“Падарожжа ў лета”

Из редакционной почты 04 августа 15 11452


У час канікул у Паляцкішскай школе працаваў аздараўленчы  лагер  “Сонейка” з дзённым знаходжаннем.  У  ім адпачывала 20 дзяцей ва ўзросце  ад 11 да 14 гадоў. Уся дзейнасць дзіцячага калектыву была падпарадкавана дэвізу сёлетняй аздараўленчай кампаніі “Лета на карысць”.  Школьны праект “Падарожжа ў лета”, пабудаваны ў форме гульні-казкі, дазволіў зрабіць адпачынак дзяцей цікавым і карысным. Вопытныя педагогі школы  на працягу васямнаццаці дзён ладзілі шматлікія пазнавальныя і забаўляльныя мерапрыемствы,  якія садзейнічалі духоўнаму, патрыятычнаму, экалагічнаму і фізічнаму выхаванню.



Кожны дзень у лагеры быў тэматычным. Цікава і захапляльна прайшлі мерапрыемствы “Добры дзень, лета!”, “У свеце казак”, “Аўкцыён кніг”, “Я люблю Беларусь”, “Памяць — бессмяротна”, гульня-падарожжа “Бяспечны маршрут”, экалагічны турнір “Па лясных сцяжынках”. Па ініцыятыве настаўніка гісторыі А.М. Васько была арганізавана экскурсія ў музей Пагародзенскай сярэдняй школы. З удзелам інспектара ІСН Воранаўскага РАУС А.У. Савоські праведзены мерапрыемствы, накіраваныя  на прафілактыку правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх. Добра наладжанае сацыяльнае партнёрства школы з суб’ектамі соцыуму садзейнічала правядзенню сумесных мерапрыемстваў. На базе Паляцкішскага сельскага клуба прайшлі пазнавальна-гульнёвыя мерапрыемствы, дапамогу ў іх падрыхтоўцы аказала дырэктар клуба З.Я. Серафімка. Літаратурная гасцёўня “Кніга — верны сябар і дарадчык”, завочная вандроўка “Сцяжынкамі Воранаўшчыны” прайшлі на базе сельскай бібліятэкі. Т.А. Стацэвіч, загадчык бібліятэкі, пазнаёміла дзяцей з навінкамі літаратуры, арганізавала цікавыя конкурсы, правяла час ціхага чытання. Цікавасць у вучняў выклікала экалагічная гульня-віктарына “Эрудыт”. Падчас работы лагера вялікая ўвага ўдзялялася спартыўным мерапрыемствам: спартландыя, эстафеты, ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”, сустрэча з вайскоўцамі пагранпаста “Драбішуны” былі ўключаны ў праграмму.   Пра здароўе дзяцей клапацілася фельчар ФАПа Л.М. Малашэвіч. Смачныя стравы тры разы на дзень гатавалі кухар Г.С. Янкелайць і яе памочнік А.І. Квецень.



За час лагернай змены дзеці ўмацавалі здароўе, атрымалі шмат эмоцый і карысных ведаў, а педагогі зрабілі ўсё магчымае, каб адпачынак у лагеры стаў для іх запамінальным.

Іван ГАБІС,

сацыяльны педагог Паляцкішскай сярэдняй школы,

начальнік аздараўленчага лагера “Сонейка”.

Фота з архіва аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*