З удзячнасцю ад нашчадкаў

Страницы истории 14 июля 15 1130
Чырвоным колерам у календары варанаўчан адзначана 11 ліпеня — Дзень вызвалення Воранава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтая дата запісана навечна ў сэрцах удзячных нашчадкаў. Менавіта яна аб’яднала прадстаўнікоў улады, ветэранаў вайны і працы і маладое пакаленне, якія сабраліся на мітынг ля помніка воінам і партызанам у райцэнтры, каб ушанаваць памяць загінуўшых герояў.

— Сёння спаўняецца 71 год са дня вызвалення Воранава ад ворага. Яно адбылося ў ходзе 2-га этапа Беларускай аперацыі, што праходзіла з 5 ліпеня па 29 жніўня 44-га года. Наш пасёлак быў добра ўмацаваны немцамі. Аднак пад напорам савецкіх войск акупанты вымушаны былі адступаць. Па сведчанні сводкі савінфармбюро за 11 ліпеня 1944 года, паўночна-заходней і паўднёва-заходней горада Вільнюс нашы войскі працягвалі наступленне, авалодалі раённым цэнтрам Воранава Баранавіцкай вобласці, а таксама з баямі занялі больш за сто другіх населеных пунктаў. Адным з першых сюды, у пасёлак, уварвалася падраздзяленне пад камандаваннем маёра Сцяпана Сяргеевіча Уласава, які ў дзень вызвалення Воранава загінуў. Мы з удзячнасцю ўшаноўваем яго імя, усіх, хто загінуў за наш райцэнтр. І наш абавязак — захаваць памяць пра іх і надалей, а таксама адшукаць імёны да гэтага часу невядомых 117 воінаў, — узгадала падзеі вызваленчага года старшыня раённага савета ветэранаў Нэлі Пушнянкова.

Быць вернымі памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны і не забыць суровых тых часоў заклікаў прысутных на мітынгу старшыня райсавета дэпутатаў Віктар Роік. Ён пажадаў усім мірнага неба над галавою, стваральнай працы і сваімі дасягненнямі славіць наша Воранава як у краіне, так і за яе межамі.

Далей — традыцыйныя Хвіліна маўчання, ускладанне вянкоў і кветак да помніка…

У панядзелак, 13 ліпеня, грамадскасць і жыхары Радуні адзначалі Дзень вызвалення іх пасёлка. Яны ўшанавалі памяць воінаў-вызваліцеляў на мітынгу ля брацкай магілы.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*