У дажыначных снопе і караваі — багацце воранаўскіх палёў

З ураджаю родных палеткаў, з любоўю да роднай зямлі майстрыцы аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры стварылі дажыначны сноп на галоўны фэст хлебаробаў. Жыта, пшаніца, авёс, зёлкі… Усе здабыткі воранаўскіх ніў і палеткаў уплялі ў святочны сноп, які вымахаў больш за два метры.

Саламяны цуд упрыгожылі фігуркі анёлкаў. Традыцыйна беларусы любую справу пачыналі з малітвы-просьбы аб дапамозе да Усявышняга і заканчвалі шчырымі словамі падзякі яму.
Пачэснае месца — на самым версе снапа — заняў бусел. Як сімвал бацькоўскай зямлі, повязі з продкамі, як сімвал нацыянальнай чысціні і дабрабыту ў краіне, беларускіх сем’ях.
Важкі воранаўскі каравай — на ваўкавыскі фэст

На “Дажынкі” лепшыя пекары Прынямоння напяклі духмяныя пышныя караваі. І кожны — непаўторны, бо, акрамя душы, туды ўкладзены фантазія і павага да хлеба.
Ох, і важкі атрымаўся воранаўскі каравай! Кілаграмаў дзесяць, у тры паверхі! Абсыпаны кветкамі, аздоблены з любоўю.
Сімвалічна ўвянчала каравай калоссе. Пакуль спеюць нашы нівы, шуміць збожжа, гудуць камбайны — віруе жыццё, квітнее Бацькаўшчына, з пакалення ў пакаленне перадаюцца народныя традыцыі і культура.



