Хто працуе, той i мае

Знай наших! 30 июля 14 1733

Кожнаму з нас на жыццёвым шляху сустракаюцца сціплыя людзі, якія любяць сваю работу і штодня добрасумленна працуюць не толькі таму, што імкнуцца атрымаць неблагі заробак, але таму, што «гараць» на ёй. Менавіта ад іх працавітых рук залежыць дабрабыт нашага раёна  і краіны ў цэлым... Сярод іх — Часлаў Юзэфавіч Івашкевіч. Гэты шчыры прыветлівы чалавек працуе аператарам свінаводчага комплексу СВК “Доцішкі”.

Родам Часлаў Юзэфавіч з Новай Казакоўшчыны. Пасля заканчэння школы ў 1989 годзе вучыцца далей нікуды не пайшоў. Бацька рана памёр, дома патрэбны былі рабочыя рукі. Працоўная біяграфія мужчыны сціплая. Спачатку ўладкаваўся рабочым падсобнага цэха калгаса «За Радзіму», затым працаваў жывёлаводам у «Савецкай Беларусі». З 1997 года — на свінагадоўчым комплексе (на сённяшні дзень тут на адкорме і вырошчванні знаходзіцца 24 тысячы галоў свіней). Па выніках мінулага года прывес пагалоўя склаў 379 тон, сярэднесутачны — 792 грамы. Па дасягнутым паказчыкам Ч. Івашкевіч быў на першым месцы.

Пашчасціла, што наша размова адбылася падчас працоўнага адпачынку Часлава Юзэфавіча. Бо, як сам кажа, на комплексе дысцыпліна строгая: зайшлі на змену — толькі пасля заканчэння працоўнага дня і выйшлі за тэрыторыю комплексу.

— Галоўнае ў жыцці — працаваць добрасумленна, — лічыць Часлаў Юзэфавіч. — А з такім калектывам, як у нас, — дружным, зладжаным і правераным часам — работа толькі ў радасць.

Часлаў Івашкевіч не толькі перадавы працаўнік, але і гаспадар спраўны. Разам з жонкай Надзяй трымаюць немалую падсобную гаспадарку, садзяць агароды. Дабудавалі, абсталявалі сучаснай мэбляй і тэхнікай бацькоўскую хату, якая ў іх — поўная чаша. Нездарма людзі кажуць: хто працуе, той і мае.

Наталля ФЁДАРАВА.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*