Вяскоўцы

Сямейная скарбніца 17 ноября 15 2110

ВАРНАКЕЛІ


Гістарычная даведка

Вёска Варнакелі размясцілася ў Беняконскім сельскім Савеце, адносіцца да КСУП “Эліт-Агра Больцінікі” (раней — саўгас “Беняконскі”). У другой палове ХІХ стагоддзя яна ўваходзіла ў склад Беняконскай воласці Лідскага павета Віленскай губерні. Згодна перапісу 1897 года налічвала 13 двароў, 98 жыхароў. Найбольшая колькасць варнакельцаў — 146 чалавек — адзначалася ў 1908-ым. У 1921г. у вёсцы быў пабудаваны аж 231 двор. Сёння тут толькі ў шасці хатах гарыць вечарамі агеньчык. А нешматлікія жыхары (іх таксама шэсць) — пенсіянеры.

Асеннiм сумам сустракала вёска


Каб пазнаёміцца бліжэй з жыццём вёскі, якая з’яўляецца апошняй кропкай Беняконскага сельсавета і сціпла размяцілася ля мяжы з Літоўскай Рэспублікай, накіраваліся туды апоўдні. Ад Беняконяў да Варнакеляў чатыры кіламетры вузкай дарогі. Хутка яна прывяла нас да лесу, які вітаў нечаканых гасцей маўкліва — позняя восень накінула на яго цень задумення. Так жа сустрэла нас і вёска. Брукаваная яшчэ колісь вулачка, раскіданыя хаткі, з каміноў якіх дзе-нідзе цягнуўся ўвысь дымок, здавалася, падазрона глядзелі на чужынцаў. Скінуўшы сваё ўбранне, дрэвы цягнуліся голымі галінкамі да сонца, імкнучыся адагрэцца ў яго астылым асеннім бляску. Стала неяк няёмка: як жа нас сустрэнуць варнакельцы? Ды наша гід — спецыяліст мясцовага сельсавета Ірэна Станіславаўна Казлоўская — супакоіла:

— Шкада, што вы не прыехалі сюды вясною: зеляніна буяе, вока радуецца — адчуваеш гармонію з наваколлем. Тады ў Варнакелях усё выглядае не толькі годна, але і прыветліва. Вяскоўцы заўсёды рады гасцям. Як самі расказваюць, карэнныя жыхары — з прозвішчамі Мазалі, Жылінскія, Русакі ды Бразоўскія, а астатнія — прымакі. Але не раздзяляюцца на сваіх і чужых, заўжды ўсё робяць дружна. У лес у ягады і грыбы — разам. У нядзелю ўся вёска — у Беняконях у касцёле.

У гасціннасці і добразыч-лівасці варнакельцаў хутка самі пераканаліся.

Не сталее душой


— Я тут, — прыветліва адазвалася Ядвіга Іосіфаўна Картановіч, калі пастукаліся ў дзверы яе хаты.

Жанчына ў гэты час завіхалася па гаспадарцы, дзе клопатаў заўсёды хапае. Вядома ж, жывёлу і дагледзець трэба, і пакарміць. Асаблівы гонар Ядвігі Іосіфаўны — чатыры кролікі. Трэба ж чымсьці сябе займаць, упэўнена жанчына — праца дапамагае не сталець душой. Дзеці — 3 сыны і 2 дачкі — не забываюць, дапамагаюць. Хату ажыўляюць звонкія галасы 13 унукаў і праўнука.

Падчас шчырай размовы міжволі ўспаміны аднеслі субяседніцу ў мінулае:

— Маці расказвала, што хата, у якой я жыву, належала людзям, якія пасля вайны выехалі ў Польшчу. У пусты дом і перабраліся мае родзічы са свайго старога, у якім ужо нельга было жыць. Бацька мой родам з Літвы, сюды прыйшоў у прымы. Хутка прыжыўся, пакрысе стаў наладжваць быт. Ды нечакана вярнулася гаспадыня гэтай хаты, запатрабавала грошы. Адкуль іх было ўзяць у той час? На выручку прыйшоў старшыня калгаса імя Міцкевіча (сёння — КСУП “Эліт-Агра Больцінікі”. — Заўв. аўт.), які дапамог выкупіць дом.

Але шчасце ва ўласным доме ў сям’і Картановіч было нядоўгім. Трагічна загінуў бацька, пакінуўшы дачок: дзесяцігадовую Аліну і дванаццацігадовую Ядзю. І сёння, праз многа год, нечаканая смерць роднага чалавека трывожыць душу Ядвігі Іосіфаўны. Жанчына крадком выцерла канцом хусткі слёзы і заспяшалася:

— Давайце лепш вам пакажу свае ўзнагароды. Працавала больш за 30 год у саўгасе “Беняконскі” палявой. Напэўна, заслужыла, калі ўзнагародзілі, — усмешка заззяла на яе твары.

Пакуль разглядалі Ганаровыя граматы Ядвігі Картановіч, у госці да яе завітала сяброўка.


З пазiтывам па жыццi


— Як вам дарога да Варнакеляў? — з парога пацікавілася Тарэса Станіславаўна Бразоўская. — Гэта нам яе зрабіў старшыня гаспадаркі Юзэф Станіслававіч Суркант. Дзякуй яму, бо да нас цяжка было дабрацца.

Новая знаёмая аказалася чалавекам гаваркім ды вельмі пазітыўным. Такіх людзей, лічыцца, нягоды самі абыходзяць бокам. А мо, складваецца пра іх такое ўражанне, што яны не прывыклі жаліцца на жыццё.

— Як у 66-ым годзе замуж сюды выйшла, так тут і засталася. Сама ж родам з Біржыняў, — дзеліцца жанчына. — Добра жыла з мужам Тадэвушам. Сына прычакалі. На працу ў саўгас “Беняконскі” бухгалтарам уладкавалася. А тут мужа ў армію забралі. Многія раілі мне пакінуць бацькоў мужа і ісці да сваіх. Я ж вырашыла: раз прыйшла ў гэты дом, тут і дачакаюся Тадзіка. Не скажу, свякроў са свёкрам добра да мяне адносіліся, прытуліцца было да каго.

Сыну Тарэсы Бразоўскай на той час споўнілася толькі два з паловай гады. Трэба ж дзіця карміць, апранаць. Вось і вырашыла яна ісці на паляводства — як сама кажа, капейка там была крыху большай. Адтуль і пайшла на заслужаны адпачынак.

Пра малодшую дачку Валю, здавалася, Тарэса Станіславаўна магла гаварыць гадзінамі. Ганарыцца ёю і з нецярпеннем чакае дома. Сын жа побач, а яна, дачушка, далей — у суседняй Літве.

Шчаслiвая мама


На гул нашай машыны з дома выйшла Вацлава Францаўна Бухоўская. Хто яго ведае, можа, хтосьці з васьмі дзяцей, якія частыя госці ў бацькоўскім доме, вырашыў наведацца. Але не менш жанчына рада і нечаканым прыезджым.

Сустрэча атрымалася цёплай. Успомніліся жанчыне дзіцячыя гады. Калі гуртам хадзілі ў школу. Бывала, зімой поўныя валёнкі снегу набяруць і цікуюць, як бы схітрыць ды да школы не дайсці. А летам! Дзятва прападала ў лесе, на рэчцы Сальча, што бяжыць недалёка ад вёскі. А як ёй, Вацлаве, было даспадобы лавіць рыбу на рэчцы разам з бацькам! Ад такой прыемнай размовы твар субяседніцы быццам памаладзеў, у вачах заіскрыўся вясёлы агеньчык. На жаль, бацькоў жанчына страціла рана.



— Сіротамі я з сястрой Янінай засталіся, — з сумам працягнула размову Вацлава Францаўна. — Я ў 10 клас не пайшла. Трэба было працаваць. У саўгас на ферму “Падварышкі” лабарантам прынялі. Шкадавалі, што сірата…

Працы дзяўчына не баялася. Трэба было, і брыгадзіра на ферме падмяняла. Турбот дадалося, калі выйшла замуж, нарадзіла васьмярых дзяцей. Іх трэба было сабраць у школу, есці ўсім прыгатаваць. І свая гаспадарка вымагала клапатлівых рук. Муж Станіслаў, канешне ж, дапамагаў, калі мог выхапіць час-другі з працы у калгасе. Хатнія справы ў асноўным клаліся на плечы Вацлавы. А яна не скардзілася, разважаючы з вясковой філасофіяй, так распарадзіўся лёс.

— Пяць сыноў, тры дачкі, дзесяць унукаў — вось маё багацце. Можа, хтосьці скажа, што многа, — усміхаецца жанчына. — Шчыра скажу, не. У мяне была адна сястра. Яна памерла, і я засталася адна, як кастыль. У маіх дзяцей ёсць падтрымка. А калі ўсе разам сабяруцца дома — душа радуецца. На Вяльканац (Вялікдзень. — Заўв. аўт.), калі цяплей, наладзяць танцы, весяляцца. А ім добра, дык што мне яшчэ трэба?

Развітвацца з маленькімі вёсачкамі, іх жыхарамі мне заўсёды складана. Напэўна таму, што вось у адной з такіх неперспектыўных населеных пунктаў жыве мая бабуля. А ёсць вёска дзяцінства, дзе мяне ніхто ўжо не спаткае… Хочацца, каб у іх, маленькіх, нават з дзвюма-трыма драўлянымі хаткамі, як мага далей гарэў агеньчык для дзяцей, унукаў, праўнукаў. Жывіце, Варнакелі, для сваіх нашчадкаў!

З жыццём вяскоўцаў знаёміліся

Марына КАНДРАТОВІЧ і Вольга МЕЛЬКО (фота).
Добавление комментария
CAPTCHA
*