Свята песні, слова і творцаў. Дзень другі

Актуально 08 сентября 15 1427

Гэты скарб нам на вечныя годы


Мабыць, цяпло гэтага Жыватворнага агню, а таксама пасадка Саду Малітвы каля  храма Святога Міхаіла Арханёла, хрэсны ход да храма Богаяўлення і Божая літургія ў ім аказалі свой дзейсны ўплыў не толькі на людзей, але і на надвор’е непасрэдна ў Дзень беларускага пісьменства, 6 верасня. Хоць і было пахмурна, але без дажджу. Прабіваючыяся раз-пораз праз аблокі яшчэ ласкавыя сонечныя промні стваралі добры настрой у кожнага, хто акунуўся ў шматгалосую, рознакаляровую атмасферу свята.

З цікавасцю людзі агледзелі адноўлены палац князёў Друцкіх-Любецкіх, наведалі экспазіцыю Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, фотавыставу “Беларусь у Першай сусветнай вайне”. Аматары падарожжа з задавальненнем пабывалі на турыстычнай пляцоўцы “Гродзеншчына запрашае”, дзе, дарэчы, турыстычны патэнцыял Воранаўшчыны прэзентаваў наш раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Не пуставала і пляцоўка “Маладзёжная”, дзе адбыліся флэшмоб “За будучыню незалежнай Беларусі”, патрыятычная акцыя “Памяць” і іншыя мерапрыемствы.

Ніхто не пашкадаваў, што наведаў тэатралізаваныя прадстаўленні рыцарскіх клубаў Гродзеншчыны і канцэрты з удзелам ансамбляў сярэдневяковай музыкі і танцаў Гродзеншчыны і Мінска. Тут можна было навучыцца танцам беларускага Сярэднявечча і памерацца спрытам у рыцарскіх забавах.

Непрыкметна наблізіўся і час ўрачыстага адкрыцця Дня беларускага пісьменства, аб чым абвясцілі шэсце барабаншчыц і шаноўных гасцей свята пад гукі духавога аркестра. На галоўнай святочнай сцэне намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Русы, намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта краіны Ігар Бузоўскі, старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій і старшыня Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ложачнік.

Ігар Бузоўскі зачытаў віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. “Гэтае свята аб’ядноўвае тых, хто з вялікай пашанай ставіцца да роднага слова, духоўных здабыткаў нашага народа, нацыянальнай культуры, асветы і літаратуры. Яно распачало свой шлях у далёкім 1994 годзе са старажытнага Полацка і прайшло праз усю Беларусь. Сёлета святочную эстафету прымае Шчучын — адзін з прыгажэйшых гарадоў Гродзеншчыны, непаўторная ўтульнасць якога створана нястомнай плённай працай яго жыхароў. Амаль што 500-гадовая гісторыя беларускага кнігадрукавання сведчыць аб вялікім укладзе нашай краіны ў сусветную скарбніцу ведаў”, — гаварылася ў віншаванні.

— Ад часоў Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны кніга для беларусаў заўсёды была крыніцай ведаў, крыніцай асветы, надзейным падмуркам нацыянальнага развіцця, — адзначыў Міхаіл Русы. — Менавіта на такім падмурку пры падтрымцы Прэзідэнта будуецца сучасная дзяржаўная палітыка ў сферы культуры і развіцця кнігадрукавання. Толькі ў мінулым годзе ў нашай краіне выпушчана звыш 11 тысяч найменняў кніг і брашур тыражом больш за 30 мільёнаў экзэмпляраў. Па-сапраўднаму шчаслівы толькі той, хто памятае свае карані, не забывае матчыну мову, бо гэта тая невычэрпная крыніца, што яднае народ, дае сілу і натхненне, перадае нашчадкам сваю любоў да роднай зямлі.

Аддаючы даніну павагі першапачынальнікам беларускага пісьменства, Уладзімір Краўцоў засяродзіў увагу на дасягненнях сённяшніх дзён. “Намаганнямі сучасных пісьменнікаў, выдаўцоў і паліграфістаў, журналістаў, бібліятэкараў робіцца вялікая справа — ствараецца сучасная культура новай незалежнай Беларусі. Плённа працуюць творчыя саюзы пісьменнікаў і журналістаў. Абласны выканаўчы камітэт заўсёды падтрымліваў і будзе падтрымліваць лепшыя ідэі і творчыя намаганні, якія накіраваны на адраджэнне і развіццё традыцый нашай духоўнай спадчыны, мастацтва”, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

Што напісана пяром


Упершыню падчас свята ў Шчучыне ўручылі Нацыянальную літаратурную прэмію, намінантамі якой сталі шэсць аўтараў. “Вельмі важна цаніць і любіць нацыянальную літаратуру”, — адкрываючы цырымонію ўзнагароджання, адзначыла міністр інфармацыі Лілія Ананіч. — І сведчаннем таго, якую ўвагу і клопат праяўляе дзяржава аб беларускіх аўтарах, стала ў гэтым годзе прысуджэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі”.

У намінацыі “Дзіцячая літаратура” за кнігу казак “Надзейка-чарадзейка” прэмію атрымала Ганна Скаржынская, ураджэнка Шчучыншчыны.

Будзе помніцца свята надоўга


Толькі добрымі эмоцыямі поўніліся сэрцы людзей ад усяго пабачанага і пачутага на свяце. Была вялікая цікавасць жыхароў, гасцей горада і да фестывалю кнігі і прэсы, у якім прыняла ўдзел і наша рэдакцыя. Мы прэзентавалі не толькі саму газету, але і зборнікі творчых асоб Воранаўшчыны — паэтаў, музыкантаў. Карысталіся папулярнасцю флажкі, кубкі і магніцікі з сімволікій “ВГ”. Дарэчы будзе сказаць, што нашых землякоў было бачна і чутна і на другіх святочных пляцоўках. Вабіў сваім каларытам і самабытнасцю воранаўскі падворак, у багатае афармленне якога ўнеслі шмат фантазіі супрацоўнікі  бібліятэк раёна. Да таго ж добры настрой шчучынцам ствараў народны гурт “Лявоны”. У “Горадзе майстроў” ля выставы-продажу вырабаў раённага ад-дзела рамёстваў і традыцыйнай культуры таксама было шмат наведвальнікаў. Браў гонар за народную майстрыцу з Пагародна Станіславу Вікенцьеўну Міхно. Яе даматканыя ручнікі і дываны падоўгу разглядвалі і дарослыя, і дзеці. А ад жадаючых навучыцца ў яе прасці кудзелю і наогул не было адбою. Разнастайную і на ўсе ўзросты праграму прадставіла народная студыя гульні “Воранаўскія пацехі”.

Сумаваць на Дне беларускага пісьменства не было часу. Акрамя выступлення паэтаў і пісьменнікаў, канцэртаў прафесійных і аматарскіх калектываў, тэатральных спектакляў, конкурсаў, шматлікіх выстаў  твораў мастакоў, спартыўных мерапрыемстваў яшчэ можна было падзівіцца таленту народных майстроў-рамеснікаў з розных рэгіёнаў Беларусі і купіць на любы густ іх вырабы.   На высокім узроўні быў арганізаваны гандаль. Павільёны, палаткі з рознымі закускамі і напоямі былі размешчаны па адной з вуліц і набярэжнай возера амаль ці не на кіламетр. Словам, было што паесці, і за сталы прысесці месца хапала ўсім. А людзей адпачывала і весялілася на свяце — бы травы на сенажаці! Добразычлівыя і задаволеныя ўсмешкі, танцы пад рытмічную музыку і песні — усё гэта сведчыла, што свята ў Шчучыне прайшло выдатна.

Не сумняваюся, што і ў Воранаве на такім жа пазітыўным ўзроўні ў гэтую суботу, 12 верасня, пройдзе абласны адкрыты фестываль “Карнавал весялосці”. Да нас з усіх раёнаў Гродзеншчыны з’едуцца лепшыя майстры-прафесіяналы і адораць нас жартамі, гумарам, гульнямі і добрым настроем. Прыходзьце, будзе весела, як ніколі!

Вікенцій ПАДГАЙСКІ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.

.

.

.
Добавление комментария
CAPTCHA
*