Са студэнцкіх часоў паланіла родная мова

Знай наших! 29 января 13 1883

Студэнцкія гады, здаецца, прайшлі як адзін дзень. З бурлівага, поўнага пошуку і наіўных мараў юнацтва час ад часу ўсплываюць у памяці аднакурснікі, з якімі звязаў лёс на такія, як цяпер думаецца, кароткія пяць гадоў. Выкладчыкі, што заклікалі маладыя светлыя галовы да навуковай дзейнасці. Хтосьці са студэнтаў выбіраў дарогу набыцця ведаў для таго, каб атрымаць вышэйшую адукацыю і стаць добрым спецыялістам, а кагосьці навука настолькі ўзяла ў палон, што ён, акрамя вучобы, захапляўся ёю і паволі ўцягваўся ў даследчую дзейнасць. Так здарылася і з Анатолем Багдзевічам, маім аднавяскоўцам і ў свой час выкладчыкам ВНУ.

Малады чалавек пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы паступіў у аспірантуру. Спачатку ён працаваў са студэнтамі, якія навучаліся на факультэце беларускай філалогіі, і зацікаўліваў іх такімі дысцыплінамі, як уводзіны ў славянскую філалогію, уводзіны ў мовазнаўства, беларуская дыялекталогія. Дарэчы, заняткі праходзілі цікава, і можна было шмат чаго ўзяць для сябе. Зараз Анатоль Іосіфавіч з’яўляецца начальнікам вучэбнага аддзела, таму менш працуе з маладымі людзьмі. Аднак яны з задавальненнем наведваюць яго заняткі па ўводзінах у тэхніку навуковых даследаванняў, тэорыі інфармацыі, асновах кібернетыкі і штучнага інтэлекту.

Важным аспектам дзейнасці выкладчыка ўніверсітэта з’яўляецца, канешне ж, навуковая праца. Анатоль Іосіфавіч Багдзевіч зацікавіўся праблемай беларускай навуковай тэрміналогіі і абараніў дысертацыю ў 1999 годзе па гэтай тэме. Працу ў гэтым накірунку працягнуў і праз год выдаў кнігу “Словаўтваральная структура адвербальных тэрмінаадзінак у сучаснай беларускай мове”. Разам з калегай Святланай Георгіеўнай Ляскевіч падрыхтаваў да друку падручнік “Уводзіны ў славянскую філалогію”, які ўбачыў свет у мінулым годзе.

— Дагэтуль па дысцыпліне “Уводзіны ў славянскую філалогію” кніг на беларускай мове не было, — расказвае сам кандытат філалагічных навук, дацэнт А.І. Багдзевіч. — Выданне яе, можна сказаць, прадыктавана часам. Апошні падручнік быў выдадзены на рускай мове ў 1988 годзе. За некалькі дзясяткаў гадоў славянскі свет значна змяніўся. Ды і колькасць славянскіх моў не тая, пра якую гаварылі ў канцы 80-ых. Таму была патрэбна новая і сучасная інфармацыя для студэнтаў. Мы зрабілі ў сваім падручніку іншыя акцэнты: уключылі новыя раздзелы, а на тых, якія грунтоўна разгледжаны ў падручніку А.Я. Супруна, А.М. Калюты, спыніліся менш, падрабязна разгледзелі пытанне паходжання славянскіх моў з індаеўрапейскіх. У аснову выдання ў першую чаргу лёг вопыт выкладання гэтай дысцыпліны, дапамаглі і падарожжы, якія я здзейсніў па многіх славянскіх краінах. Не сакрэт, што давялося зрабіць шмат даследаванняў ды пашукаць матэрыялы.

Цяпер Анатоль Іосіфавіч прымае актыўны ўдзел у дзвюх навуковых тэмах. Першая звязана з адлюстраваннем тэрміналогіі ў агульнафілалагічных слоўніках і фінансуецца Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў пры Акадэміі навук РБ. Над ёю навукоўцы кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства працуюць разам з калегамі з расійскай Акадэміі навук, інстытута рускай мовы. Па другой — “Параўнальнае вывучэнне марфаналагічных сістэм усходнеславянскіх моў” — ёсць шэраг публікацый. У наш час, лічыць Анатоль Багдзевіч, дастаткова перспектыўным накірункам з’яўляецца камп’ютарная лінгвістыка. Сумесна з калегамі ён імкнецца максімальна аўтаматызаваць працэс збору і апрацоўкі матэрыялу. У прыватнасці, разам з Алесяй Юр’еўнай Станкевіч друкуюць артыкулы, у якіх падрабязна тлумачыцца гэты працэс. У дадатак самі стараюцца выкарыстоўваць камп’ютарныя тэхналогіі і ствараць іх. Так, для аналізу базы дадзеных па марфаналогіі ўкраінскай мовы напісалі праграму, якая дазволіла правесці аўтаматызацыю апрацоўкі марфаналагічных з’яў.

Тое, што Анатоль Іосіфавіч Багдзевіч — чалавек рознабаковы, сумнявацца не даводзіцца. На прафесійным узроўні ён дадаткова авалодаў англійскай мовай (у школе вывучаў нямецкую), чытае на ёй студэнтам курс “Гісторыя ЗША”. Зараз атрымлівае другую вышэйшую адукацыю — выкладчыка англійскай мовы.

Чаму б такім земляком і не ганарыцца?!

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота з архіва Анатолія БАГДЗЕВІЧА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*