З юбілеем, пясняр Воранаўшчыны!

Знай наших! 30 сентября 14 2068
Сёння адзначае сваё 80-годдзе наш зямляк, выдатны паэт, аўтар зборніка вершаў “Блізкае і дарагое”, аўтар слоў гімна Воранаўшчыны — Валянцін Міхайлавіч Емяльянаў. Ураджэнец Смаленшчыны, ён у гады вайны з сям’ёй трапіў у наш край, сэрцам да яго прыкіпеў і стаў яго адданым сынам, сапраўдным самародкам зямлі воранаўскай.
Так пра Валянціна Міхайлавіча кажам мы цяпер. А пачынаўся яго шлях у дарослае жыццё ў 1954 годзе. За плячыма тады было дзесяць год Воранаўскай школы, вопыт працы на летніх канікулах у газеце “Путь социализма” (сёння — “Воранаўская газета”). Першаму залатому медалісту школы спачатку не пашанцавала — не паспеў своечасова падаць дакументы на журналісцкі факультэт у Ленінградзе. І таму абраў Полацкі дзяржаўны педагагічны інстытут — літаратурны факультэт. Пасля вучобы прыехаў на працу ў воранаўскае раённае выданне, якое называлася ўжо інакш — “Ленинское знамя”. У 1959 годзе быў абраны першым сакратаром райкама камсамола. Некаторы час настаўнічаў. У 1980 годзе заняў пасаду інспектара ў раённым камітэце народнага кантролю. На заслужаны адпачынак пайшоў з Іяткішскай базавай школы, дзе працаваў спачатку завучам, а затым дырэктарам. Спіс вучняў Валянціна Міхайлавіча даволі вялікі. І ўсе яго добра памятаюць, удзячны за бацькоўскую параду, сяброўскую прыхільнасць. А ён, у сваю чаргу, радуецца за сваіх вучняў, ганарыцца іх поспехамі.

Валянцін Емяльянаў часты і жаданы госць у рэдакцыі. Яго жыццёвая мудрасць, прафесіяналізм заўсёды дарэчы.

Час ідзе. Але нязменным для Валянціна Міхайлавіча Емяльянава застаецца адно: пісаць ад душы і для душы і быць вартым свайго творчага настаўніка і любімага паэта Пімена Панчанкі. А мы, аматары паэзіі, будзем з асалодай чытаць і перачытваць яго пранікнёныя вершы.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Віншуем з узнагародай!


Ганаровай граматай Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у патрыятычнае і грамадзянскае выхаванне моладзі, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна і ў сувязі з 80-годдзем з дня нараджэння ўзнагароджаны Валянцін Міхайлавіч Емяльянаў.

Паважаны Валянцiн Мiхайлавiч!
Калектыў “Воранаўскай газеты”
ад усяго сэрца віншуе Вас з прыгожым юбілеем!


Моцнага Вам здароўя, цеплыні ад родных, павагі ад людзей. Ваша жыццё — варты для пераймання прыклад.


Няхай радочак за радочкам

Прыходзяць днём, і нават ночкай,

І муза Ваша не сумуе,

А думкі светлыя будуе.

Пяро хай лёгкасць захавае,

Пра зборнік новы пільна дбае.

А ў жыцці няхай шанцуе,

Здароўе дзесьці не вандруе!

І па традыцыі мы разам:

— Сто год! — усклікнем ўсе адразу.
Добавление комментария
CAPTCHA
*