Благаславёныя бацькамi


Любоў да зямлі, паўсядзённы клопат і нялёгкая праца на ёй не нараджаюцца адразу. Гэтаму не навучышся нават у самых прэстыжных інстытутах і ўніверсітэтах свету. Павага да зямлі-карміліцы, як самы вялікі дар, перадаецца з пакалення ў пакаленне толькі тым, хто з малаком маці ўспрыняў пах свежаўзаранай зямлі, водар лугоў, гарачыню спелых хлебных ніў... І такім вялікім зямным талентам валодаюць не толькі Уладзімір Аляксеевіч Орда, яго жонка Ніна Іосіфаўна, але і тры сыны: Аляксей, Уладзімір, Міхаіл. Пра іх старэйшую сястру Марыю, настаўніцу Паляцкішскай школы, яшчэ будзе нагода расказаць, а вось з братамі пазнаёмімся. Сабраць іх разам у такую напружаную пару было немагчыма.Таму з намеснікам старшыні па ідэалагічнай рабоце сельгаскааператыва “Місявічы” Францам Генрыхавічам Грынкевічам мы накіраваліся спачатку да мехмайстэрні ў Курчоўцах. Тут малодшы з братоў Міхаіл завіхаўся каля італьянскай “Гаспарды”.


—Невялікі рамонт — і сеялка будзе гатова да сяўбы азімага рапсу, — патлумачыў ён. — Час жа бяжыць імкліва, трэба думаць ужо і пра будучы ўраджай. Асноўная ж мая работа цяпер — гэта падрыхтоўка тарфянікаў пад перазалужэнне. Але пакуль там вядуцца работы па хімічнай апрацоўцы, даводзім да парадку сеялку. У гаспадарцы пачаў працаваць яшчэ да арміі, вярнуўся сюды і пасля службы, стаў шафёрам. Потым перасеў на трактар “Беларус”, а з 2006 года даверылі “Джон-Дзір”. Адразу цяжка і падлічыць, колькі гектараў зямлі ўзараў на гэтым магутным трактары. Дзякуй бацьку, што прывіў любоў да тэхнікі і, наогул, навучыў працаваць на зямлі.

Развітаўшыся з “Чалавекам года Гродзеншчыны” Міхаілам Ордам, менавіта такога звання ён быў удастоены 3 ліпеня ў Гродне на ўрачыстасцях да Дня Рэспублікі, мы паспяшаліся на хутар Праважа. Было б грэх не наведаць бацькоў нашых герояў.

— У калгасе працавала на паляводстве, але большую частку жыцця прысвяціла дзецям, яны ж у мяне адзін за адным нараджаліся, — першай пачала размову Ніна Іосіфаўна. — Як выхоўвалі? З малых гадоў вучыла паважаць старэйшых, каб кожнаму “добры дзень” гаварылі, каб не бралі чужога, былі акуратнымі ў рабоце. Пра нашых дзетак ні аднаго дрэннага слова не чула ні ад суседзяў, ні ад кіраўнікоў. І дочка, і сыны мяне называюць, хоць гэтаму і не вучыла, толькі на “вы”. Можа бралі прыклад з мяне, бо я таксама ўважна абыходзілася, размаўляла са сваёй свякроўю. Вядома ж, цяжка было, пакуль паставіла на ногі. Муж на работу — дзеці яшчэ спяць,  з работы — ужо спяць. Трэба ж было зарабляць, карміць сям’ю. І, дзякуй Богу, усе выраслі добрымі і чулымі, працавітымі, іх паважаюць. Спадзяюся, што і за ўнукаў, а іх ў нас трое (усе хлопцы) чырванець не прыйдзецца.

— Што праўда, то праўда, — далучыўся да размовы 79-гадовы Уладзімір Аляксеевіч, — рады мы за сваіх дзяцей. Шкадую, што не змог ім даць больш бацькоўскай ласкі. Ад цямна да цямна, амаль без выходных быў на працы, 42 гады стажу маю. Працаваў і паляводам, і трактарыстам, а звыш 30 гадоў — вадзіцелем. А не баяцца нават самай цяжкай працы навучыў мяне бацька (1885 года нараджэння), якому ў свой час мой дзед перадаў на дваіх з братам 60 гектараў зямлі і 7 — лесу. Вось і атрымоўваецца, што наша земляробская справа доўжыцца ўжо вякамі. Жадаем сваім сынам, усім хлебаробам моцнага здароўя, плённага жніва, любіце сваю родную зямлю.

Пасля такіх цёплых слоў дарога на поле, дзе выбарачную ўборку азімага рапсу вёў сярэдні сын з працоўнай дынастыі сям’і Орда — Уладзімір, не была такой і доўгай.


— Выдатны хлопец, добры спецыяліст, можа працаваць на любой тэхніцы і працуе толькі якасна. Нездарма ж яго партрэт занесены на раённую дошку Пашаны, — так ёмка ахарактарызаваў Уладзіміра загадчык участка Юрый Утаўка. Трохі засаромеўшыся, у той жа час годна і нетаропка, да нас з кабіны “Джон-Дзіра” спусціўся і сам камбайнер. Каб не затрымліваць яго, як раз прывезлі на поле гарачыя абеды, папрасіў расказаць пра сябе.

— Ад дзеда і бацькі мне перадалася любоў да родных мясцін. Нейкі час рабіў у сельгасхіміі, а ў кааператыве — 7 год. У асноўным працую на трактары, да камбайнерскай справы прызвычаіўся з 2006г. Мне падабаецца — тут ўсё для мяне роднае.

Пажадаўшы Уладзіміру і яго калегам смачна паабедаць і добрых намалотаў, мы накіраваліся на майстэрню ў Запрудзяны. Там, як паведамілі нам па мабільніку, маглі мы застаць Аляксея Орду. Па словах яго малодшых братоў і кіраўніцтва СВК “Місявічы”, ён — самы вопытны ў механізатарскай справе. Нам пашчасціла. Аляксей заканчваў агляд галандскага кормаўборачнага камбайна.


— 23 гады тут працую. Завершыцца падборка травяных кармоў, перайду на кукурузу, — таропка зазначыў Аляксей — І так аж да позняй восені. А зімой на мяне ўскладзены абавязкі акамулятаршчыка.

Не стаў больш дакучаць працавітаму хлопцу сваімі распытамі, не той час, каб весці доўгія размовы. Было і так добра зразумела, што, дзякуючы такім таленавітым механізатарам, як браты Аляксей, Уладзімір і Міхаіл Орда, мы будзем яшчэ багацейшымі на ўсе даброты, што дорыць нам зямля. Хай спрыяюць ім неба і бацькоўскае благаславенне.

Вікенцій ПАДГАЙСКІ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*