Родны край свой песняй праслаўляюць

Знай наших! 06 февраля 15 1225
Дзіцячы вакальны ансамбль «Юность» Радунскай дзіцячай школы мастацтваў даўно ўжо заявіў аб сабе, прывозячы дыпломы лаўрэатаў з конкурсаў рознага кшталту. У апошні дзень 2014-га года ансамблю просвоена найменне “узорны”.
Кіруе ансамблем таленавіты педагог Тэрэса Іозаўна Ткачук, якая амаль дваццаць гадоў працуе з дзіцячым харавым калектывам школы мастацтваў. А ў 2005 годзе з ліку самых таленавітых удзельнікаў хору яна заснавала вакальны ансамбль. Ён аб’яднаў дзяўчынак, якія не ўяўляюць сваё жыццё без песні. Юныя вакалісткі спяваюць не толькі ў хоры і ансамблі, а яшчэ і сольна, і ў дуэтах, і трыа. Сёння ў складзе «Юности» 16 дзяўчынак ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў — усе яны вучаніцы Радунскай дзіцячай школы мастацтваў. А гэта ўжо амаль прафесіяналы, якія маюць не толькі прыгожыя і звонкія галасы, але і добра ведаюць музычную грамату, тэорыю і валодаюць інструментамі.

З першых дзён творчай дзейнасці гэты дзіцячы калектыў прыцягнуў увагу творамі беларускіх, рускіх і замежных кампазітараў. Сярод іх песні аб роднай зямлі — “Землякі”, “Журавінка”, прыродзе — “Добрый лес”, “Кукушка”, “Салавейка”, патрыятычныя —“Дом — Белая Русь”, “Спяваем разам” і лірычныя — “Бярозка”, “Письмо учительнице”. У рэпертуары ёсць і класічныя творы, і апрацоўкі народных песень. Самым галоўным, на думку Тэрэсы Іозаўны, у рэпертуары павінны быць творы, якія адлюстроўваюць узровень музычнай адукацыі і майстэрства ўдзельнікаў ансамбля.

Калектыў неаднаразова прымаў удзел у раённых, абласных і міжнародных фестывалях і конкурсах. У раённым фестывалі “Музыкальная весна-2012” сярод дзіцячых школ мастацтваў яны былі адзначаны за высокае выканальніцкае майстэрства граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Воранаўскага райвыканкама. У 2012 годзе атрымалі грамату за ўдзел у абласным конкурсе імя К. Горскага ў Лідзе. У 2013-ым калектыў прыняў удзел у І адкрытым рэгіянальным фестывалі “Вокальная капель” (г. Астравец), дзе іх майстэрства адзначана Дыпломам ІІ ступені. Паспяховым было выступленне ансамбля і на ІІ Міжнародным фестывалі харавой музыкі “Золотая лента Шальчи” (г. Эйшышкес, Літва).

Высокі ўзровень калектыву адзначаюць і гледачы культурных мерапрыемстваў, святочных канцэртаў, што праходзяць як у Радунскім гарадскім Доме культуры, так і на раённай сцэне. А вось калі на канцэртнай пляцоўцы з’яўляюцца яшчэ і сябры «Юности» — харэаграфічны ансамбль “Радунскія салавейкі”, то атрымоўваецца яскравае і маляўнічае свята, ад якога, як гавораць, ногі самі ў пляс ідуць.

У гэтым годзе дзіцячы вакальны ансамбль “Юность” адзначыць свой 10-гадовы юбілей. Прысвоенае яму найменне “ўзорны” стала першым і самым дарагім падарункам, які яшчэ больш натхніць юных вакалістак на чале з кіраўніком  на ўдасканальванне  свайго выканальніцкага майстэрства.

Такія творчыя калектывы, як “Гарэзлівыя струны”, “Радунскія салавейкі”, “Юность”, — багацце нашага раёна. І добра, што не бяднее зямля Воранаўшчыны на таленты.

Наталля ІВУЦЬ.

Фота з архіва Радунскай дзіцячай школы мастацтваў.
Добавление комментария
CAPTCHA
*