Забалацкай “Спадчыне” — 30 год

Страницы истории 05 апреля 16 1684


2 красавіка этнаграфічны музей “Спадчына” Забалацкага НПК адзначыў свой юбілей

У далёкім верасні 1985 года скарбніца гісторыі адчыніла свае дзверы для першых наведвальнікаў. За гэты час тут пабывалі школьнікі амаль усяго раёна. Колькасць людзей, якія штогод наведваюцца сюды, — звыш 3 тысяч чалавек. Прымалі ў музеі гасцей з Літвы, Украіны, Польшчы, Англіі, Германіі.

Цяпер у асноўных фондах “Спадчыны” 409 экспанатаў. А збіраўся ён крок за крокам, намаганнямі калектыву школы, вучняў, мясцовых жыхароў. Нягледзячы на тое, што незнаёмую справу пачыналі аднымі з першых у раёне, усё атрымалася так, як хацелася: сабралі ўсё блізкае сэрцу, сваё, мясцовае. З удзячнасцю ў навучальнай установе ўспамінаюць пра стваральніка музея і першага кіраўніка — Таццяну Іванаўну Мялешку. Добрыя словы гучалі падчас свята і ў адрас запрошаных гасцей, якія мелі непасрэднае дачыненне да дзейнасці “Спадчыны”, — былых дырэктараў школы Яўгена Навумавіча Карпянкова і Міхаіла Міхайлавіча Ляха, кіраўніка музея ў 90-х гадах мінулага стагоддзя Леакадзіі Яўгенаўны Бужынскай (на здымку), а таксама настаўніцы рускай мовы, якая зберагала скарбы гісторыі, Аляксандры Дзмітрыеўны Карпянковай. Ветэраны працы расказалі, як па крупінках збіралі матэрыял, сістэматызавалі яго, імкнучыся стварыць прывабны для рознаўзроставых наведвальнікаў музей. Падхапіла гэтую годную справу Фаіна Сцяпанаўна Войшніс, якая больш за 20 год кіруе “Спадчынай”. Пералік атрыманых узнагарод у разнастайных конкурсах як самога кіраўніка, так і таленавітых вучняў-даследчыкаў, экскурсаводаў уражвае. У 2010 годзе дзейнасць забалацкага музея была высока ацэнена на рэспубліканскім узроўні — 3-е месца ў конкурсе ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. У 2015-м у рэспубліканскім інтэрнэт-праекце “Мне сняцца сны аб Беларусі” “Спадчына” заняла 3-е месца ў намінацыі “Музеі Беларусі”. Вучні выкарыстоўваюць інфармацыйна-даведачную базу музея пры напісанні навуковых работ. Вадзім Мар’янскі пазнаёміў са сваёй працай пра вядомую многім сям’ю Родзік з вёскі Пасека-Дварчаны, членаў якой расстралялі фашысты, і прадставіў новыя, адшуканыя ім звесткі.

Увогуле, у Фаіны Сцяпанаўны шмат памочнікаў. 10 вучняў школы працуюць у якасці экскурсаводаў. Цікавыя экскурсіі праводзяць Аляксандра Пышынская, Вікторыя Бартось, Марта Курыла, Крысціна Пазняк, Алеся Шылко. Вандроўкі па музею арганізаваны не толькі на беларускай і рускай мовах, але і на нямецкай. Дарэчы, апошнюю, якая была прадэманстравана прысутным у выглядзе мультымедыа, распрацавала настаўніца нямецкай мовы Марыя Міхайлаўна Ясюкайціс. Юныя экскурсаводы Бажэна Куель, Патрыцыя Чапля і Гражына Врублеўская жыва распавялі аб “Матуліным ручніку” і “Адзенні забалацкіх мадоннаў”.

Назад у мінулае скіравалі ўсіх вучні 9 класа (класны кіраўнік Г.С. Місюкевіч) і танцавальны калектыў “Каблучок” (мастацкі кіраўнік Г.А. Суркант). Абрад “Заручыны”, дзе было месца гумару, народным танцам і песням, прыказкам і прымаўкам, глядзеўся на адным дыханні. Ён дазволіў праз прызму гадоў убачыць і зразумець, аб чым марылі продкі, чым жылі.

Гледзячы на энтузіястаў музейнай справы, таленавітых вучняў, я ўпэўні-лася: няхай ідзе час, гады змянаюць адзін аднаго, а народныя традыцыі ў Забалаці будуць захаваны і памяць аб знакамітых земляках, ветэранах працы і вайны будзе жыць і надалей.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.






Добавление комментария
CAPTCHA
*