З кірмашу шмат чаго прыйшлося везці і несці — будзе што зімой удосталь і смачна есці

С праздником 23 октября 13 1784

Традыцыйныя восеньскія кірмашы ў мінулую суботу паспяхова адшумелі ў Радуні і Воранаве. Паказаць і прадаць сваю прадукцыю прывезлі не толькі сельгасарганізацыі, але і фермерскія гаспадаркі, індывідуальныя прадпрымальнікі. Напрыклад, у райцэнтры кірмашовы рух пачаўся яшчэ а дзевятай гадзіне. Збожжа, бульба, жывыя цяляткі і рыба (трэба зазначыць, што на гэты раз яна была таннай — да 20 тысяч), мёд, капуста, морква, чырвоныя бурачкі — усе гэтыя і іншыя дары шчодрай восені вабілі да сябе шматлікіх пакупнікоў. Асабліва вялікі попыт быў на капусту, якую прадаваў фермер Эдмунд Саковіч. Амаль тры тоны гэтай карыснай агародніны разышліся імгненна.

— Якасць нашай капусты пакупнікі добра ведаюць, ужо не адзін год прыязджаем на кірмаш, — задаволена разгаварыліся Эдмунд Іосіфавіч (на здымку з больш чым кілаграмовай бульбінай) і яго жонка Леанарда Леанардаўна. — Бульбу прадалі яшчэ да надыходу верасня, карысталася попытам і цыбуля на пяро. Ураджай на нашых палетках выдаўся не такі ўжо і багаты — зерневыя далі каля 27 цэнтнераў, бульба — пад 230. Ды ў накладзе не засталіся, бо цана сёлета на сельгаспрадукцыю ўсталявалася прымальная.

Хутка раскупілі і капусту ў Віктара Святловіча з Жырмун. Не засталіся ў крыўдзе на воранаўскіх пакупнікоў таксама і індывідуальныя прадпрымальнікі-агароднікі з Іўеўскага і Лідскага раёнаў.

А сапраўдным упрыгожваннем радунскага і воранаўскага кірмашоў былі, вядома ж, сельскагаспадарчыя падворкі. Не толькі аўтарытэтныя камісіі, але і ўсе госці былі проста зачараваныя шчодра прадстаўленай там прадукцыяй, прыгатаванымі ад сэрца нацыянальнымі стравамі, талентам аматараў народнай творчасці.  Вызначыць лепшы падворак гаспадарак раёна было надзвычай цяжка. Пасля ўсіх “за” і “супраць” пераможцамі воранаўскага кірмашу былі прызнаны КСУП э/б ”Пагародна” (першае месца), “Эліт-Агра Больцінікі” (другое), э/б “Кастрычнік” (трэцяе).  Заахвочвальнымі прэміямі адзначаны таксама саўгас “Воранаўскі” і сельгаскааператыў “Тракельскі”. На кірмашы ў Радуні прынялі ўдзел пяць сельгасвытворчых кааператываў. У ліку лепшых (першае месца) “Гіркі”. На другім месцы адразу дзве гаспадаркі — “Больцішкі” і “Доцішкі”, а на трэцім — падворак “Забалацкага-агра”.

Шчасця, добрай долі  ўсім жадаем

І праз год зноў на кірмашах чакаем!

Вікенцій ПАДГАЙСКІ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.



.



.



.



.



.



.

Добавление комментария
CAPTCHA
*