“Гісторыя ў вежах спачывае”: канвелішская святыня

История 23 апреля 24 461

1C9A1169.JPG
Цудоўныя ўзоры драўлянага дойлідства захаваліся на Воранаўшчыне. Аж тры драўляныя каталіцкія святыні дайшлі да нашых дзён і служаць верай і праўдай варанаўчанам. З жырмунскай і тракельскай мы ўжо пазнаёмілі чытачоў. Значна маладзейшая за іх — 1916 года пабудовы ў стылі неаготыкі — канвелішская. Як сцвярджае настаяцель храма Дзмітрый Сядлецкі, унікальны касцёл тым, што бадай ва ўсёй Беларусі не знойдзеш драўлянай каталіцкай святыні, якая б настолькі высока ўзняла свае вежы ўвысь. Якраз ксёндз Дзмітрый, а таксама бібліятэкар Канвелішскай сельскай бібліятэкі Таццяна Сініцкая і сталі нашымі праваднікамі ў гісторыю касцёла ў Канвелішках.

1C9A1176.JPG

Што ў імені тваім?

У пачатку нашай вандроўкі заглядваем у мясцовую бібліятэку, дзе вядзецца летапіс мясцовасці. У многім дзякуючы і дапамозе мясцовага краязнаўцы Рамана Беня.

З цікавасцю даведваемся, што сёння ў Канвелішках адна з вуліц мае назву Смалінская. Ды нават не ўсім жыхарам аграгарадка вядома, што колісь гэта была вёска і касцёл быў пабудаваны менавіта на яе тэрыторыі. Адпаведна і называлася святыня не канвелішская, а смолінская. Так было да паловы ХІХ стагоддзя.

1C9A1230.JPG

— Дарэчы, Канвелішкі былі дваром, аддаленым ад вёскі Смоліна, якая ў свой час стала мястэчкам. Гэта было засведчана ў прыхадскіх запісах 1818-1824 гадоў, — вядзе гістарычны экскурс Таццяна Стэфанаўна Сініцкая. — Пазней двор Канвелішкі прадаваў надзелы зямлі ці дарыў за добрую працу дваравой службе. І хаты будавалі ўсё бліжэй і бліжэй да Смоліны. Паколькі дамы з’явіліся на зямлі двара, то іх гаспадары называлі сябе “канвелішскімі”. Вось так паступова двор далучыўся да вёскі. І ўжо ў 1845-1850 гадах афіцыйна касцёл пачаў лічыцца канвелішскім. Самі Канвелішкі сталі гандлёвым мястэчкам, а ў Смоліны забралі гэты прывілей. Затым яна перастала быць і вёскай.

Крокі ў мінулае

Касцёл нас сустрэў першароднай цішынёй, адчулася дзівоснае супакаенне... Скрыпнулі брамай — і зрабілі яшчэ адзін крок да мінулага святыні толькі ўжо разам з ксяндзом Дзмітрыем Сядлецкім.

1C9A1155.JPG

На тэрыторыі канвелішскага прыхода ў свой час дзейнічалі дзве капліцы. Фундатарам першай была ўладальніца маёнтка Канвелішкі Пелагея Рачкоўская. Пабудаваная ў 1776 годзе капліца насіла назву Найсвяцейшай Марыі Панны. Практычна праз сто пяцьдзясят гадоў графіня Умястоўская будуе ўжо мураваную. Дзіўна тое, што ў Канвелішках некаторы час святыня была пратэстанцкай, бо ў ёй існаваў арыянскі збор (арыянства — кірунак кальвінісцкага руху).

Першы касцёл у Канвелішках быў пабудаваны дзякуючы фундатару — ксяндзу-каноніку Мікалаю Янкоўскаму. Справа ў тым, што святару, калі ён трапіў у Канвелішкі, мясцовасць настолькі спадабалася, што ён вырашыў пабудаваць тут касцёл. Сваю задумку пачаў ажыццяўляць у 1808 годзе. Ён падтрымліваў мясцовых жыхароў і дапамагаў ім, асабліва бедным. Дарэчы, касцёл быў названы ў гонар фундатара — Святога Мікалая.

Аднак святыня згарэла. Па словах ксяндза Дзмітрыя, мяркуецца, што пажар адбыўся з-за непатушанага пасхала — свечкі. Людзі вельмі перажывалі і плакалі. З дошак зрабілі імправізаваную капліцу, каб можна было адпраўляць імшу. У 1916 годзе на яе месцы была пабудавана новая святыня дзякуючы намаганням ксяндза Юзафа Дубеліса, касцёльнага камітэта і прыхаджан. Толькі змянілася яе назва — Сэрца Ісуса.

— Канвелішкі знаходзяцца ў 10 кіламетрах ад Беняконяў і Дзевянішак (тэрыторыя Літвы). Людзі палічылі, што хадзіць у касёлы ў гэтыя вёскі далёка, пабудавалі святыню акурат па сярэдзіне. Прыход у адрозненні ад іншых быў бяднейшы. Яшчэ ў старым касцёле не было арганаў. У новым не было драўлянай падлогі, а таксама бакавых алтароў. Алтары святых Ганны і Мікалая з’явіліся два гады назад, — расказаў святар і запрасіў нас зайсці ў храм.

1C9A1109.JPG

1C9A1160.JPG

Утульна, адразу адчуваеш суладдзе і гармонію ў душы. Гэта мы адзначылі практычна адразу. На галоўным алтары, які рабіў запрошаны з Вільнюса майстар, цэнтральны абраз — Сэрца Ісуса. Па баках алтарнай часткі размешчаны дзве скульптуры Маці Божай, адна з якіх — драўляная. Ксёндз Дзмітрый мяркуе, што яны найстарэйшыя ў касцёле. Магчыма, пасля пажару іх прынеслі ў дар з іншых святынь.

— У 1970-х гадах ксёндз Апалінарый Зубялевіч упрыгожыў касцёл серыяй абразоў. Тут знойдзеце элементы ружанца і эпізоды жыцця Хрыста, — субяседнік паказаў на верхнюю частку храма. — Дарэчы, многія лічаць, што вокны маюць шмат гадоў. Аднак яны памыляюцца. Гэта справа клопату ранейшага настаяцеля Генрыка Яблонскага і яго брата Юрыя. Гэты ж святар знайшоў склеп, дзе былі пахаваны хутчэй за ўсё святары і фундатары. Паколькі труны былі разбіты, вырашана было замураваць склеп.

1C9A1120.JPG

1C9A1115.JPG

1C9A1111.JPG

Ёсць у касцёле адно цікавае памяшканне, якога няма ні ў адным храме Воранаўшчыны — так званая, трупярня. Дзверы ў яе вядуць з левага боку ўваходу ў храм. Раней там на некаторы час вернікі пакідалі сваіх памерлых. Пэўна, таму аздобе памяшкання ніхто не надаваў увагі — проста шалёваныя дошкі.

Як толькі зачынілі гэтыя дзверы, загучала мелодыя. На гадзінніку — 12.00. Аказалася, што ў гэты час, а таксама ў сем раніцы і а дзявятай вечара іграюць званы. Гэтую навінку ўкараніў ксёндз Дзмітрый. Дарэчы, канвелішскія званы патрабуюць асаблівай увагі. У 1819 годзе адзін набылі за ахвяры прыхаджан, а другі ў1852-м набыў уласнік канвелішскага маёнтка Казімір Умястоўскі.

Планаў на аднаўленнне святыні ў ксяндза нямала. Трэба памаляваць дах, сцены, добраўпарадкаваць тэрыторыю… Канешне ж, гэта пры падтрымцы прыхаджан і неабыякавых вернікаў.

Для вернікаў і з вернікамі

— Галоўнае ў працы святара — быць з людзьмі і дапамагаць ім у патрэбе. Як кажа Евангелле, “смяяцца з тымі, хто смяецца, плакаць з тым, хто плача”, — упэўнены настаяцель канвелішскага касцёла Дзмітрый Сядлецкі. — Вельмі прыемна, што дзеці і ўнукі маіх прыхаджан не адрываюцца ад сваіх каранёў, не цураюцца малой радзімы. У свой касцёл прыязджаюць хрысціць дзяцей, браць шлюб, як колісь гэта рабілі іх бацькі, дзяды і прадзеды. Сем’і збіраюцца на каталіцкія святы, хораша моляцца за свой радавод, за будучыню новых пакаленняў.

1C9A1138.JPG

1C9A1145.JPG

1C9A1167.JPG

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

 

Добавление комментария
CAPTCHA
*