Юраўскае свята прайшло ў Місявіцкім цэнтры культуры

26 апреля 24 274

5.jpg
  У цыкле веснавых народных святаў важнае месца займае юраўскае свята (святы Юры, Юрай, Георгій), якое адзначаецца 23 красавіка ў каталіцкім храме, 6 мая — у праваслаўным. Святы Юрый у фальклорных крыніцах ахоўвае свойскую жывелу, дапамагае пастухам. Такому разуменню вобраза Юрыя (Георгія) спрыяла яго іконапісная выява — ён заўсёды сядзіць на кані.

Свята юраўскага дня паспрабавалі аднавіць члены фальклорнага клуба “Нашчадкі” пры філіяле Місявіцкага цэнтра культуры. Пад мелодыю “Юр’я, устань рана…” на сцэну выйшлі гаспадары Мацвей Коўжуць і Мілана Майсей. Трымаючы ў адной руцэ галінку вярбы, а ў другой посуд са свянцонай вадой яны акраплялі памяшканне са словамі:

— Юрай, уставай рана, адмыкай зямлю,

Выпускай расу на цёплае лета,

На буйнае жыта, на ядрыстае,

На каласістае, людзям на здароўе.

9.jpg

6.jpg

Гучаць беларускія народныя песні , прымаўкі ды прыказкі, загадкі і легенды ў выкананні маленькіх артыстаў. Аднак і дарослыя не засталіся па-за ўвагай. Прыйшлі павіншаваць са святам Юр’я і члены клуба “Славяначка”. Каравай у цёткі Ганны (ролю якой выконвала Г.М. Кухарэвіч) ўдаўся на славу — значыць павінен у гэтым годзе быць добры ўраджай. Дарослыя расказалі дзецям аб тым, як у іх дзяцінстве адзначалася свята Юр’я.

— Яшчэ мая бабуля казала: раса ў юр'еўскую раніцу мае жыватворную сілу для раслін, жывёл і чалавека, — успамінае І.С. Сімановіч.

—А мы, калі былі дзяўчатамі дык выходзілі на першую расу, клалі на жытнёвыя руні посцілкі. Калі яны намакалі, збіралі іх і неслі дадому. Дома посцілкі выкручвалі і гэтай расой апырсквалі жывёлу, выціралі вочы, твар і іншыя часткі цела, асабліва хворыя ці параненыя. Гаючыя здольнасці юраўскай расы шырока выкарыстоўвалі лекары, якія раілі хворым людзям пакачацца па жніўцы дзеля здароўя. Гэты абрад выканалі і нашы артысты з надзеяй заўсёды быць здаровымі.

7.jpg

Яшчэ дзеці даведаліся ад дарослых, што менавіта ў гэты дзень абавязкова неабходна было першы раз пасля зімы выгнаць скаціну ў поле. Амаль паўсюдна гаспадыня выганяла з двара кароў, лёгенька біла яе асвячонай у касцёле вербачкай, жадала, каб яна была здаровай, дужай і прыносіла прыплод у гаспадарку. Затым вярбу ўтыкала ў шчыліну сцяны або клала пад страху хлява, для таго, каб вербачка гэтая спрыяла штодзённаму вяртанню жывёлы дадому.

Для пастухоў гэта было своеасаблівае прафесійнае свята. Вяскоўцы даручалі ім увесь вясковы статак, сваё галоўнае спадзяванне на дабрабыт. Звычайна пастухоў адорвалі хлебам,салам, яйкамі.

Шмат цікавага яшчэ нам расказалі жанчыны. А хлопчыкі дзяўчаткі ўважліва слухалі і запаміналі, каб перадаць нашу спадчыну для будучых пакаленняў.

8.jpg

4.jpg

3.jpg

Валянціна КОЦІК,

загадчык Місявіцкага філіяла.

Добавление комментария
CAPTCHA
*