Эстафету брэндавага мерапрыемства ад Пераганцаў, дзе ўсіх частавалі блінамі, перанялі Беняконі. Тут 19 сакавіка на ўсю ваколіцу ў гонар святога Юзафа ладзілася свята “Птушынае вяселле”.

С праздником 20 марта 17 2078
DSCN0002

З раніцы ў гэты дзень накрапваў дожджык, ды апоўдні выглянула сонейка, прыгрэла аграгарадок. І ад шчодрасці яго прамянёў заігралі ўсмешкі на тварах вяскоўцаў, якія спяшаліся на свята. Людзей віталі ля мясцовага цэнтра культуры і вольнага часу прыгожыя дзяўчаты і ўручалі галінку вярбы з замацаванай на ёй птушачкай — сімвалам вясенняга адраджэння і абуджэння ад зімовага сну прыроды. Госці мерапрыемства не спяшаліся да галоўнай сцэны, што размясцілася на вуліцы. Яны спачатку спрабавалі салянку, юшку, гулялі ў латарэйкі. Заглянулі на падворкі Пагародзенскага, Тракельскага, Больцініцкага, Жырмунскага, Канвелішскага і Паляцкішскага цэнтраў культуры, да якіх вабілі прыгожае афармленне і прысмакі, што ў свята святога Юрыя раней гатавалі гаспадыні — у асноўным печыва ў выглядзе птушачак і тушаная капуста з грыбамі ды мясам. Многія прыдбалі прыгожыя вербачкі, зробленыя майстрыцамі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Палюбаваліся карцінамі са скуры воранаўскай рамесніцы Валянціны Межво.

Дык чым жа так слаўнае свята святога Юзафа? Аб гэтым унучкам — Мілене Аўкштулевіч і Елізавеце Савіцкай — расказала бабуля (Галіна Жых):

— Гэтае свята мае старажытныя карані. У народзе лічылася, што менавіта ў гэты дзень жэняцца птушачкі. Таму, нягледзячы на пост, маладыя маглі браць шлюб. А святы Юзаф — засатупнік сем’яў — благаслаўляў прыроду на новае жыццё.

Затым на свята падаспелі гаспадары хаты — Святлана Салмановіч і Васіль Маркевіч. Яны на кані “прыехалі” з касцёла. І па даўняй традыцыі сваіх родных адарылі драўлянымі вырабамі — святы ж быў цесляром. А прысутных частавалі печывам.

Павіталі ўсіх начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Цехановіч, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Ястрэмская, мясцовага сельсавета Тадэвуш Тупко і Шальчынінкскага беларускага цэнтра з суседняй Літвы Рэгіна Дмухоўская. Яны пажадалі беняконцам плёну ў працы, моцнага здароўя і цудоўнага настрою. А літоўская госця нават перадала падарунак імянінніку — Юзафу Сурканту, старшыні КСУП “Эліт-Агра Больцінікі”, якое  выступіла спонсарам свята. Цёплыя віншаванні і невялікія падарункі былі падрыхтаваны і для мясцовых жыхароў, імя ці прозвішча па-бацьку якіх мела дачыненне да святога. Мужчыны хіба саромеліся — ніводзін не выйшаў на сцэну. Уся ўвага дасталася жанчынам Іосіфаўнам.

І паліліся шматгалосыя песні на беларускай, рускай, польскай і літоўскай мовах. Іх дарылі народны ансамбль народнай музыкі “Лявоны”, вакальныя гурты “Весялуха” і “Рэчанька” Тракельскага і Жырмунскага цэнтраў культуры, вакальны інструментальны ансамбль “Канвелішскія штукары” і госці з-за мяжы — ансамбль “Раніца” Шальчынінкскага беларускага культурнага цэнтра.

Аматары жа харавога песнапення накіроўваліся ў Беняконскі цэнтр культуры, каб адпачыць душой. Калі гучалі знаёмыя песні, слухачы іх спявалі разам з выступоўцамі — Юліяй Конан, харамі асоўскага і воранаўскага касцёлаў. У мелодыях, здавалася, зліліся сум і боль Хрыста, які цярпеў мукі за грахі свету, шчасце адчуваць несупынную прысутнасць і падтрымку Бога і Дзевы Марыі, а таксама шчырае маленне за лёс Бацькаўшчыны, беларускага народа. Гледзячы на адухоўленыя твары беняконцаў, несумненна адчувала, што кананічная музыка іх з’яднала.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.

DSCN0008 DSCN0013 DSCN0017 DSCN0032 DSCN9894 DSCN9895 DSCN9897 DSCN9898 DSCN9902 DSCN9904 DSCN9907 DSCN9909 DSCN9913 DSCN9915 DSCN9919 DSCN9927 DSCN9931 DSCN9933 DSCN9937 DSCN9943 DSCN9949 DSCN9950 DSCN9953 DSCN9958 DSCN9961 DSCN9966 DSCN9970 DSCN9984 DSCN9993
Добавление комментария
CAPTCHA
*