“Святыня — тэатр — спорт”

Знай наших! 31 июля 15 1559


У Варшаве прайшла 27-я Міжнародная парафіяда дзяцей і моладзі. У гэтым годзе спартова-рэлігійнае мерапрыемства сабрала 1 500 удзельнікаў з Еўропы (Польшча, Беларусь, Расія, Германія, Іспанія, Літва, Латвія). Нашу краіну прадстаўлялі 20 парафій, найбольш шматлікімі з якіх былі вернікі з Гродзеншчыны. У ліку іх была і наша каманда Тракельскай парафіі.

Адкрыццё адбылося 12 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Настаўніцы моладзі. Імшу для спартоўцаў і гледачоў узначаліў біскуп Марыян Флорчык, адказны па справах душпастырства спартоўцаў у Польшчы.

Парафіяда праходзіла на падставе трыяды: “святыня — тэатр — спорт”. “Святыня” займае асаблівае месца ў гэтым мерапрыемстве, бо кожны дзень распачынаўся ў нас у імя Бога. Гэтая частка праграмы парафіяды ўзмацняла нашу веру. Акрамя Святой імшы, мы ўдзельнічалі ў супольнай ранішняй малітве, разважаннях над Божым словам і мелі магчымасць прыступіць да Сакраменту пакаяння. “Тэатр” дазволіў нам паказаць свае артыстычныя здольнасці ў невялікіх тэатральных прадстаўленнях. У “спорце” — мы хуткія, моцныя і ўдалыя. За удзел у разнастайных спартыўных спаборніцтвах мы атрымалі шмат узнагарод. Напрыклад, у тэнісе сярод дзяўчынак і хлопцаў Маргарыта Кульніс і Яўге-ній Нос занялі 3-е месца, Дыпломам адрознення быў адзначаны і Анджэй Адаміцкі. Ганаровае 2-е месца заваявала Маргарыта Кульніс і ў шашках. На трэцюю прыступку падняліся хлопцы на чале з капітанам каманды Эрыкам Струкялём у валейболе. Я ж прадстаўляла нашу каманду ў вакальным спаборніцтве “Музыка ў маім жыцці”. Вельмі хацелася атрымаць перамогу, але ў гэтым конкурсе было аж 70 удзельнікаў. Я выканала песню на роднай мове “Васільковае неба” і атрымала Дыплом адрознення (гэта чацвёртае месца), саступіўшы дзяўчынкам з Украіны і Расіі. Маё невя-лікае расчараванне было кампесавана бурнымі апладысментамі гледачоў.



Яшчэ мы кожны дзень хадзілі ў басейн, для нас ладзіліся дыскатэкі, канцэрты, забаўляльныя праграмы. Мы знайшлі тут новых сяброў, даведаліся значна больш, чым ведалі пра Бога, навучыліся перамагаць. Толькі ўявіце сабе на парафіяду прыехала паўтара тысячы ўдзельнікаў, і ўсе яны былі настроены на перамогу, гэта была проста нерэальная канкурэнцыя. Нам здавалася, што наша каманда наогул нічога не выйграе, але мы маліліся, прасілі Бога, каб дапамог. Мы вельмі хацелі не падвесці светара Аляксандра Рудзевіча, які адправіў нас абараняць гонар парафіі, і нашых суправаджаючых Ірыну Кахоцкую і Наталлю Драб. Ім асабістая падзяка за маральную падтрымку ў хвалюючыя хвіліны падчас конкурсаў і спаборніцтваў.



Усё атрымалася з Божай дапамогай: мы прывезлі не толькі шмат асабістых медалёў і дыпломаў, але і вялікі Кубак за 3-е месца. Нездарама кажуць: усё добрае, хутка заканчваецца. Вось і прыйшоў час развітання з новымі сябрамі, з прыгожым горадам Варшава, з парафіядай… Гэты тыдзень, праведзены ў малітве, са спортам і мастацтвам мы не забудзем ніколі.

Ангяліна ІВУЦЬ,

удзельніца каманды Тракельскай парафіі.

Фота з архіва аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*