Жнiвеньскiя клопаты i радасцi старшынi

Знай наших! 13 августа 13 3028

Сельгасвытворчы кааператыў “Больцішкі” на сённяшні час адна з дынамічна развіваючыхся гаспадарак раёна, неаднаразова ў ліку лепшых адзначалася на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Такое высокае прызнанне — за-слуга ўсіх працаўнікоў кааператыва і яго старшыні Анджэя Вількевіча, які за выдатныя вынікі ў сельскагаспадарчай вытворчасці ўганараваны быць на раённай Дошцы Пашаны.

З чаго ж складваецца поспех, ці такі ўжо “смачны старшынёўскі хлеб”?

У аграгарадок Больцішкі пад кантору мы прыехалі 8 жніўня дзесьці а палове сёмай, неўзабаве  ўжо падышоў і сам старшыня.

— Анджэй Феліксавіч, у колькі ж гадзін Вы ўчора прыйшлі дадому?

— У 23.30, затрымаўся на зерняскладзе. Трэба было падлічыць намалот за дзень, арганізаваць бесперапынную сушку зерня ў начную змену, каб своечасова адправіць яго ў лік дзяржзаказу, лінію ачысткі правяралі, пытанняў падчас уборкі хапае... Колькі сплю? Пяці гадзін на сон дастаткова. Праўда, дзяцей мала бачу, прыходжу — яны ўжо спяць, іду на працу — яшчэ спяць.


— Атрымоўваецца, што памочнік з Вас у хаце...

— Амаль  ніякі, — смяецца Анджэй Феліксавіч. — Аднак ужо 7 гадзін, пара ў дыспетчарскую, на планёрку.

Дваццаці хвілін, а мо, і менш, хапіла старшыні, каб аператыўна выслухаць усіх галоўных спецыялістаў гаспадаркі, вызначыць праблемныя пытанні і як яны будуць вырашацца. Галоўнае ж, як падкрэсліў кіраўнік, завяршыць уборку, аператыўна перапрацаваць намалочанае зерне. Канкрэтныя даручэнні былі дадзены па ўборцы саломы, нарыхтоўцы кармоў...

— Планёрка ў вас заўсёды так спакойна праходзіць? — пытаюся ў галоўнага агранома Віталя Ненартовіча:

— Ніколі не заўважаў, каб старшыня вельмі павысіў голас, накрычаў на каго-небудзь, а тым больш абразіў крыўдным словам. Без прычыны ніколі не зробіць заўвагі, калі і атрымаеш “наганяй”, то па справядлівасці. Выдатны кіраўнік, асабіста для мяне ён яшчэ і добры настаўнік, вучуся ў яго тактоўнасці, адносінам да працы, культуры ў паўся-дзённым жыцці.


Сказана трапна і ад душы, таму і западозрыць маладога спецыяліста ў нейкім падхалімажы было б памылкай. Бо па неаднаразовых сустрэчах з Анджэем Феліксавічам заўсёды ўражаны яго прафесійнай кампетэнтнасцю, шчырасцю, ветлівасцю, упэўненасцю, уменнем не скардзіцца на абставіны, а дзейнічаць на карысць выбранай справе.

— Анджэй Феліксавіч, то як жа склалася для Вас сёлетняе жніво?

— Па ўраджайнасці (41,5) недабярэм 2,2 центнера, па валу (5 333 т) будзе, прыкладна, тон на 600 менш. Недабор невялікі, асноўная прычына — азімыя культуры, працэнтаў 30 якіх прыйшлося перасеяць. Праўда, добра перанёсшыя зіму асобныя плошчы пшаніцы і трыцікале далі каля 46 цэнтнераў з гектара, а вось яравыя культуры да гэтага ўзроўню не дацягнулі. Парадаваў сваёй таварнасцю азімы рапс, яго ўраджайнасць у цэлым хоць і ніжэй мінулагодняга, але з некаторых палёў сабіралі і звыш 50 цэнтнераў. Галоўнае цяпер — своечасова пасеяць гэтую рэнтабельную культуру, для нашай зоны аптымальныя тэрміны — з 11 па 16 жніўня, думаем за 5-6 дзён справіцца (па стану на 12 жніўня ў гаспадарцы было ўжо пасеяна 37       гектараў з 260 запланаваных. — Прыкм. аўт.).


Увогуле жніво мы правялі за 19 дзён, працавала 6 камбайнавых экіпажаў, з іх — 3 маладыя. Звыш тысячы тон зерня намалацілі Ген-рых Суркант і Віктар Міндзюль, Дзмітрый і Станіслаў Мецюны, Іван Вількель і Антон Нявера, Станіслаў Грышко і Алег Нядзелька, Віктар і Віталь Водкевічы. Ёсць у нас і вадзіцель-тысячнік — гэта Віктар Ладыш. Добра папрацавалі і работнікі зернесушыльнай гаспадаркі, таму аператыўна спраўляемся з пастаўкамі збожжа дзяржаве. Усім працаўнікам вялікі дзякуй за паспяховае жніво, а самых лепшых чакаюць яшчэ і ўзнагароды на свяце “Дажынкі”, якое мяркуем правесці ў бліжэйшыя выхадныя ў  Больцішскім Доме культуры.

За праведзеныя побач з Анджэем Феліксавічам амаль 6 гадзін, якія ўмясцілі ў сябе яшчэ і чарговае пасяджэнне праўлення кааператыва, яго адказы на мае шматлікія пытанні, а таксама паездкі на поле да камбайнераў, на будуючыяся аб’екты жывёлагадоўлі, бульбасховішча, камбікормавы цэх, увачавідкі пераканаўся:чалавек на сваім месцы, і людзям вельмі пашанцавала з такім кіраўніком. Узяць тую ж зарплату, якая за паўгоддзе склала ў сярэднім за месяц 3 мільёны 538 тысяч рублёў з улікам  і часова працуючых. Стабільныя заробкі ў жывёлаводаў, не пакрыўджаны і механізатары. Тут ужо залежыць ад самога чалавека, яго адносін да працы. Хто хоча зарабіць, той заробіць, магчымасці для гэтага створаны ў гаспадарцы кожнаму. Наогул жа, працоўны калектыў кааператыва, бадай, самы малады ў раёне, у сярэднім за 46 гадоў, а галоўныя спецыялісты значна маладзейшыя. Паважаюць тут і пенсіянераў. Пры жаданні яны могуць працаваць, атрымоўваюць дапамогу і ў вядзенні асабістай гаспадаркі.

Адным словам, для старшыні, што датычыцца гаспадаркі, не існуе пабочных пытанняў. Сярод іх так неабходнае  будаўніцтва новага дзіцячага садзіка — нехапае месцаў для ўсіх жадаючых. Прыбліжаўся час абеду. І мы заехалі ў цяперашні сад, дзе нарэшце Анджэй Феліксавіч пабачыўся з трохгадовай дачушкай Арынай.


— Ведаю мужа яшчэ па школьных, потым студэнцкіх гадах, пажаніліся на першым курсе, і вось сумесная праца ў гаспадарцы, — пяшчотна кажа Святлана Станіславаўна. —  Добра разумею яго вялікую адказнасць за справы, за людзей. Стараюся ва ўсім дапамагчы. Прывыкла ўжо і ніколькі не крыўдую, што мала і ў хаце бывае, ўсё больш на працы. І ўсё ж ён — самы лепшы ў свеце муж, самы добры бацька для Караліны і Арыны. Любім і жадаем толькі здароўя і поспехаў.

Вікенцій ЯКОВІЧ.

На здымках: А. Вількевіч на планёрцы; на ферме  “Пеляса”; будуецца новае бульбасховішча;  добрае слова на фінішы жніва камбайнерам А. Нявера,

Дз. Мецюну, Р. Шымілевічу, С. Мецюну, Г. Сурканту і Ф. Івашка;  няма нічога вышэй бацькоўскага шчасця.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Комментарии
гриша
Ды не хай гэтыя карэспандэнты кали не будзь паслухаюць планерку у камгасе вось будзе у их радасци и шчасця
Миха
Приехали бы корреспонденты "знянацку" так сказать в Элит-Агро Больтеники утречком когда там планерка проходит,для контраста,там есть чего послушать и чему удивиться! )))))
Добавление комментария
CAPTCHA
*