірунку прыехала працаваць у Доцішкі. Нездарма існуе прыказка: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. З 1962 года па 1993 год лёс Марыі Вікенцьеўны непарыўна звязаны з Доцішкамі: настаўнічала ў вячэрняй школе, пасля ў пачатковых класах, выйшла замуж, у 1971 годзе закончыла педагагічны інстытут імя Я.Купалы ў Гродна. Працаваць у адным калектыве давялося і мне. Марыя Вікенцьеўна — таленавіты, ініцыятыўны, творчы, адказны педагог. Яна стварала ўмовы для выяўлення здольнасцей высокаматываваных вучняў. Яе кампетэнтнасці, тактоўнасці, мудрасці можна было пазайздросціць. А як яе любілі і любяць зараз дзеці! Гэта сапраўдны педагог ад Бога. Многія выпускнікі ганарацца тым, што іх другой маці была Марыя Вікенцьеўна.

кмв.jpg

Сёння для нас, жыхароў Доцішак, Марыя Вікенцьеўна прыклад аптымізму,маладосці, вялікай веры, мужнасці, павагі. Гэта шчыры і адкрыты чалавек, верны і надзейны сябар, цудоўны арганізатар, таленавітая паэтэса, кіраўнік касцельнага хору, клапатлівая маці, любімая бабуля, шчырая і сардэчная прабабуля. Яе аптымізму, жаданню дзейнічаць можна па-добраму пазайздросціць.

Дзень памяці назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах. Гэта наша гісторыя і мы не маем права губляць сувязь пакаленняў. Але ёсць і малая гісторыя кожнай сям’і. Жыццёвая гісторыя Марыі Вікенцьеўны – гэта лёс жанчыны, якая пражыла яго годна. 80 год. Цудоўная лічба! Пажадаем юбіляру моцнага здароўя, Божага благаслаўлення, моцнай веры ў сябе, даўгалецця і выканання мар.

1C9A8421.JPG

1C9A8481.JPG

Ірэна Казлоўская,

аг.Доцішкі.

Добавление комментария
CAPTCHA
*