Дзіўная зорка Максіма Багдановіча

Из редакционной почты 09 декабря 11 2449
У гісторыі кожнага народа ёсць імёны, якімі ён асабліва ганарыцца. Але ёсць сярод іх і такія, што сталі здабыткам чалавецтва, бо слава іх прайшла скрозь межы краін і часоў.
9 снежня 2011 года споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага паэта Максіма Багдановіча. Кароткім быў яго жыццёвы шлях, які вымяраецца 25-ю гадамі. Многія літаратары ў такім узросце толькі пачынаюць тварыць. Ён жа — закончыў. І можа, таму, што прадчуваў блізкую канчыну, спяшаўся, працаваў, не шкадуючы сябе, абы паспець сказаць тое, што хвалявала яго сэрца, што не магло не выліцца ў творы.
Максім Багдановіч нарадзіўся ў Мінску, у сям’і інтэлегентаў-педагогаў. Яго бацька займаўся збіраннем і вывучэннем беларускага фальклору і этнаграфіі, быў перадавым чалавекам, вучоным і грамадскім дзеячам. Маці скончыла вышэйшыя жаночыя педагагічныя курсы, многа чытала, мела літаратурныя здольнасці. У 1892 годзе сям’я пераехала жыць у Гродна. Тут і прайшлі чатыры гады ранняга дзяцінства будучага паэта. Затым быў Ніжні Ноўгарад, Яраслаўль.             
Калі ў 1911 годзе паэт першы раз пасля дзяцінства наведаў Радзіму, яго ўразіла старажытная Вільня. Сярод цікавых экспанатаў, рукапісаў, рэдкіх кніг і мастацкіх вырабаў увагу прыцягнула багатая калекцыя слуцкіх паясоў. Ён глядзеў на іх і думаў пра тых беларускіх дзяўчат, прымушаных днямі сядзець пад замком і крапатліва ткаць для заможных паноў цудоўныя паясы. Выйшаў з музея, а паясы — перад вачамі. І думкі, як тая плынь, увабраліся ў вершы:
Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна, —
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла вясна.
Ён быў зачараваны гукамі роднай зямлі, адчуваў сябе травінкай у бязмежнай зялёнай далечыні, імя якой — Радзіма. Вось яна, родная яго сэрцу Беларусь, аб якой ён марыў, якая яму часта снілася, да якой ён так імкнуўся. Ён стварыў вершы, поўныя шчырых і хвалюючых пачуццяў. Паэта хвалявала ўсё тое чароўнае, што тоіць у сабе прырода, ён меў здольнасць тонка ўспрымаць навакольны свет, адчуваць і разумець яго. Адной з самых любімых пораў года ў яго была зіма.
Першая сусветная вайна, якая прынесла Радзіме незлічоныя беды і страты, паўплывала на яго рашэнне пакінуць Расію і вярнуцца ў Беларусь. Пасля заканчэння вучобы ў Яраслаўскім юрыдычным ліцэі, ужо цяжка хворы, ён вяртаецца ў родную Беларусь.
Міналі дні. Максім не па кнігах вывучаў свой родны край. Жывая рэчаіснасць фарміравала яго паэтычную свядомасць. Увесь свой вольны час аддаваў паэзіі.
Ён вельмі многа працаваў. За пяць месяцаў напісаў паэму “Страцім лебедзь”, сваю лебядзіную песню… У лютым 1917 года па стану здароўя вымушаны быў ехаць у Крым на лячэнне. Ён ужо тады думаў аб смерці, але без роспачы і страху, бо ён хоць які след аставіў у жыцці — кнігу вершаў “Вянок”.
Максім Багдановіч памёр 25 мая 1917 года, на 26-м годзе жыцця. Але засталася яго паэзія, жыццесцвярджальная, светлая.
Жывеш не вечна, чалавек.
Перажыві ж у момант век!
Каб хвалявалася жыццё,
Каб больш разгону ў ім было,
Каб цераз край душы чуццё
Не раз, не два прайшло.
Жыві і цэльнасці шукай,
Аб шыраце духоўнай дбай.
Лірыка Багдановіча — вышэйшае выражэнне чалавечых пачуццяў. Яна блізкая нам, таму што шчырая. Ідзе з глыбіні сэрца і створана сапраўдным мастаком слова. Ён запальвае новыя зоры ў нашых сэрцах. Няхай яны ніколі не згаснуць. І няхай заўсёды свеціць ясная зорка паэта Максіма Багдановіча.
Да юбілею вядомага паэта супрацоўнікі бібліятэк Воранаўшчыны рыхтаваліся загадзя. Правялі шэраг мерапрыемстваў: літаратурныя вечары, святы паэзіі, літаратурна-музычныя кампазіцыі, разгорнутыя кніжна-ілюстрацыйныя выставы.
Вольга ЮРГО,
загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу
 цэнтральнай бібліятэкі.
На здымку: інсцэніроўка твора М. Багдановіча
ў Дайноўскай сельскай бібліятэцы.
Фота з архіва аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*