Пра сям’ю, каханне і жаночае шчасце

Сямейная скарбніца 20 января 12 1890

Калі атрымала рэдакцыйнае заданне напісаць пра Алену Эдуардаўну Вансовіч, якая нядаўная была ўзнагароджана ордэнам Маці, адразу накіравалася ў вёску Начу. Там жыве вялікая і дружная сям’я гэтай жанчыны. Прыехала раней дамоўленага часу, таму вырашыла завітаць у мясцовы цэнтр нацыянальных культур, бібліятэку, на фельчарска-акушэрскі пункт, каб паспытаць аб начскіх навінах. Калі там даведаліся, што мэтай маёй вандроўкі з’яўляецца сям’я Вансовічаў, то адразу ж пачалі расказваць, якія гэта добразычлівыя і ветлівыя людзі і якія ў іх паслухмяныя, працавітыя і таленавітыя дзеці. Нягледзячы на тое, што гэтая сям’я прыехала жыць у вёску ўсяго 6 год таму, яна хутка абжылася тут, знайшла новых сяброў і заслужыла павагу аднавяскоўцаў.

Хата мнагадзетнай сям’і стаіць навідавоку: на ўзгорку паміж касцёлам і магазінам. Сяляне кажуць, што летам яна ўтапае ў кветках, тут заўжды чыста і ўтульна, бо і Алена Эдуардаўна, і яе муж Віктар Мар’янавіч — добрыя гаспадары. Завітаўшы ў дом, адчула нейкую асаблівую атмасферу. Амаль усе хатнія чакалі майго прыезду, асабліва самая маленькая Дар’я — яна была апранута ў прыгожую сукеначку і нават вусны падмалявала.

Гутарка з маці-гераіняй атрымалася па-жаночы цёплай і змястоўнай. Алена расказала, што яна таксама з мнагадзетнай сям’і: іх было чацвёра ў маці. Таму аб вялікай, а галоўнае — дружнай сям’і яна марыла ўжо з дзяцінства. Падчас вучобы ў Ваўкавыскім саўгастэхнікуме яна сустрэла свайго каханага Віктара, а калі дакладней сказаць, то ён настойліва заляцаўся да яе, ды так прыгожа, што скарыў сэрца дзяўчыны. Неўзабаве сыгралі вяселле, а праз год з’явіўся першанец.

— Тое пачуццё, якое я адчула, калі першы раз узяла яго на рукі, немагчыма апісаць словамі. Гэта быў маленькі камячок майго жаночага шчасця, я не магла нават уявіць сабе, што вось яно — мацярынства. Сыночка назвалі Юрыем, а трохі больш чым праз год з’явілася і наша Ганначка.

Маладая сям’я Вансовічаў пасялілася ў Лідскім раёне ў в. Дакудава, дзе гаспадары працавалі ў мясцовай сельгасгаспадарцы. Тут з’явіўся на свет другі сынок Арцём. Алена марыла аб дачцэ — усё ж яшчэ адна маміна памочніца, але нарадзіўся трэці сынок Вадзімка. З цягам часу вырашылі перабрацца бліжэй да родных мясцін галавы сямейства, ды і свякроў аб гэтым прасіла. Звярнуліся ў сельгаскааператыў “Доцішкі” да старшыні Г.Ф. Казлоўскага. Ён жа такім спецыялістам толькі ўзрадаваўся. На працу Алена Эдуардаўна ўладкавалася заатэхнікам-селекцыянерам, а Віктар Мар’янавіч — тэхнікам-асемянатарам. Старшыня прапанаваў жыллё (ды яшчэ і на выбар!): у Доцішках “прэзідэнцкі” домік, а ў Начы — вялікую цагляную хату. Канешне, Вансовічы аддалі перавагу дому ў Начы, бо сям’я іх немалая, а там многа пакояў. Жыццё пайшло сваёй чаргой: дзеці хадзілі ў школу, бацькі — на працу, разам аздаблялі хату. Але мара пра дачушку не пакідала Алену. І яна ўсё ж такі рашыла нарадзіць пятае дзіця. Такім чынам у Вансовічаў з’явілася маленькая Дашанька. Гэта, я вам скажу, у цяперашні час можна лічыць подзвігам! А калі гэта подзвіг, то павінен быць і ордэн за яго. Так і сталася: праз няпоўныя тры гады дзяржава ўзнагародзіла маці-гераіню ордэнам.

Працавітым і руплівым, Алене Эдуардаўне і Віктару Мар’янавічу ўсё ўдаецца: і старанна працаваць у сельгаскааператыве, і добра выхоўваць сваіх дзяцей, і трымаць вялікую хатнюю гаспадарку. Ды і каб чысціня і парадак у доме заўсёды былі. Бо валадараць у іх сям’і любоў, дабрыня, узаемаразуменне і павага адзін да аднаго.

Наталля ІВУЦЬ.

На здымках: ордэн Маці ўручае старшыня райвыканкама М. Розум; малодшая Даша заўсёды ў цэнтры ўвагі.

Фота аўтара.

Добавление комментария
CAPTCHA
*