Калi зямляк твой — генерал…

Страницы истории 18 апреля 14 1894
2013 год назаўжды звязаў вёску з іменем генерала Люцыяна Кабылінскага. Менавіта ў гэты год яго астанкі былі перазахаваны на могілках у Асаве.
Дык хто ж гэты чалавек? Наколькі яго імя вядома землякам? Якім было яго жыццё? Шукаючы адказ на гэтыя пытанні, даведалася ад мясцовых жыхароў, што звесткі аб Люцыяне Кабылінскім ёсць у ксяндза Яна Пецюна, настаяцеля касцёла Святога Георгія.

І вось трымаю ў руках свое-асаблівы летапіс вёскі Асава, зроблены ў далёкім 1935 годзе ксяндзом Сыкстусам Ганусоўскім. Святар запісваў са слоў людзей усё, што адбывалася ў гэтай мясцовасці. Адшукваю патрэбныя запісы пра радавод Кабылінскіх.

…Пасля паўстання 1863 года Кабылінскія сталі жыць у маёнтку ў Бастунах. Калі з-за маланкі здарыўся пажар, яны пераехалі ў Гарадэнку (была недалёка ад Асавы, зараз не існуе). Люцыян (нарадзіўся ў 1823г.) быў другім з гэтага роду яе ўладальнікам. Сваё жыццё пасвяціў вайсковай службе, на першым месцы ў яго была кар’ера. Таму ў Гарадэнку наведваўся рэдка, а маёнтак, як сведчыць “летапіс”, у асноўным даглядаў стары пан. Сям’і малады гаспадар так і не стварыў.

Калі будавалі ў Асаве касцёл, Л. Кабылінскі выказаў пажаданне разабраць выгнаныя аж па вокны сцены і закласці новую святыню па яго праекце. Са свайго лесу выдзеліў на будоўлю дрэвы. Літаральна стаў фундатарам касцёла.

Да генерала з візітамі прыязджаў віленскі губернатар, што рабіла яго асобу вельмі значнай у вачах простых лю-дзей. Згодна з запісамі, ён прадстаўляў інтарэсы шляхты Віленскай губерніі, займаўся мабілізацыяй рэкрутаў у царскае войска, а таксама займаў значныя пасады. Цара Мікалая II здзіўляла тое, што Кабылінскі-паляк атрымаў такі высокі тытул — генерал.

Аднак час не пашкадаваў паспяховага Люцыяна. Падчас Першай сусветнай вайны ён выехаў у Расію, дзе прабыў да Кастрычніцкай рэвалюцыі. У родную Гарадэнку вярнуўся інвалідам — зламаў нагу ў Пецярбурзе, выходзячы з трамвая. Маёнтак спаткаў гаспадара заняпадам. Да канца жыцця, а памёр ён у 1923г., жыў у нястачы. Мясцовыя жыхары, памятаючы дабрыню і шчодрасць земляка, даглядалі яго, прыносілі ежу…

Ксёндз Ян Пецюн адшукаў крэсла, на якім падчас службы ў храме сядзеў генерал Кабылінскі (на здымку), і рэстаўраваў яго. Зараз яно захоўваецца ў асоўскай святыні.

Аб генерале мала засталося сведчанняў. Аднак сталым лю-дзям, якія жывуць у аграгарадку Пагародна, пра яго колісь расказвалі бацькі. Гэтымі ўспамінамі і падзяліліся В.Б. Лінга і Д.А. Куроўская.

Валерый Баляслававіч Лінга:

— Кабылінскія былі здатнымі людзьмі. Усе — ваенныя. Маёнтак у Гарадэнцы быў пабудаваны з цэглы, засаджаны ліпамі ў два рады. У часы калектывізацыі іх зрэзалі і разлічыліся з калгаснікамі за працадні. Пасля 1939 года на базе гэтага будынка зрабілі МТС — машынна-трактарную станцыю. І там жа будавалі аэрадром. Ужо былі бункеры пад самалёты, шмат ваенных. У 1941-ым наляцелі нямецкія самалёты і знішчылі і аэрадром, і маёнтак.

Данута Альфонсаўна Куроўская:

— Памятаю гэты маёнтак. Непадалёку жыла з бацькамі. Вакол цвілі прыгожыя кветкі. А які быў сад! Ліпавыя прысады!.. У вялікай каменнай адрыне захоўваліся нашы рэчы, каровы стаялі, а раней — гаспадарскія. Крыху воддаль, унізе, знахо-дзіліся два чваракі (баракі). Там жылі тыя, хто працаваў у Кабылінскіх. Чамусьці памятаю сталых людзей. Прозвішча іх Рулька. Хоць сваё адпрацавалі, з чварака іх ніхто не выганяў. А яшчэ памятаю, што недалёка ад маёнтка было месца, дзе нам, дзецям, забаранялі бацькі гуляць: называлі яго магілачкі Кабылінскага. Хтосьці з гэтага роду быў там пахаваны. Пра апошняга генерала, які жыў у Гарадэнцы, гаварылі толькі добрыя словы: дапамагаў лю-дзям.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*