Дзе жыве “Знахарка” i як трапiць на “Лужайку-пачытайку”?

Социальная сфера 05 июня 16 1634


Гэта добра ведаюць чытачы Бастунскай сельскай інтэграванай бібліятэкі. Бо адно з іх — назва папулярнага ў вёсцы аматарскага аб’яднання, другое — любімая дашкалятамі чытальная зала на свежым паветры. Вось такія формы заахвочвання выкарыстоўвае бібліятэкар — лаурэат прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя А.І Дубко ў 2004 годзе — Ірына Яўгеньеўна Карповіч. А нядаўна па выніках рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” яна ўзнагароджана дыпломам II ступені.

Гэтая падзея стала для Ірыны Яўгеньеўны прыемным, але вельмі нечаканым сюрпрызам. На тое, што сельская бібліятэка вытрымае канкурэнцыю ў маштабах рэспублікі, яна зусім не разлічвала. А на мой погляд, гэта заканамерна. Бо чалавек, які аддаў бібліятэчнай справе 30 гадоў, можа спадзявацца на прызнанне. Тым больш калі ўкладвае ў сваю работу душу. Для жыхароў бастунскага краю бібліятэка — сапраўдны культурна-адукацыйны цэнтр, дзе яны могуць не толькі ўзбагачацца духоўна, але і карысна праводзіць вольны час. Аматарскае аб’яднанне “Знахарка” наведвае і моладзь, і людзі сталага ўзросту. Напрацягу 18 гадоў яны знаходзяць тут агульныя тэмы для абмеркавання, абменьваюцца карысным жыццёвым вопытам. Урок краязнаўства, тэматычны трэнінг, экалагічны суд, вечар-сустрэча, выстава-чамадан, кірмаш рэцэптаў, гульня-віктарына, летнія чытанні пад адкрытым небам — далёка не поўны пералік творчых знаходак бібліятэкі, якія тут прыжыліся. А супрацоўніцтва з ФАПам, мясцовай школай, цэнтрам культуры і вольнага часу робіць усе гэтыя мерапрыемствы змястоўнымі і відовішчнымі.

Наогул, Ірына Яўгеньеўна даражыць кожным сваім чытачом. У зоне абслугоўвання больш за 500 чалавек, з іх амаль 50 — дзеці. Мала таго, што яна ведае чытацкі густ кожнага, стараецца дайсці нават да самых аддаленых вёсак, дзе жывуць сталыя людзі, інваліды, пазбаўленыя магчымасці хадзіць. Ім кніжныя навінкі, якія бібліятэкар прыносіць на дом, у радасць.

У наш час, калі сур’ёзную канкурэнцыю кнізе складаюць інфармацыйныя тэхналогіі, падтрымліваць і развіваць інтарэс да чытання няпроста, але магчыма, упэўнена Ірына Яўгеньеўна. Для гэтага дастаткова любіць справу, якой займаешся.

Вольга ВАРАБ’ЁВА.

На здымку: І. Карповіч з  наведвальнікамі бібліятэкі.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*