Свята беларуска-польскай культуры

Знай наших! 29 октября 14 1909
Спрадвеку на воранаўскай зямлі ў добрасуседстве і сяброўстве жывуць беларусы і палякі, рускія і літоўцы. Аб’яднаныя гістарычным мінулым сваіх дзядоў і прадзедаў, яны захоўваюць традыцыі і зберагаюць культуру і мову. Па ініцыятыве Радунскага аддзела ГА “Саюз палякаў на Беларусі” сапраўднае свята культур двух народаў — беларускага і польскага — падаравалі гледачам у мінулую пятніцу таленавітыя радунцы і госці — ансамбль песні “Смардзевяне” з Польшчы. У Радунскім гарадскім Доме культуры, як кажуць, не было дзе ўпасці яблыку, а зала ўзрывалася гарачымі апладысментамі і шчырымі воклікамі “брава!”.
Свята не пакінулі па-за ўвагай намеснік старшыні райвыканкама М.І. Уляшка, прадстаўнікі Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў г. Гродна консулы Войцех Скробіш і Кшыштоф Зелінскі, старшыня Радунскага пасялковага аддзела грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” Н.Б. Жэгздрын, начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.М. Ястрэмская і адукацыі, спорту і турызму А.Я. Ганевіч, старшыня мясцовага сельсавета С.В. Жук. Вітаючы прысутных, Мечыслаў Уляшка, Кшыштоф Зелінскі і Надзея Жэгздрын сышліся ў думцы: такія мерапрыемствы, як у Радуні, сведчаць пра сапраўднае сяброўства палякаў і беларусаў і аб’ядноўваюць іх песеннай творчасцю.

Песняй “Беларускі край” адкрыў свята народны ансамбль народнай песні “Зараніца”. Ён шчодра дарыў сваю творчасць гледачам падчас канцэртнай праграмы. З “Паланэза” пачаў сваё выступленне дзіцячы ансамбль танца “Радунскія салавейкі”. Хлопцы і дзяўчаты выходзілі на сцэну,  каб па-заліхвацку станцаваць польскі “Аўчарэчэк”, беларускія “Закаблукі” і “Польку віхурную”.

Сапраўдную феерыю польскай народнай музыкі і танцаў падаравалі гледачам “Смардзевяне”. Гэты рознаўзроставы калектыў аб’яднала любоў да народнай творчасці. Песні суправаджаліся танцавальнымі элементамі, невялічкімі пастаноўкамі. А жывыя, поўныя энергіі і надзеленыя моцным прыродным голасам артысты не маглі не прыйсціся даспадобы гледачам.

Увагай прысутных зноў завалодалі гаспадары. Лірычныя ноткі і лёгкі гумар гучалі ў выступленні вакальнай групы Радунскай дзіцячай школы мастацтваў. На беларускай і польскай мовах ліліся музычныя кампазіцыі. Гледачы не змаглі ўтрымацца — і закружыліся ў вальсе. Расквечаную фарбамі творчасці сяброўскую сустрэчу завяршыла Юстына Іодзіс песняй “Сердце земли моей”.

У канцы мерапрыемства сваімі ўражаннямі падзяліліся госці — прадстаўнікі Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў г. Гродна консулы Войцех Скробіш і Кшыштоф Зелінскі:

— У вас на такім канцэрце мы знаходзімся ўпершыню. І скажам шчыра: праграма атрымалася рознабаковай і яркай, парадавалі ўсе калектывы, якія выходзілі сёння на сцэну. Бачна, што на Воранаўшчыне бацькоўская спадчына продкаў захоўваецца і зберагаецца, у міры і згодзе жывуць усе народнасці. І гэта цудоўна. Спадзяемся, што свята беларуска-польскай культуры стане традыцыйным і будзе не раз збіраць поўныя залы.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

На здымках: на сцэне “Радунскія салавейкі”;

госці свята; выступаюць “Смардзевяне”.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.



[gallery link="file"]

Добавление комментария
CAPTCHA
*