На балансе сумлення

Актуально 10 ноября 15 1324


Парадзеў парк аварыйных дрэў, вызваліўся ад зарасніку хмызняку пляц для новых пахаванняў, дый увогуле пасвятлела на могілках у аг. Забалаць. Агульнымі намаганнямі жыхароў сельскага Савета, мясцовай улады, сельскагаспадарчага кааператыва завяршылася ўборка, якая доўжылася цэлы год. Вынік зладжанай і плённай працы ўбачылі і жыхары, і госці аграгарадка, якія ў Дзень Памяці прыехалі запаліць свечку каля помнікаў памерлых сваякоў.

У справе навядзення і пад-трымання парадку на месцах вечнага спачыну значная роля адводзіцца мясцовым жыхарам. Сельвыканкамам з іх сціплымі фінансавымі магчымасцямі  вырашыць гэтае пытанне не пад сілу. Догляд магіл — абавязак сваякоў (ці ўдзячная даніна памяці). Не павінна дзічэць ці ператварацца ў сметнік і агульная тэрыторыя. У Забалаці парадак на ёй наводзілі ўсе разам.

Па словах старшыні Забалацкага сельвыканкама Марыі Грынкевіч, галоўным было арганізаваць вяскоўцаў на карысную справу. У сваю чаргу Генрык Яблонскі, ксёндз мясцовага касцёла, падчас багаслужэнняў звяртаўся да парафіян з заклікам аказаць дапамогу ў прыбіранні могілак.

— Гэта надзвычайнае месца для людзей. Асвечанае. Яно павінна быць дагледжаным. Калі я прыехаў у Забалаць, тут было толькі маладзенькае кустоўе, — паказвае святар на густа “заселеную” зараз пляцоўку.

Многія вяскоўцы адгукнуліся на просьбу. Работа кіпела не адзін дзень, не спынялася нават зімой. Брыгада альпіністаў з Гродна пакінула ад двух дзясяткаў аварыйных дрэў калодкі, якія вывезлі. Яны будуць скарыстаны на ацяпленне касцёла. А каб ад зарасніку хмызняку застаўся роўны пясчаны пляц, давялося папрацаваць работнікам і тэхніцы СВК “Гіркі”. Вывозіць смецце, выкарчоўваць расліннасць дапамагалі і РУП ЖКГ, ПМС.

Аб’ём работы выкананы вялікі. Цяпер застаецца толькі рэгулярна падтрымліваць парадак — абкошваць траву, фарбаваць агароджу, своечасова вывозіць смецце.

З удзячнасцю Марыя Грынкевіч гаворыць аб тых, хто знайшоў час і грашовыя сродкі на добраўпарадкаванне могілак, аб кіраўніку сельскагаспадарчага кааператыва Тадэвушу Мушынскім, які падтрымаў і з разуменнем паставіўся да просьбы старшыні сельвыканкама. Аса-блівая падзяка — сям’і Ірыны і Мечыслава Дудко з в. Хутар Праважа. Яны ўжо напрацягу некалькіх гадоў прыглядваюць за тэрыторыяй могілак. Добрасумленна, па-гаспадарску і… бескарысліва.



Завяршальным этапам добраўпарадкавання стане замена ўчастка старой агароджы на  жалезабетонную. Гэтыя работы запланаваны на наступны год.

Дарэчы, могілкі ў аг. Забалаць перададзены на баланс Воранаўскага РУП ЖКГ. Магчыма, пасля заканчэння ўсіх неабходных працэдур узгаднення, афармлення, вырашэння арганізацыйных і фінансавых пытанняў камунальная служба наладзіць належнае ўтрыманне могілак, зможа прапанаваць вяскоўцам увесь пералік рытуальных паслуг, даступных сёння гараджанам.

Аднак хто б ні быў баланса-ўтрымальнікам месцаў вечнага спачыну, заўсёды запатрабаванай будзе людская сумленнасць. Яна не дасць ім зарасці абыякавасцю і не дазволіць пакінуць смецце на асвечанай зямлі.

Вольга ВАРАБ’ЁВА.

Фота аўтара.

Р.S. Нагадваем жыхарам Воранаўшчыны, што лістапад у раёне аб’яўлены месяцам навя-дзення парадку на зямлі. Домаўладальнікі, кіраўнікі арганізацый павінны скарыстаць гэты час для добраўпарадкавання ўласных і падведамасных тэрыторый.
Добавление комментария
CAPTCHA
*