Не старэюць душой ветэраны

Знай наших! 18 апреля 14 1420
11 красавіка ў Іўі прайшоў ХХ рэспубліканскі фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў  “Не старэюць душой ветэраны”. Наш раён на конкурсе прадставіў хор ветэранаў працы “Землякі” Воранаўскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці (мастацкі кіраўнік Р.А. Шарко, музычны кіраўнік А.А. Мацюк).
У чацвёрты раз нашы “Землякі” ўдзельнічаюць у фестывалі. І трэба адзначыць, з кожным годам іх творчае майстэрства ўдасканальваецца, тым больш што ўліваюцца новыя сілы з ліку ветэранаў працы. У гэтым годзе вылучыцца сярод 13 калектываў хароў вобласці дапамагла сур’ёзная папярэдняя падрыхтоўка. Да святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі быў падабраны адпаведны матэрыял: песні пра вайну, родны край. Загаддзя былі пашыты новыя элегантныя сцэнічныя касцюмы, за што раённы савет ветэранаў выказвае падзяку начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А.Я. Ганевіч, дырэктару Радунскай школы-інтэрната В.В. Міхалоўскаму і работнікам раённага ўнітарнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання. А за матэрыяльную і арганізацыйную падтрымку — райвыканкаму і аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.


Шэсць раз таленты Воранаўшчыны падымаліся на сцэну за ўзнагародамі. Самай вялікай радасцю стала прызнанне лепшым хора ветэранаў працы “Землякі” і адзначэнне яго Дыпломам за духоўнае і патрыятычнае выхаванне моладзі, прапаганду песні і актыўны ўдзел у культурным жыцці вобласці. Вельмі прыемна было атрымаць узнагароду галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама і народнаму ансамблю выкладчыкаў Воранаўскай дзіцячай школы мастацтваў “Гарэзлівыя струны” за лепшае аркестровае суправаджэнне. Адразу некалькі ўзнагарод атрымаў і Міхась Васільевіч Забалотны. Асабліва даспадобы прыйшоўся аўтару-выканаўцу нагрудны знак лаўрэата фестывалю. Да слова будзе сказаць, што гэта ўзнагарода была ўручана толькі траім чалавекам з Гродзенскай вобласці, сярод якіх і наш таленавіты зямляк.

Каміла КАНЕВІЧ.

На здымках: хор “Землякі”; М. Забалотны.

Фота з архіва Воранаўскага РМЦНТ і Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*