Народны ансамбль народнай музыкі і песні “Лявоны” адзначыў 35-годдзе

С праздником 18 августа 17 2130
1C9A2078

На юбілейнай імпрэзе гледачы сустракалі яго і развітваліся з ім стоячы. Не шкада эмоцый і авацый калектыву, які заварожвае сваім віртуозным і пранікнёным выкананнем!

Ансамбль, па-сутнасці,  утварыўся спантанна ў 1982 годзе: педагогі-мужчыны Воранаўскай дзіцячай школы мастацтваў вырашылі зрабіць сюрпрыз сваім калегам-жанчынам на 8 сакавіка. На сцэну раённага Дома культуры яны выйшлі і выступілі калектывам. І мелі вялікі поспех. Адсюль пачалося творчае жыццё ансамбля, якім з першых дзён кіраваў энергічны і таленавіты Вячаслаў Мацкевіч. “Лявоны” хутка набіралі папулярнасць. Яны спявалі на сцэнічных пляцоўках 9-ці краін Еўропы, Азіі, Амерыкі. Усюды гледача зачароўвала яго самабытнасць, шчырае і выразнае выкананне, гарманічнае гучанне народных інструментаў. Гармонік, тамбурын, жалейка, скрыпка, барабан, кантрабас тварылі цуды ва ўмелых руках таленавітых музыкантаў. Кожны інструмент надаваў музыкальнай кампазіцыі сваю прыгажосць і глыбіню. А сакавітыя галасы салістаў! Хіба ж такія часта пачуеш?..

Падчас юбілейнага канцэрта на сцэну Воранаўскага гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу да дзеючага саставу калектыву, дзе засталіся  саліст Аляксандр Кукін і цяперашні кіраўнік Аляксандр Мацюк, падняўся амаль поўны першапачатковы. Вячаслаў Мацкевіч і Мікалай Шманок (гармонік), Іван Пяцюль (жалейка), Валерый Рыхлевіч (дудка-бас), Уладзіслаў Рыхлевіч (барабан), Вацлаў Сцефановіч (кантрабас), Аляксандр Пашкевіч (скрыпічны кантрабас). Кожны з іх унёс свой уклад у гісторыю і поспех калектыву. Па статусу яны яго ветэраны, але ні па натуры. Яны ўсё тыя ж віртуозныя, непаўторныя, таленавітыя “лявоны”. Падчас выступлення пераемнікаў ім не сядзелася на месцах пачэсных гледачоў. Прытопвалі рытм нагамі, падпявалі і не скупіліся на апладысменты для сённяшніх “Лявонаў”.

Дарэчы, напачатку ў складзе ансамбля былі жанчыны. Выкладчыца музыкальнай школы Ала Лаўрушчык некаторы час іграла на скрыпцы, пасля — яе вучаніца Ірына Папова (Жыткевіч). Іх надоўга змяніў Эдуард Лі.

Разам з гасцямі-аматарамі юбіляры гарталі старонкі свайго творчага жыцця, радавалі любімымі песнямі. Гучалі іх брэндавыя “Прывітальная”, “Тры дубы”, “Туман ярам”, “Адам і Марыля”, “Воранаўскі край”. Усе, хто прыйшоў на творчы вечар каларытных музыкантаў, прыемна правялі свой час. І ўпэўніўся, “Лявоны” ўсё такія ж яркія, таленавітыя і шчырыя. І няхай трымаюць марку і надалей!

Вольга ВАРАБ’ЁВА.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

1C9A2074 1C9A2068 1C9A2066 1C9A2059 1C9A2057 1C9A2055 1C9A2052 1C9A2050 1C9A2044 1C9A2037 1C9A2036 1C9A2034 1C9A2031 1C9A2028 1C9A2024
Добавление комментария
CAPTCHA
*