З верай у сэрцы да Мацi Божай Тракельскай

С праздником 18 июля 14 1263
Кожны год у пачатку ліпеня ў Марыйны санктуарый у Тракелях накіроўваюцца шматлікія пілігрымы з розных куткоў нашай Беларусі і нават з другіх краін. Ідуць пешшу, едуць на ўласных аўтамабілях ці грамадскім транспартам, каб пакланіцца цудадзейнаму абразу Маці Божай Тракельскай і папрасіць аб патрэбных ласках, падзякаваць за падораныя цуды. І гэты год не стаў выключэннем. Нягледзячы на халоднае надвор’е і праліўныя дажджы, колькасць вернікаў і пілігрымаў, якія прыбылі ў Тракелі, была вялікая. Для людзей, якія ідуць з верай у сэрцы, няма ніводных перашкод. Прамоклыя і замёрзлыя пілігрымы першым чынам уваходзілі ў святыню, каб пакланіцца цудадзейнаму абразу.

Сёлета ўрачыстасці ў Тракелях праходзілі пад дэвізам “А пад крыжам Маці стаяла”. Гэтыя словы прадстаўляюць Марыю ў таямніцы Яе цярпення, у хвіліну, калі здзяйснялася збаўленне чалавецтва, калі на Галгофе сустрэліся грэх свету і Божая міласэрнасць. Падчас урачыстасцяў дыяцэзія дзякавала таксама за дар кананізацыі Яна Паўла ІІ.

З вечара ў пятніцу пасля прывітання сімвалаў Сусветных дзён моладзі адбылася канферэнцыя па тэме “Марыя пад крыжам — узор хрысціянскай вернасці”, якую правёў ксёндз Мікалай Ціхановіч, пробашч парафіі ў Вялікіх Эйсмантах і выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Затым прайшлі адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту і Крыжовы шлях. Традыцыйна апоўначы была адпраўлена святая імша. Усю ноч вернікі трывалі ў малітве і чуванні, нягледзячы на дождж. Малітвы змяніліся спевамі моладзевых хрысціянскіх груп. Дарэчы, а чацвёртай га-дзіне раніцы адбыўся канцэрт воранаўскага гурта “Да неба”. А палове восьмай святую імшу правялі светары-новапрэзбітэры і юбіляры, якія ўдзялілі сваё благаславенства ўсім прысутным.


Маці Божую Тракельскую называюць таксама Каралевай сем’яў. Таму дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі падчас сваёй прамовы звярнуў увагу на дэмаграфічны крызіс у Беларусі і заахвоціў маладых бацькоў нараджаць не менш трох дзяцей, каб адно з іх магло заснаваць хрысціянскую сям’ю, другое — прысвяціць сваё жыццё Богу ў святарскім ці манаскім пакліканні, а трэцяе — засталося працаваць на вёсцы. Падчас Эўхарыстыі ўзносіліся просьбы за паўсюдны касцёл, Айца Святога і біскупаў, за маладых людзей. Біскуп Юзаф Станеўскі заклікаў таксама маліцца за ўкраінскі народ, каб ваяры замест аўтаматаў узялі ў свае рукі ружанцы і не паўтарылася біблійная гісторыя пра Каіна і Авеля.

Двухдзённыя ўрачыстасці, падчас якіх традыцыйна малі-ліся ў інтэнцыі ўсіх сем’яў дыяцэзіі і краіны, завяршыліся святой імшой.


— Мы прыходзім да Марыі з падзякай найперш за дар веры, якая надае сэнс нашаму жыццю і ўчыняе, што мы ніколі не застаемся адны. Мы дзякуем за ласку святога хросту, на моцы якога ствараем супольнасць Хрыстовага Касцёла. Дзякуем Марыі за Яе матчыну апеку, за ласкі, якія Яна просіць для нас, і за тое, што кожны дзень вядзе нас да сябе, — сказаў, вітаючы ўдзельнікаў імшы, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх пажадаў усім сабраным, каб кожны адчуў у гэты дзень поўны любові позірк Марыі:

— Няхай гэты позірк стане крыніцай духоўнай сілы, радасці, надзеі, няхай умацуе кожнага з нас у веры, дапаможа яшчэ больш адкрываць нашы сэрцы на словы Добрай Навіны і на збаўчае дзеянне Божай ласкі.

Узначаліў святую імшу дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Звяртаючыся да ўсіх, хто прыбыў у пешых пілігрымках, ён у сваёй гаміліі адзначыў, што, крочачы тыдзень сярод залатых каласоў збожжа, яны паказалі правільны кірунак жыцця жыхарам беларускіх гарадоў і вёсак. Згадваючы пра перэгрынацыю па Беларусі крыжа Сусветнага дня моладзі, які прыбыў і ў Тракелі, іерарх назваў яго сябрам Дзён моладзі, які вандруе па ўсіх кантынентах, перадаецца і прымаецца, каб быць для маладых людзей паказальнікам дарогі.

— Да яго дакрануліся і прытуліліся мільёны людзей. Але першай, хто стаў пад крыжам і развітаўся з Сынам, была Яна — Панна Марыя. Толькі пад ім, у яго цені мы можам зразумець пакліканне Марыі, атаясаміцца з Ёю, — зазначыў біскуп.
Добавление комментария
CAPTCHA
*