Дэлегацыя Воранаўскага раёна пабывала на "Дажынках" у Слоніме

С праздником 19 ноября 14 1651

Нiякая глыба золата  не заменiць бохан хлеба


Едучы на фестываль, не пераставаў здзіўляцца прыгажосці нашай беларускай зямлі. Нават у гэты восеньскі час, калі пераважае ў асноўным пахмурнае, з нізкімі аблокамі і дробным дожджыкам ветранае надвор’е, нельга не любавацца прыроднай гармоніяй. Паабапал добра дагледжанай асфальтаванай дарогі мільгалі дагледжаныя вёскі, лясы, палі, лугі, рэчкі, ручайкі… І ва ўсім гэтым бачылася руплівая рука людзей, якія, лічы, круглы год сваёй паўсядзённай працай даюць нам магчымасць жыць сытна і без асаблівых турбот пра хлеб надзённы. Бо менавіта аб хлебе мы і молімся штодзённа. Мо, таму арганізатары абласных дажынак перш за ўсё і наладзілі для ўсіх удзельнікаў экскурсію ў Жыровіцкі Свята-Успенскі  сабор. Тым самым перадавікі Гродзеншчыны як бы атрымалі Божае благаславенне на далейшую стваральную працу, умацаваўшы сваё здароўе яшчэ і жыватворнай вадой са святой жыровіцкай крыніцы…
Цэнтральная плошча ў Слоніме сустрэла гасцей маляўнічымі сельскагаспадарчымі заможнымі падворкамі, гандлёвымі палаткамі з разнастайнай прадукцыяй вядучых харчовых перапрацоўчых прадпрыемстваў Прынёмання. Утульна, прыгожа, весела было і на падворку Воранаўскага раёна. Святочны настрой тут панаваў такі, што нават тэлеаператар з АНТ здымаў на камеру нашых землякоў падчас уручэння перадавікам  каравая (якраз гэты эпізод і быў паказаны ў праграме навін па АНТ 15 лістапада).


Кульмінацыяй жа “Дажынак-2014” стаў урачысты сход у Слонімскім цэнтры культуры і адпачынку. У святочным прывітанні старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Краўцова было адзначана, што аграрыямі вобласці сёлета намалочана амаль 1 мільён 700 тысяч зерневых і зернебабовых пры ўраджайнасці 49 цэнтнераў з гектара, што дазволіла забяспечыць лідзіруючае месца ў Беларусі.  А Гродзенскі (першае месца) і Бераставіцкі (трэцяе месца) раёны ўвайшлі ў першую тройку лепшых раёнаў па краіне. Вышэй за мінулагоднія сталі і фінансавыя вынікі: выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 9,2 трыльёна рублёў, чысты прыбытак — больш за 800 мільярдаў, рэнтабельнасць продажу — 10%. Вобласць не толькі забяспечыла сябе харчаваннем, але і экспартавала прадукцыі на суму каля паўмільярда долараў. Сыры, сухое малако, жывёльны тлушч, а таксама прадукцыю тэхнічнага прызначэння з задавальненнем купляюць у Расіі, Казахстане, Малдове, Арменіі, Грузіі, Туркменістане, Узбекістане і Азербайджане. Усё больш упэўнена заваёўваюць гродзенскія аграрыі і рынкі Уругвая, Пакістана, Манголіі і Венесуэлы.


Сардэчнымі былі віншаванні і словы падзякі лепшым работнікам сельскай гаспадаркі ад намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіла Русага. Па яго словах, сёння наша краіна знаходзіцца на 4-5 пазіцыях у свеце па экспарту сыроў, масла і сухога малака. Гэтыя дасягненні — вынік добрасумленнай працы і ўсіх аграрыяў Гродзенскай вобласці, намаганнямі якіх ствараецца станоўчы вобраз сучаснай Беларусі, дзе мудры выраз, што ніякая глыба золата не заменіць бохан хлеба, быў і застанецца галоўным для працаўнікоў вёскі.

А за плённую працу былі і дастойныя ўзнагароды, якія атрымалі 230 перадавікоў розных галін сельскагаспадарчай вытворчасці. Прыемна было бачыць на святочнай сцэне і воранаўскіх аграрыяў, чыя хлебаробская справа таксама мацуе дабрабыт нашай краіны (спіс узнагароджаных надрукаваны ў папярэднім нумары “ВГ”). Не пакідала пачуццё гонару і за нашых работнікаў культуры, артыстаў аматарскага мастацтва, якія наладзілі на абласных дажынках не толькі шыкоўны сельскагаспадарчы падворак, але і адкрылі святочны канцэрт. Святлана Салмановіч, Васіль Маркевіч і народны ансамбль народнай музыкі “Лявоны” паспяхова выступілі з іншымі калектывамі народнай творчасці і сумесна з танцавальным ансамблем “Белыя Росы” падарылі гледачам незабыўныя кірмашовыя замалёўкі.

Вікенцій ЯКОВІЧ.

На здымках: Воранаўцы на святочнай плошчы ў Слоніме; узнагароду  дырэктару Воранаўскай сельгастэхнікі А. Магазіншчыкаву ўручае губернатар Ул. Краўцоў; выступаюць “Лявоны”.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*