15 сентября — День библиотек. З кнiгай па жыццi


Кніга — канал перадачы духоўнага вопыту пакаленняў, унікальны сродак духоўна-маральнага, эмацыянальна-эстэтычнага развіцця асобы. А бібліятэкі прызваны садзейнічаць павышэнню ролі мастацкага слова ў грамадстве, выхоўваць у маладога пакалення любоў да яго, пашыраць цікавасць у людзей да чытання. Усе 23 бібліятэкі раёна, паслугамі якіх карыстаецца дваццаць дзве тысячы чалавек, гэтаму спрыяюць. Жыхары Воранаўшчыны могуць карыстацца 400 000 экзэмплярамі кніг.

Цудоўна, што ў Год кнігі адрадзілася цікавасць людзей да друкаванага слова. Тым больш, што супрацоўнікі бібліятэк раёна робяць усё неабходнае для гэтага: наладжваюць сустрэчы з пісьменнікамі, праводзяць літаратурныя вечарыны і іншае.

Кіраўніцтвам цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы распрацаваны план нестандартнага абслугоўвання. Так, у 21 аддаленую вёску кніга трапляе дзякуючы перасоўнай бібліятэцы. Першага кастрычніка ў Паляцкішках дзверы для чытачоў адкрые інтэгрыраваная бібліятэка. Гэта першы вопыт у раёне, калі свае намаганні аб’ядналі сельская і школьная бібліятэкі.

Камп’ютарызаваны 17 бібліятэк. Яны маюць электронную пошту і выхад у інтэрнэт. На базе сямі працуюць мультымедыйныя цэнтры, якія даюць магчымасць чытачам карыстацца электроннымі дакументамі, праглядаць аўдыякнігі і дыскі. У чытальнай зале Воранаўскай цэнтральнай бібліятэкі людзям з аслабленым зрокам прапануецца 78 аўдыякніг.

Як зазначыла дарэктар Воранаўскай ЦБС Таццяна Рыгораўна Сушынская, актыўна развіваецца маркетынгавая дзейнасць бібліятэк, актывізавалася рэкламна-выдавецкая.Ужо выдадзены метадычныя дапаможнікі, зборнікі вершаў маладых паэтаў, буклеты, прысвечаныя юбілейным датам пісьменнікаў, і іншае.

Канешне ж, людзі будуць больш цягнуцца да кнігі, калі іх сустрэне ветлівы, кампетэнтны і адукаваны бібліятэкар. Менавіта такой і з’яўляецца Галіна Баляславаўна Дзікевіч (на здымку), якая аддала 40 год працоўнай дзейнасці Доцішскай сельскай бібліятэцы. Сюды, у скарбніцу ведаў, прыходзяць 615 чалавек, з іх 115 — школьнікі. Галіне Баляславаўне ёсць што параіць прачытаць — кніжны фонд налічвае 14 000 экзэмпляраў. Яшчэ бібліятэкар можа прапанаваць электронныя версіі твораў. І спяшаюцца дзеці і дарослыя за кнігай ці дыскам. Самай жа старэйшай чытачцы — 67 год. Вабіць і інтэр’ер бібліятэкі, які можна лічыць візіткай гэтай культурнай установы.

У Дзень бібліятэк хочацца пажадаць Галіне Баляславаўне і яе калегам моцнага здароўя, невычэрпнага натхнення, поспехаў і дасягненняў у бібліятэчнай справе!

Марына КАНДРАТОВІЧ.
Добавление комментария
CAPTCHA
*