Хто дбае, той i мае

Знай наших! 21 июля 15 2160


Сельскія людзі нараджаюцца, безумоўна, з любоўю да зямлі. Кожны дзень жывуць у клопатах пра яе — бо мала пасадзіць культуру, трэба дагле-дзець яе. Звычайна такія людзі сваё працоўнае жыццё прысвячаюць менавіта зямлі — шчодрай карміцельцы. Шаснаццаты год плённа і аддана служыць ёй Збыслаў Вінцэнтавіч Кутыш. Сціплага, добразычлівага працаўніка, які не баіцца мазаля, паважаюць калегі. Цэніць яго і кіраўніцтва КСУП “Эліт-Агра Больцінікі”. А воранаўцы, якія не-не ды і кінуць вока на раённую Дошку Гонару, цікуюць: “Хто ж ён, наш зямляк?”.

Малая радзіма Збыслава Кутыша — Бражэльцы. Адтуль мужчына чэрпае сілы для працы, там дзякуючы бацькам і нарадзілася любоў да зямлі. Сённяшняе яго месцажыхарства Больцінікі, хоць і аграгарадок, але мясцовасць сельская. І тут патрэбны мужчынская рука ды дбайны гаспадар. А хатнія клопаты для Збыслава Вінцэнтавіча толькі ў радасць.

Кіруючыся прынцыпам, што ў калгасе трэба працаваць, як і ля ўласнага дома, любую давераную справу выконвае акуратна і своечасова. Уся работа спорыцца ў руках трактарыста-машыніста. Разам са сваім “Амкадорам” дзе толькі не папрацуюць на працягу года. І корм ды грунт пагружаюць, і арганіку буртуюць, і салому скірдуюць. У гарачую пару не застаюцца ў баку ад нарыхтоўкі корму жывёле на зіму, трамбуюць сіласныя і сенажныя траншэі.

Працаваць, лічыць мужчына, хораша, калі дома лад ды гармонія. Чаго ўдосталь у сям’і Кутыш. З любай жонкай Ірынай выгадавалі і паставілі на ногі двух сыноў. Калі ўзнікалі цяжкасці, пераадольвалі іх разам. Ганарацца сынам Аляксандрам, кемлівым і дасціпным хлопцам, які скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. Танка, там працуе і працягвае навучанне ў аспірантуры. Побач з бацькамі малодшы Андрэй — свядома вырашыў працаваць у гаспадарцы.

— Жыццё, — упэўнены Збыслаў Вінцэнтавіч, — хоць  надта і не песціць, але ўсё ж шчасцем не абдзяляе. Ёсць любімая праца, дзеці зарабляюць на свой кусок хлеба, шануюць бацькоў. А што яшчэ больш патрэбна чалавеку для радасці?..

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*