Служить Родине – или сидеть в тюрьме – что выбирают призывники?

Социальная сфера 11 февраля 19 1456
У Ашмянскім раёне адбыўся выязны суд над двума юнакамі, што ўхіляліся ад службы ў арміі. Хто, чаму, навошта і чым справа закончылася – чытайце ў гэтым матэрыяле.

OB838Y0-min-min.jpg


Непераемнасць пакаленняў

…Іх дзяды ўзгадваюць, што ў час іхняй маладосці не служыць у войску было ганьбай для юнака: калі хлопец не служыў – значыць, нешта з ім не так, непаўнацэнны нейкі – хто ж за такога замуж пойдзе? Хіба што таксама якая дзеўка “з чарвівінкай”…

…Іх бацькі служылі ў Савецкай арміі ці Ваенна-Марскім флоце па два ці тры гады за тысячы кіламетраў ад дому, і далёка не кожнаму выпадала шчасце прыйсці ў водпуск. З Афганістана ляцелі “чорныя цюльпаны” з “грузам 200”, працвітала “дзедаўшчына” – але сёння любімая тэма для размоў, калі яны збіраюцца ў мужчынскай кампаніі – хто, дзе і як служыў. І ніхто з іх не скажа, што гэта былі выкрасленыя з жыцця гады.

Іх старэйшыя браты сцвярджаюць: праз гэта трэба прайсці, каб зразумець, навучыцца, адчуць тое, чаго нізавошта не дасць грамадзянскае жыццё – нават калі ты свядома будзеш шукаць у ім экстрым.

А яны атрымліваюць позву ў ваенкамат часцей за ўсё без асаблівай радасці – хоць ім служыць, ведаюць, давядзецца ў роднай Беларусі, пры самым неспрыяльным раскладзе – за 500 кіламетраў ад дому, а то і ў сваім ці суседнім раёне, і аўтамат, хутчэй за ўсё, яны возьмуць у рукі толькі на стрэльбішчы, і тэрмін не бог ведае які – год ці паўтара, і водпуск гарантаваны, і мамка з прысмакамі можа прыязджаць хоць кожную нядзельку…

Іх, гэтых сучасных маладых хлопцаў з моднымі прычоскамі, сучаснымі гаджэтамі, у стыльных джынсах і байках, нават можна зразумець: ну каму ж хочацца ад смачных матчыных бліноў ды катлет – на казённыя харчы, ад вольніцы – гуляю, колькі захачу, сплю, пакуль не прачнуся, ад прыгожых дзяўчат з голымі каленкамі і сяброўскіх кампаній – у казарму, дзе кожны крок рэгламентаваны статутам і загадамі камандзіраў?

1-10.jpg

Зразумець – можна, апраўдаць – не: чалавек увогуле, і мужчына – у асаблівасці, павінен ведаць не толькі слова “хачу”, але і “трэба”, і быць у адказе за тых, хто побач, павінен умець ахоўваць сваю краіну і сваю сям’ю – і рабіць гэта штодзённа і штохвілінна.

Пераважная большасць усё гэта ведаюць і разумеюць – і хто з большай ахвотай, хто з меншай, у вызначаны тэрмін ідуць у ваенкамат, праходзяць медыцынскую камісію, і калі дактары скажуць: ”Годны”, апранаюць вайсковую форму і аддаюць доўг Радзіме. Бо разумеюць: гэта – іх абавязак, запісаны ў Канстытуцыі – асноўным законе краіны. Да таго ж усе ведаюць: “касіць” ад арміі” – сабе даражэй.

Ведаюць усе – але некаторыя спрабуюць перахітрыць – ваенкамат, медыкаў, дзяржаву. У выніку найчасцей атрымліваецца, што перахітрылі самі сябе.

Устаць, суд ідзе!

…Выязное пасяджэнне суда праходзіць у ваенным камісарыяце. На ім разглядаюцца дзве справы маладых людзей, якія ўхіляліся ад мерапрыемстваў па ваеннаму прызыву.

У якасці гледачоў – юнакі, амаль што хлапчукі, якім таксама не сёння-заўтра Радзіма загадае “стаць у строй”, і больш вопытныя людзі – журналісты, родзічы. ваенныя

Падлеткі з цікавасцю паглядваюць на хлопцаў, што стаяць перад судом у якасці падсудных: што ж ім за гэта будзе?

Дарослыя людзі глядзяць на гэтых яршыстых хлопцаў з несхаваным шкадаваннем: як жа лёгка, бесшабашна, не думаючы, гэтыя маладыя людзі на парозе жыцця ламаюць свой лёс!

1463693091_1.jpg

Не хачу служыць – хачу багата жыць!

Адзін – сарочка на разрыў, “Не хачу – і не буду”, “Я ўжо дарослы, сам вырашаю, што мне рабіць” – дваццацігадовы былы студэнт. Няўзброеным вокам відаць, што яму ў жыцці не хапіла мужчынскага выхавання: бацькі разышліся, маці не справілася з сынавым “пераходным узростам”, які так і не перайшоў у сапраўдную, а не паказную самастойнасць і адказнасць. Гэта дорага каштавала і сыну, і ёй самой: у дзень, калі адбываўся суд, жанчына ляжала ў бальніцы з гіпертанічным крызам.

Жыццё юнак пражыў нядоўгае, а памылак нарабіў – на траіх хопіць. Ва ўніверсітэце, куды юнак паступіў пасля школы, доўга не правучыўся – адлічылі. У армію ісці не хацелася… А вось за мяжой, казалі, усё так добра: свабода, дэмакратыя, грошы можна грэбсці лапатай!

І вырашыў малады чалавек падацца “за кардон” у пошуках шчасця – спачатку ў Польшчу, потым – у Галандыю: разбагацець і ад арміі схавацца.

Але аказалася, што ў Еўропе “незразуметага” на радзіме “генія” ніхто не чакаў, і ні грошы, ні нават булкі ці чыстыя шкарпэткі там на дрэвах не растуць… Лайдакоў спадарыня удача не любіць нідзе – ні ў роднай Беларусі, ні ў чужой Еўропе.

Словам, пабадзяўшыся на розных гарадах і краінах, няўдалы шукальнік птушкі шчасця заўтрашняга дня, якая яго так і не выбрала, вярнуся на радзіму. Дзе яму адразу нагадалі пра даўжок перад радзімай. Не хочацца? А давядзецца…

Два месяцы арышту, па меркаванні суддзі, – дастатковы тэрмін для таго, каб асэнсаваць ці нават пераасэнсаваць сваё жыццё. А затым – паўтара гады службы – магчыма, яны дапамогуць юнаку расставіць прыярытэты і параўнанне дазволіць зразумець, што лепш – армія ці турма?

b_b1d741c39e6861107aee9fdde37920fe.jpg

“Так атрымалася”

І калі ў першым выпадку ўхіленне ад прызыву – свядома абраная пазіцыя, то ў другім складвалася ўражанне, што вялікаўзроставаму недараслю – маладому чалавеку вельмі хутка, у вельмі сімвалічны дзень – 23 лютага, калі адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны, споўніцца 27 гадоў – не было каму даць добрага плескача: маці ў яго памерла, бацьку дзеці аказаліся не патрэбны, два браты выхоўваліся ў доме-інтэрнаце.

Такое ўражанне, што хлопец жыве ў адпаведнасці з прыказкай: “Будзеш жыць, як набяжыць”. Сёння “набегла” падацца на заробкі ў Расію – паехаў, не асабліва турбуючыся, што ён – прызыўнік. Страціў там дакументы, вярнуўся – год не можа аднавіць. Жыве з сям’ёй малодшага брата, які, не ў прыклад старэйшаму, мае сям’ю, працуе.

У нейкі момант і старэйшы вырашыў пайсці ў ваенкамат, стаў праходзіць медыцынскую камісію – ды так і завяршыў абследаванне: “набегла”, што трэба закончыць “халтуру” (малады чалавек перабіваўся выпадковымі заробкамі).

Пра адказнасць перад законам за ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыву ведаў, ад службы “касіць” не збіраўся – “так атрымалася”. Віну сваю разумее, раскайваецца, ды позна: суд прысудзіў маладому чалавеку тры месяцы арышту.

Але яго, ў адрозненне ад лаўца “птушкі шчасця”, у армію не прызавуць: 23 лютага яму спаўняецца 27 гадоў, заканчваецца вызначаны законам крайні тэрмін.

Вучыцца на чужых памылках

Глядзіш на гэтых маладых, прыгожых, дужых, з выгляду – не дурных хлопцаў – і цяжка зразумець логіку іх учынкаў.

Няўжо армія, пасля службы ў якой маладым людзям адкрываюцца многія з перспектыўных дарог, закрытых для тых, хто не выконваў воінскі абавязак, – гэта горш, чым судзімасць, пляма на біяграфіі на ўсё жыццё?

Няўжо разбітае сэрца маці вартае завоблачнага прывіднага шчасця?

Няўжо ў 27 гадоў можна быць настолькі безадказным, што, ведаючы пра крымінальную адказнасць, не з’явіцца ў ваенкамат па павестцы?

…Віхрастыя хлапчукі ў зале, нібы пеўнікі-сяголеткі, харахорыліся, пасмейваліся, перамаўляліся… Так хочацца спадзявацца, што чужыя памылкі стануць для іх урокам на ўсё жыццё. Што святы і свяшчэнны для іх дзедаў і бацькоў абавязак – ахова Радзімы – для іх не стане пустым гукам.

І што яны ніколі – ні з гэтай і ні з якой іншай нагоды – не будуць стаяць перад суддзёй у чорнай мантыі.

 


Текст: Нина Рыбик

Фото: из интернета

Добавление комментария
CAPTCHA
*