Беларускамоўнаму дзіцячаму часопісу “Вясёлка” — 60 гадоў

Социальная сфера 08 апреля 17 2640
logo

Святкуем 20 красавіка 2017 года.


Верны сябар дзяцей

Спытайце ў дарослых, хто адмераў у жыцці багата гадоў, што для іх было самым галоўным. Большасць людзей прызнаюцца: найвялікшае багацце – верныя, надзейныя сябры. Праз вякі народ перадае сваю мудрасць: “Чалавек без друга, што яда без солі”; Лепш сто сяброў, чым сто рублёў”; “Скажы, хто твой таварыш, я скажу, хто ты”.

Вельмі добра, што ў беларускіх дзяцей ёсць дужа верны, надзейны, мудры сябар. Імя яму – “Вясёлка”. Звярніце ўвагу на цудоўныя адметнасці. Літаратурная “Вясёлка” для юных чытачоў з’явілася вясною, у красавіку 1957 года. Дык жа і прыродная вясёлка-падкоўка ўпрыгожвае неба, пачынаючы з вясны. У назве часопіса – сем літар, а ў нябеснай вясёлкі – сем колераў.

Беларусы па-своему разгадваюць сяміколерную вясёлку. Аранжавы колер – у сонцы над намі. Чырвоны – у сэрцах беларусаў. Блакітны – у азёрах, рэках, нашых вачах. Зялёны – у пушчах, дубровах, нівах. Фіялетавы – у кветніках, вышыванках. Жоўты – у золаце нашай дабрыні. Сіні – у льняных палетках.

А ў часопіснай “Вясёлцы” я налічыў шэсцьдзесят адметных колераў. Яна вясёлая і прывабная, добрая і ўсмешлівая, спагадная і ласкавая, мудрая і павучальная, цікавая і загадкавая, жаданая і красамоўная… Знарок стаўлю шматкроп’е, каб чытачы самі знайшлі, адчулі, убачылі наступныя колеры-якасці свайго вернага сябра.

Прыемна, што “Вясёлку” ахвотна чытаюць ужо некалькі пакаленняў беларусаў. Той, хто трымаў у руках самыя першыя нумары нашага дзіцячага выдання, цяпер ужо мае статус дзядулі ды бабулі. Чытае часопіс з сваімі ўнукамі, а то і праўнукамі. І як бы не мяняўся час, “Вясёлка” застаецца запатрабаванай. Чаму? Ды таму, што нязменна трымаецца сваіх трох вяршынь творчасці: вучыць Дзяцей любіць сваю Айчыну, нястомна далучае чытачоў да роднай мовы і культуры, тактоўна падказвае, як трэба шанаваць людзей, якія вядуць іх за ручку ў вялікае жыццё.

З “Вясёлкай” сябруюць не толькі юныя чытачы, а і найлепшыя пісьменнікі, мастакі, кампазітары. Вось чаму кожны яе нумар, а іх ужо ўбачылі свет 720, уяўляецца і своеасаблівай чытанкай, і дапаможніках ва ўсіх жыццёвых праявах, і дасціпным выхавацелем, настаўнікам. Добры пачатак вясёлкавай школы зрабілі ў свой час таленавітыя пісьменнікі Васіль Вітка, Сяргей Грахоўскі, Алесь Пальчэўскі, Артур Вольскі, Еўдакія Лось, Анатоль Грачанікаў. Вітаў нараджэнне “Вясёлкі” сам Янка Маўр, класік дзіцячай літаратуры: “Дарагія маленькія сябры! Вось і да вас прыйшоў новы часопіс. Знаёмцеся з ім, чытайце і перачытвайце, пасябруйце з ім і вы ўбачыце, што ён можа быць вашым добрым, цікавым і вясёлым таварышам…”

Не бяруся пералічваць усіх аўтараў “Вясёлкі”. Толькі скажу, што кожны год мы друкуем 70-80 твораў і старэйшых, і маладзейшых пісьменнікаў, а то і зусім пачаткоўцаў, якія трапляюць пад рубрыку “Упершыню ў “Вясёлцы”. Для рэдакцыі нязменным застаецца адзіны прынцып у падборы твораў для дзяцей: яны павінны быць арыгінальныя, цікавыя і карысныя нашым чытачам.

Маем права парадавацца, што апошнім часам “Вясёлка” змагла прапанаваць сваім патрабавальным чытачам такія творчыя праекты, як “Свет Вялікага тэатра”, “Скарбы Нясвіжскага замка”, “Народны календар”, “Сямейнае чытанне”, “Дабрадзей для ўсіх дзяцей” (пра Закон аб правах дзіцяці), “Грошык і таямнічы кошык” (пра фінансавую азбуку для дзяцей). Гэтыя ды іншыя творчыя здабыткі рэдакцыі ляглі ў аснову статомнай бібліятэкі “Вясёлкі”, якую мы пачалі выпускаць разам з нашымі сябрамі ў выдавецтве “Адукацыя і выхаванне”.

Штогод “Вясёлка” абнародвае да ста твораў сваіх юных аўтараў. Іх вершы, казкі, нататкі, смяшынкі, малюнкі – яркае пацвярджэнне таго, што следам за сталымі творцамі, уздымаецца таленавітая змена. Лепшые з іх адзначаюцца прэміяй галоўнага рэдактара. А дарослыя пісьменнікі ды мастакі традыцыйна ўшаноўваюцца медалём Васіля Віткі, заснавальніка часопіса.

З “Вясёлкай” супрацоўнічаюць вядомыя і маладыя мастакі. Яны ствараюць “вопратку”, адзенне, стылёвыя мадэлі да літаратурных твораў. І ў гэтым вялікі поспех маюць майстры пэндзаляў Віталь Дударэнка, Кацярына Білан, Аксана Аракчэева, Яна Войцік, Лізавета Емяльянава, Кацярына Горыд, Юлія Панкова…

Самай знакавай падзеяй у нашым жыцці за апошнія пяць гадоў стала выданне новага часопіса для дашкольнікаў “Буся”. Яго мы выпускаем творчымі і фінансавымі намаганнямі самой “Вясёлкі”. Спадзяемся, што наш “Буся” стане запатрабаваным для ўсіх дзедсадаўцаў Беларусі, якіх у нашай краіне паўмільёна.

У юбілейным зборніку “Вясёлка”, які падрыхтавала выдавецтва “Мастацкая літаратура”, прадстаўлены і аўтары, і іх творы, якія цешылі нашых чытачоў апошнія пяць гадоў. Гэта яшчэ адзін знак таго, што “Вясёлка” стварала і прадаўжае ствараць літаратуру для нашых спадчыннікаў. Нязменным застаецца жаданне вясёлкаўцаў, каб паштальён прыносіў “Вясёлку” і “Бусю” ў кожную сям’ю, дзе ёсць нашы чытачы. Мы былі, ёсць і будзем вернымі сябрамі Дзяцей Беларусі.

 

Уладзімір Ліпскі,

галоўны рэдактар часопісаў “Вясёлка”, “Буся”,

лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі
Добавление комментария
CAPTCHA
*